Пажар у Гомелі (1737)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Пажар 1737 года ў Гомелі — моцны пажар, які здарыўся 2 верасня 1737 года ў Гомелі, знішчыў значную частку горада.

Прычына пажару і страты[правіць | правіць зыходнік]

Пажар пачаўся 2 верасня 1737 г. а 23-й гадзіне на вуліцы Траецкай, дзе загарэўся адзін з дамоў. Прычынай узгарання, як адзначаў камісар Гомельскага староства Юры Трабчаны Няўстрой, стала «жаночае нядбальства» («nierostoropność białogłowska») — жыхарка Гомеля, вядомая як Сямёнава, сушыла ўначы грыбы і праз неасцярожнасць запаліла свой дом.

Агонь перакінуўся на іншыя будынкі, нарабіўшы шмат шкоды гораду: «спаліў і ў попел ператварыў» мясцовы касцёл, тры праваслаўныя царквы, два скарбовых шынкі, некалькі свірнаў, арэнды з алкагольнымі напоямі («liqworami»), рухомай маёмасцю, броварамі і катламі, крамы з таварамі, а таксама некалькі соцень жылых дамоў (па ўсім відаць, разам з гаспадарчымі пабудовамі).

Сведчаннем пра людскія страты з’яўляецца пералік падворкаў Гомеля ў люстрацыі 1738 г., дзе шмат грунтоў было запісана за ўдовамі ці за гаспадарамі, што атрымалі падворкі па кімсьці, а некаторыя грунты наогул пазначаліся як запусцелыя («plac pusty»).

Наступствы пажару[правіць | правіць зыходнік]

Пажар пазбавіў многіх гомельцаў сродкаў для існавання і магчымасцей плаціць дзяржаўныя падаткі, з прычыны чаго яны адпраўляліся ў межы Расійскай імперыі. З увагі на гэта гомельскі староста Міхал Фрыдэрык Чартарыйскі хадайнічаў перад уладамі Рэчы Паспалітай аб падатковых паслабленнях для «згарэлага места Гомеля». Ці было яго хадайніцтва плённым, невядома.

З пераадоленнем наступстваў пажару 1737 г. варта звязваць апошнюю маштабную перабудову Гомеля дарумянцаўскіх часоў: узвядзенне новага дубовага замка, паглыбленне абарончых равоў, усталяванне на валах драўляных сцен з пад’ёмнымі мастамі, адбудову касцёла.

Разуменнем неабходнасці ў будучыні пазбегнуць вялікіх пажараў ці мінімізаваць іх наступствы было прадыктавана ўвядзенне для гомельскі мяшчан абавязку мець пажарныя бусакі (багры) і адбываць па чарзе начную варту для «засцеражэння ад агню».

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Заявление от имени князя Чарторыйскаго о пожаре в местечке Гомле // Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. — Вильна : В типографии А. Г. Сыркина, 1874. — T. VII. — С. 447—448.
  • Akta Inwetarza Starostwa Homielskiego w Powiecie Rzeczeckim Lezącego // Lietuvos valstybės istorijos archyvas. F. 11, ap. 1, b. 1058, l. 1289—1292.
  • Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142—1900 гг. / Л. Виноградов [Репринт. изд.]. — Гомель: КИПУП «Сож», 2005. — С. 23.
  • Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. — Гомель : РУП «Центр научно-технической и деловой информации», 2002. — С. 128.