Сяргей Міхайлавіч Шпігельглас
Сяргей Міхайлавіч Шпігельглас | |
---|---|
Дата нараджэння | 14 (26) красавіка 1898 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 29 студзеня 1941 (42 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Альма-матар | |
Грамадзянства | |
Род войскаў | Народны камісарыят унутраных спраў СССР |
Званне | маёр дзяржаўнай бяспекі[d] |
Камандаваў | Першае галоўнае ўпраўленне КДБ СССР[d] |
Сяргей Міхайлавіч Шпігельглас, па нараджэнні Саламон Мендэлевіч Шпігельглаз[1] (14(26) красавіка 1898[1], Гродна[1] — 29 студзеня 1941, палігон «Камуранка», Масква; Аператыўны псеўданім: Дуглас) — высокапастаўлены супрацоўнік УНК-АДПУ-НКУС, маёр дзяржаўнай бяспекі. Служыў у разведцы (ЗАМА НКУС).
Адзін з кіраўнікоў аперацый па ліквідацыі перабежчыкаў і невяртанцаў з ліку супрацоўнікаў савецкіх спецслужбаў. Падчас рэпрэсій у НКУС (1937—1938) у 1938 годзе арыштаваны і ў 1941 годзе расстраляны.
Раннія гады
[правіць | правіць зыходнік]Бацька, Моўша-Мендл Абрамавіч-Беркавіч Шпігельглаз — служачы, працаваў бухгалтарам, але пазней Саламон у анкеце называў яго літаратарам. Маці, Ганна Юдэлеўна з Янкоўскіх, у 1904 годзе атрымала дыплом зубнога лекара і мела прыватную практыку. Зубным лекарам быў і дзядзька, Навум Абрамавіч Шпігельглаз, ён таксама рэдагаваў профільны часопіс «Зубоврачебный вестник» і друкаваў тэматычную літаратуру. Нарадзіўся Саламон не ў Мастах, як звычайна даецца, а ў Гродне, так запісана ў пасведчанні мясцовага рабіна, а да Мастоўскай мяшчанскай грамады быў толькі прыпісаны. Неўзабаве па нараджэнні Саламона сям’я пераехала з Гродна ў Варшаву.[1]
З 14 жніўня 1907 да 30 красавіка 1915 года вучыўся ў 1-м Варшаўскім рэальным вучылішчы. Меў у атэстаце пароўну троек і чацвёрак. У 1914/1915 навучальным годзе пачалася 1-я сусветная вайна. У эвакуацыю Шпігельглас спачатку трапіў у Віцебск, адтуль ў падмаскоўны Паўлаўскі Пасад, дзе наймаў пакой у доме гарадскога суддзі. Застаўся без сродкаў і ў дакументах пісаўся як «бежанец з Варшавы, які жыве на ўтрыманні стрыечнага брата». З 31 жніўня 1915 да 1 мая 1916 года давучваўся ў 2-м Варшаўскім рэальным вучылішчы, часова размешчаным у Шалапуцінскай гімназіі на Пірагоўцы. Падцягнуў вучобу, гэтым часам меў у асноўным чацвёркі і пяцёркі. Нязменнай заставаліся толькі тройка па рускай мове і пяцёрка па Законе Божым.[1]
Пасля заканчэння вучылішча не мог паступаць ва ўніверсітэт з фармальнай прычыны — мусіў раней вывучаць старажытныя мовы або, прынамсі, здаць па іх нарматыў. У верасні 1916 года запісаўся на юрыдычны факультэт Маскоўскага універсітэта вольным слухачом, а ў лістападзе 1916 годзе здаў іспыты па латыні на мінімальны неабходны бал (тройку) і залічаны студэнтам. Праз германскі наступ мяжа аселасці фактычна знікла, хоць фармальна ліквідавана пазней, адной з першых пастаноў Часовага ўрада, таму Шпігельглас не быў змушаны да фармальнага пераходу ў хрысціянства, каб абысці працэнтную норму ва ўніверсітэце.[1] Свабодна ведаў польскую, нямецкую і французскую мову. Удзельнічаў у рэвалюцыйным руху, некалькі разоў яго арыштоўвала паліцыя.
Вучыўся, аднак, толькі год. Напярэдадні чарговага прызыву студэнтаў, Шпігельглас збіраўся паступіць вольнаслужылым у 5-ы сапёрны запасны батальён у цвярской Старыцы, але 18 мая 1917 года прызваны з 1-га курса ўніверсітэта на агульных падставах у дзейную армію, у чэрвені 1917 года залічаны юнкерам у Пецяргофскую школу прапаршчыкаў. У захаваных паслужных спісах няма звестак пра ўзвядзенне Шпігельгласа ў афіцэрскі чын.[1] Служыў у 42-м запасным палку.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працаваў у Ваенным кантролі (Службе контрразведкі РСЧА). У 1918 годзе ўступіў у РКП(б). У 1920 годзе Шпігельглас падаваў заяву пра прыём на медыцынскі факультэт, а ў 1921/1922 навучальным годзе лічыўся студэнтам фізіка-матэматычнага факультэта, аднак вучобу так і не скончыў[1].
Кар’ера ў УНК-АДПУ-НКУС
[правіць | правіць зыходнік]1920-я гады
[правіць | правіць зыходнік]Пасля зліцця ў 1920 годзе Ваеннага кантролю з ваенным аддзелам УНК, Шпігельглас стаў начальнікам фінансавага аддзялення асобага аддзелу УНК[2]. Як супрацоўнік УНК выязджаў з аператыўнымі групамі ў гарады і раёны поўдня, захаду і цэнтру Расіі, удзельнічаў у падаўленні контррэвалюцыйных змоў і мяцяжоў, у распрацоўках асоб, падазраваных у належнасці да контррэвалюцыйных арганізацый[Заўв. 1]. З 1921—1922 гадах Шпігельглас упаўнаважаны УНК у Беларусі[1].
З 1922 года супрацоўнік замежнага аддзела (ЗАМА) УНК. Да 1926 года працаваў у Манголіі, удзельнічаў у перарыванні дзейнасці белагвардзейскіх фарміраванняў у гэтай краіне; па агентурных каналах інфармаваў Цэнтр пра становішча ў Манголіі, пра стратэгічныя планы Японіі і Кітая на Далёкім Усходзе. Акрамя гэтага Шпігельглас займаўся фарміраваннем мангольскіх спецслужбаў. Па вяртанні ў СССР працягваў працаваць у знешняй разведцы. З верасня 1926 года — памочнік начальніка ЗАМА АДПУ.
1930-я гады
[правіць | правіць зыходнік]З 1936 года быў намеснікам начальніка ЗАМА ГУДБ НКУС СССР. Пасля забойства 17 лютага 1938 года начальніка ЗАНА А. А. Слуцкага быў прызначаны часовым выканаўцам пасады начальніка ЗАНА.
Падчас кампаніі сталінскага тэрору Шпігельглас адказваў за «літарныя аперацыі», то бок такія «асабліва важныя мерапрыемствы»[3] на слэнгу савецкіх спецслужбаў, як ліквідацыя і выкраданне эмігрантаў і перабежчыкаў. Сярод аперацый, якія яму прыпісваюць розныя крыніцы, былі:
- 1937, жнівень, забойства ў Францыі перабежчыка-былога рэзідэнта ЗАНА НКУС у Стамбуле Георгія Агабекава. Цела Агабекава не знойдзена, а вядомыя версіі забойства супярэчаць адна другой.
- 1937, няўдалая спроба забойства Льва Троцкага
- 1937, 4 верасня, забойства ў Швейцарыі перабежчыка-былога супрацоўніка ЗАНА НКУС Ігнат Рэйса, які парваў са Сталіным з ідэйных меркаванняў.
- 1937, 22 верасня, выкраданне ў Парыжы старшыні РАВС генерал Я. К. Мілера. Мілер нелегальна вывезены з Францыі ў СССР, утрымліваўся ва ўнутранай турме на Лубянцы без прад’яўлення абвінавачвання і 11 мая 1939 года расстраляны без суда.
- 1937, атрыманне так званага Тастамента Секта[Заўв. 2].
- 1937, верасень, забойства агента ЗАНА ў РАВС генерала М. У. Скобліна, удзельніка выкрадання генерала Мілера. Цела Скобліна не знойдзена, вядомыя версіі забойства супярэчаць адна другой.
- У пачатку 1937 года па рэзалюцыі С. М. Шпігельгласа Герман Клесмет пачаў падрыхтоўка ліквідацыі Івана Саланевіча. Падрыхтоўка ў Сафіі доўжылася каля дзесяці месяцаў. 3 лютага 1938 годзе ў дом на бульвары цара Івана Асеня II, дзе жыла сям’я Саланевічаў і знаходзілася рэдакцыя газеты, пад выглядам кніг для Івана Саланевіча дастаўлена бомба. Бомба выбухнула, калі сакратар Мікалай Міхайлаў адкрываў пасылку. Арганізатары выбуху спадзяваліся, што пасылку будзе адкрываць сам Іван Саланевіч, але ён тым часам, насуперак звычаю, спаў, бо позна лёг, і ад выбуху загінулі М. Міхайлаў і жонка Саланевіча Тамара. Іван і яго сын Юрый не пацярпелі, а брат Барыс да таго часу ўжо жыў у Бельгіі. Паліцыя не здолела вызначыць, хто прынёс бомбу. Падазравалі і тых членаў РАВС, якія хацелі забіць Саланевічаў раней. Паліцыя канфіскавала ўсю валюту Саланевічаў, назапашаную на чорны дзень, прадметы абстаноўкі. У стане крайняй прыгнечанасці і боязі новых замахаў, Іван Саланевіч атрымаў візу ў Германію (дзе пасля выбуху і гібелі Тамары падазрэнні з Саланевічаў былі знятыя) і 9 сакавіка 1938 года з сынам пакінуў Балгарыю.
- 1938, май, забойства ў Ратэрдаме лідара АУН Яўгена Канавальца. Непасрэднымі выканаўцамі былі Павел Судаплатаў і Аляксандр Цімашкоў.
- 1938, ліпень, забойства аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў Чацвёртага Інтэрнацыяналу, паплечніка Льва Троцкага Рудольфа Клемента[4].
На думку брытанскага гісторыка Дональда Рэйфілда, «крывавыя і бесцырымонныя» дзеянні Шпігельгласа ў 1937—1938 гадах прычыніліся прыкметнаму пагаршэнню адносін СССР з Францыяй і Швейцарыяй[5].
Шпігельглас займаўся таксама падрыхтоўкай разведчыкаў-нелегалаў, выкладаў у разведвальнай школе. Сярод яго вучняў — Авенір Бенігсен[Заўв. 3]. З успамінаў ветэрана савецкай разведкі Віталя Паўлава:
Сярод лектараў былі і супрацоўнікі знешняй разведкі, якія, як мы пасля пераканаліся, не толькі вучылі нас «розуму», але і вельмі ўважліва прыглядаліся да кожнага слухача. Асабліва скурпулёзным быў, я б сказаў, выконваючы абавязкі начальніка ЗАМА ГУДБ НКУС СССР Сяргей Міхайлавіч Шпігельглас[6].Арыгінальны тэкст (руск.)Среди лекторов были и сотрудники внешней разведки, которые, как мы впоследствии убедились, не только учили нас «уму-разуму», но и очень внимательно присматривались к каждому слушателю. Особенно дотошным был, я бы сказал, исполнявший обязанности начальника ИНО ГУГБ НКВД СССР Сергей Михайлович Шпигельглас.
Арышт і гібель
[правіць | правіць зыходнік]Пасля раптоўнай смерці А. А. Слуцкага (17.2.1938) пачасціліся выпадкі ўцёкаў супрацоўнікаў НКУС за мяжу, так 12.6.1938 года ўцёк у Японію начальнік НКУС Далёкаўсходняга краю Георгій Люшкоў, а 14.7.1938 года — у Францыю, а затым у ЗША рэзідэнт НКУС у Мадрыдзе А. М. Арлоў (Леў Лазаравіч Фельдбін, ён жа Леў Лазаравіч Нікольскі)[7]. М. С. Шпігельглас арыштаваны 2 лістапада 1938 года, абвінавачаны ў «супрацоўніцтве з замежнымі разведкамі і ўдзеле ў трацкісцкай змове ў НКУС». Асуджаны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда да вышэйшай меры пакарання за «здраду Радзіме, удзел у змоўніцкай дзейнасці, шпіянаж і сувязь з ворагамі народа». Расстраляны 29 студзеня 1941 года на палігоне «Камунарка»[8].
Рэабілітаваны ў 1956 годзе. С. М. Шпігельгласу зроблена сімвалічнае пахаванне-кенатаф у калумбарыі Новых Данскіх могілак у Маскве, дзе пахавана яго жонка Лізавета Маркаўна (1900—1967) і дачка Аляксандра Сяргееўна, у шлюбе Праваторава (1923—1984).
У кінематографе
[правіць | правіць зыходнік]- Эмануіл Вітарган у тэлесерыяле Дзеці Арбата, (Расія, 2003).
- Алег Шклоўскі у тэлесерыяле Зачараванне зла, (Расія, 2005).
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ У службовай характарыстыцы, датаванай лютым 1920 года, адзначалася: «Тов. С. М. Шпигельглас состоял сотрудником Особого отдела и членом фракции РКП(б), проявив себя честным и заслуживающим доверие работником» (Паводле: Линдер И. Б., Чуркин С. А. Диверсанты. Легенда Лубянки — Яков Серебрянский.
- ↑ «Ещё в 1937 году советской разведкой под руководством заместителя начальника ИНО НКВД Шпигельгласа были добыты важные документальные сведения об оперативно-стратегических играх, проведённых командованием рейхсвера (позже вермахта). Этим документам суждено было сыграть значительную роль в развитии событий и изменении действий нашего руководства перед Германо-советской войной. После оперативно-стратегических игр, проводившихся фон Сектом, а затем Бломбергом, появилось „завещание Секта“, в котором говорилось, что Германия не сможет выиграть войну с Россией, если боевые действия затянутся на срок более двух месяцев и если в течение первого месяца войны не удастся захватить Ленинград, Киев, Москву и разгромить основные силы Красной Армии, оккупировав одновременно главные центры военной промышленности и добычи сырья в европейской части СССР.» (Паводле: Судоплатов П. А. Спецоперации. Лубянка и Кремль 1930—1950 годы)
- ↑ Многія сумняюцца ў існаванні такога разведчыка, бо адзіная крыніца пра яго кніга А. Шнэер, «Из НКВД в СС и обратно: из рассказов штурмбаннфюрера»
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з Баринов 2022.
- ↑ Шарапов Э. П. Наум Эйтингон — карающий меч Сталина
- ↑ (Терминология и сленг спецслужб Архівавана 27 студзеня 2016.)
- ↑ «ПОХИЩЕНИЕ ТОВ. КЛЕМЕНТА»
- ↑ Рейфилд Д. Р. "СТАЛИН И ЕГО ПОДРУЧНЫЕ"(руск.). p. 335. Праверана 2017-07-31.
- ↑ Павлов Виталий. Операция «Снег». — М.: Гея, 1996.
- ↑ Рейфильд Д., «Сталин и его подручные». — С. 335
- ↑ Биография С. М. Шпигельгласа на сайте СВР РФ
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Павел Судоплатов. Разведка и Кремль. — М.: Гея, 1996. ISBN 5-85589-024-4 .
- Шарапов Э. П. Наум Эйтингон — карающий меч Сталина. — СПб.: Нева, 2003. ISBN 5-7654-3121-6 .
- Саусверд Феликс. Слоны и пешки. Страницы борьбы германских и советских спецслужб. — М.: Харвест, АСТ, 2000.
- Рудольф Баландин, Сергей Миронов. «Клубок» вокруг Сталина. — М.: Вече, 2006. ISBN 5-9533-1252-0 .
- Дамаскин И. А. 100 великих операций спецслужб. — М.: Вече, 2002. ISBN 5-7838-0961-6 .
- Дональд Рейфилд. Сталин и его подручные = Stalin and his hangmen. — М.: Новое литературное обозрение, 2008. — 500 с. — 1 500 экз. — ISBN 978-5-86793-651-8.
- Линдер И. Б., Чуркин С. А. Диверсанты. Легенда Лубянки — Яков Серебрянский. — М.: Рипол-Классик, 2011. ISBN 978-5-386-02669-1 .
- Михаил Болтунов. «Вымпел» — диверсанты России. — М.: Эксмо, Яуза, 2003. ISBN 5-699-04010-2.
- Владимир Антонов, Владимир Карпов. Тайные информаторы Кремля. Нелегалы. — М.: ОЛМА-ПРЕСС Образование, 2002. ISBN 5-94849-019-X .
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Баринов И. Сергей Шпигельглас: чекист из Гродно // Запісы беларусаведа, 15.07.2022.
- Біяграфія і фота на сайце СЗР Расіі
- Біяграфія на сайце Хронос
- Шпігельглаз Сяргей Міхайлавіч сайт некрополь.инфо