Сіка (народ)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сіка
(Ata Sikka)
Фота першай паловы XX ст.
Агульная колькасць 255 тыс. чал. (2022 г.)
Рэгіёны пражывання Флорэс
Мова сіка
Рэлігія анімізм, каталіцызм
Блізкія этнічныя групы мангарай, ламахолат, палуэ

Сіка (саманазва: Ata Sikka) — аўстранезійскі народ, карэнныя насельнікі цэнтральнай і паўночнай частак вострава Флорэс. Агульная колькасць у Інданезіі (2022 г.) — 255 тысяч чалавек[1].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Сіка склаліся як адзіны народ у выніку інтэграцыі некалькіх аўстранезійскіх племянных супольнасцей паўночнага Флорэса ў выніку існавання дзяржаўнага ўтварэння з цэнтрам у паселішчы Сіка ў XVII — пачатку XX стст. Значную ролю ў гэтым адыграла супрацьстаянне з плямёнамі ліё, чый дзяржаўны цэнтр знаходзіўся ў Эндэ. Разам з гэтым, доўгі час існавала ўнутранае супрацьпастаўленне хрысціянскага і паганскага насельніцтва, жыхароў гор і узбярэжжа.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Сіка насяляюць тэрыторыі з выразнай зменай вільготнага і сухога сезонаў. Апошні цягнецца з сакавіка да лістапада і суправаджаецца засухай, якая асабліва адчувальна на ўзбярэжжы. Галоўным заняткам мясцовага насельніцтва здаўна была сельская гаспадарка, прычым важную ролю адыгрывала вырошчванне засухаўстойлівых бабовых. У пачатку XX ст. галандскія каланіяльныя ўлады садзейнічалі распаўсюджанню культуры какосавай пальмы. У нашы дні часцей вырошчваюць кукурузу, батат, гародніну, на абрашальных землях — рыс. У вельмі засушлівых раёнах сіка арыентаваны на жывёлагадоўлю. У астатніх выпадках яна мае выключна дапаможную функцыю. Жыхары ўзбярэжжа займаюцца рыбалоўствам і гандлем. Традыцыйна былі развіты такія рамёствы, як пляценне, ткацтва, ганчарства. Прычым, у мінулым яны лічыліся жаночымі заняткамі.

Сучасныя вёскі будуюць на вяршынях пагоркаў або ўдоўж дарог. Характэрна выцягнутая планіроўка. У мінулым у цэнтры вёсак будавалася па-майстэрску аздобленая хаціна, каля якой знаходзіліся вясковы гонг і камень для шанавання, тут збіраліся мужчыны паселішча. Традыцыйныя жытлы чатырохкутныя, узводзяцца на па́лях. У заходніх сіка інтэр'ер уключае калідор і галоўны пакой. Двары часцяком аддзелены невялікім каменным парканам.

У перыяд існавання дзяржавы Сіка адбылося значнае распластаванне грамадства. Яно падзялялася на высакародных ata mo'ang, простых людзей ata riwung і рабоў ata maha. Апошнімі станавіліся запазычальнікі і ваеннапалонныя. Зямля належала буйным памешчыкам tana pu'ang. У пачатку XX ст. склалася сістэма кіравання, калі манарху-раджы падпарадкоўваліся прызначаныя ім капітаны, на чале вёсак стаялі выбраныя старасты. У нашы дні ўсе грамадзяне лічацца фармальна роўнымі.

Сустракаюцца як вялікія пашыраныя, так і малыя нуклеарныя сем'і. Пашыраныя часцей узнікалі ў асабліва засушлівых мясцінах, дзе малая колькасць ворыўных зямель і вады для абрашэння абмяжоўвала магчымасць падзяляць палеткі. Сем'і раджаў часам налічвалі да 50 чалавек. Але звычайная сям'я складалася прыкладна з 10 чальцоў. У сіка маюцца роды ku'at wungung, але іх сацыяльная роля нязначная. Шлюбу папярэднічае выкуп нявесты за грошы. У сваю чаргу, яна абавязана прынесці ў новую сям'ю матэрыяльны пасаг. У багатых сем'ях ім могуць стаць каштоўныя рэчы і ўпрыгожванні, у бедных — тканіны. Пасля шлюбу муж часцяком жыве ў сям'і жонкі пакуль не ўладкуе сваю гаспадарку. Адлік сваяцтва і перадача спадчыны адбываюцца па мужчынскай лініі. Распаўсюджаны звычай, калі малодшыя сыны пасля сталення або шлюбу сыходзяць з сям'і, а старэйшыя працягваюць жыць з бацькамі і ў выніку атрымоўваюць большую частку спадчыны.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Хаця ў XX ст. этнолагі спрабавалі рэканструяваць дахрысціянскую рэлігію сіка, але вынікі іх прац застаюцца вельмі спрэчнымі, паколькі дахрысціянскія вераванні да таго часу вельмі трансфармаваліся. Захоўваюцца вера ў духаў прыроды і магію, культ камянёў, звычаі ахвярапрынашэння продкам у форме дробных падарункаў, што прыносяць на могілкі. У мінулым існаваў звычай абразання падлеткаў. З XVII ст. распаўсюджваецца каталіцызм. У нашы дні ён з'яўляецца важным этнічным чыннікам, які адрознівае сіка і іншых жрысціян Флорэса ад мусульманскай большасці ў Інданезіі. У раёне Маўмерэ шырока распаўсюджаны культ Дзевы Марыі.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]