Мае даўжыню 13-14 см, вагу каля 10-18 грамаў. Дробная (драбней вераб’я) птушка з сінімі надхвосцем і хвастом. У самца ярка-сіняе апярэнне верхняй часткі цела, на плячах, гузцы і хвасце. Сіняя афарбоўка апярэння цямней за ўсё на шчоках і па баках шыі. Ніжняя частка цела сметанковага колеру з ярка-аранжавымі бакавымі бакамі. Над ілбом і вачыма праходзіць белая паласа.
У самкі апярэнне верхняй часткі цела аліўкава-карычневага колеру, святлей унізе. Гузка і хвост сіняватага колеру, бакавіцы аранжавыя. Маладыя птушкі падобныя на маладых, плямістых заранак.
Песня — набор свістаў. Характэрныя спевы сіняхвосткі пачынаюцца вельмі ціха, затым пераходзяць да гучнай пошчакі «тры-ліі, тры-ліі» і зноў ціха сканчаюцца. Птушка спявае і днём і ноччу, седзячы часцей на вяршыні дрэва. Крык — гучнае «фьіць-трр»[1].
Сіняхвостка мае вялікую вобласць распаўсюджання, якая распасціраецца ад Эстоніі і Фінляндыі праз Сібір да Японіі і Карэі. На поўдні яна распаўсюджаная ў Казахстане, Пакістане, Індыі, Непале і Тайландзе. Гэта нясмелая птушка, якая насяляе густыя хваёвыя і яловыя лясы, вільготныя нетры.