Траецкая вуліца (Гомель)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Траецкая вуліца — вуліца ў старосцінскім і раннім румянцаўскім Гомелі. Вядомая па пісьмовых крыніцах з другой паловы XVII ст. Існавала прынамсі да канца XVIII ст., калі адбылася маштабная перабудова гістарычнага Гомеля.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Час узнікнення, як самой вуліцы, так і яе назвы застаецца нявысветленым. Першыя вядомыя на сёння пісьмовыя згадкі пра яе прыпадаюць на другую палову XVII ст. і звязаныя з «Інвентаром Гомельскага староства» 1681 года. На той час на ёй размяшчаліся 16 падворкаў гомельскіх мяшчан і 1 падворак шляхціца Міхала Кіцлажэўскага, а таксама царква[1][2]. Згодна з «Актам інвентара Гомельскага староства» 1738 года колькасць падворкаў тут складала 23 (у тым ліку 1 пуставаў, а 4 значыліся за ўдовамі)[3]. «Люстрацыя Гомельскага староства» 1765 года і «Інвентар Гомельскага староства» 1771 года зафіксавалі на Траецкай вуліцы толькі 14 падворкаў, уключна з сядзібай святара Траецкай царквы («Markowski Pop Troiecki»)[4][5]. Без падворнага пераліку згадваецца ў «Адказной кнізе на Гомельскі маёнтак» 1776 года[6].

Прозвішчы ўладальнікаў падворкаў даюць магчымаць уявіць прафесійную прыналежнасць жыхароў вуліцы: Павел Златар, Янка Каваль (1681 г.)[2]; Васіль Бетан Каваль, Васіль Бетан Кушнер, Хведар Халхун Каваль (1738 г.)[3]; Стэфан Каваль, Ярохім Кравец (1765 г., 1771 г.)[4][5].

2 верасня 1737 года на вуліцы Траецкай пачаўся пажар, які спрычыніўся ад значных страт усяму Гомелю[7].

Паходжанне назвы[правіць | правіць зыходнік]

Назва паходзіць ад Траецкай царквы, якая размяшчалася на ўсходнім канцы вуліцы, амаль каля замкавых сценаў[1]. На пісьме па-польску назва падавалася як «Troiecka»[3][4][5], па-руску — як «Троецкая»[6]. Прыкладаў напісання назвы па-старабеларуску пакуль не выяўлена.

Лакалізацыя[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзілася ў паўночнай частцы тагачаснага Гомеля на поўдзень ад Чачэрскай і на поўнач ад Спаскай вуліц, прасціраючыся між Рынкам і сістэмай гарадскіх умацаванняў, што адпавядае адрэзку між сучаснымі філіялам Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый і скверам Кірылы Тураўскага каля драматычнага тэатра[1][8][9]. Зафіксавана на плане Гомеля 1799 года без подпісу назвы[8].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. — изд. 4-е, испр. и дополн.— Гомель : Барк, 2018. — С. 170.
  2. 2,0 2,1 Перечень дворовладельцев в Гомеле по «Инвентарю староства Гомельского…» 1681 г. // Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. — изд. 4-е, испр. и дополн.— Гомель : Барк, 2018. — С. 237.
  3. 3,0 3,1 3,2 Akta Inwetarza Starostwa Homielskiego w Powiecie Rzeczeckim Lezącego, 1738 r. // Lietuvos valstybės istorijos archyvas. F. 11, ap. 1, b. 1058, l. 1290v.
  4. 4,0 4,1 4,2 Lustracya Starostwa Homelskiego, 1765 r. // Lietuvos Valstybes Istorijos Archyvas — katalog. SA 3787, l. 2.
  5. 5,0 5,1 5,2 Inwentarz Starostwa Homelskiego z 1771 r. // Львівська національна наукова бібліотека України імені Василя Стефаника. Відділ рукописів. Ф. 5, №5180/II, арк. 1.
  6. 6,0 6,1 З «Адказной кнігі на Гомельскі маёнтак П.А. Румянцава» 1776 г. // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Гомеля. У 2 кн. Кн. 1-я — Мінск : БЕЛТА, 1998. — С. 123.
  7. Заявление от имени князя Чарторыйскаго о пожаре в местечке Гомле // Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. — Вильна : В типографии А. Г. Сыркина, 1874. — T. VII. — С. 447—448.
  8. 8,0 8,1 План местечка Гомля, 1799 г. // Морозов, В. Ф. Гомель классический: эпоха, меценаты, архитектура / В. Ф. Морозов. — Минск : Четыре четверти, 1997. — С. 48-49.
  9. Гомель. Атлас туриста. / Справоч. изд. Ред. Ю. М. Нестеровская. — Минск : РУП «Белкартография», 2019. — С. 19.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. — изд. 4-е, испр. и дополн.— Гомель : Барк, 2018. — С. 170.