Чачэрская вуліца (Гомель, XVII—XVIII стагоддзі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Чачэрская вуліца — вуліца ў старосцінскім і раннім румянцаўскім Гомелі. Вядомая па пісьмовых крыніцах з другой паловы XVII ст. Існавала прынамсі да канца XVIII ст., калі адбылася маштабная перабудова гістарычнага Гомеля. Дала назву Чачэрскаму прадмесцю.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Час узнікнення, як самой вуліцы, так і яе назвы застаецца нявысветленым. Першыя вядомыя на сёння пісьмовыя згадкі пра яе прыпадаюць на другую палову XVII ст. і звязаныя з «Інвентаром Гомельскага староства» 1681 года. На той час на ёй размяшчаліся 15 (або 14) падворкаў гомельскіх мяшчан і яўрэяў, а таксама карчма і шпіталь[1][2]. Згодна з «Актам інвентара Гомельскага староства» 1738 года колькасць падворкаў тут складала 37 (у тым ліку 1 пуставаў), меліся «дом шынковы скарбовы» і «шпіталь пры браме»[3]. «Люстрацыя Гомельскага староства» 1765 года і «Інвентар Гомельскага староства» 1771 года зафіксавалі на Чачэрскай вуліцы толькі 8 падворкаў[4][5]. Без падворнага пераліку згадваецца ў «Адказной кнізе на Гомельскі маёнтак» 1776 года[6].

Прозвішчы ўладальнікаў падворкаў даюць магчымаць уявіць прафесійную прыналежнасць жыхароў вуліцы: Якаў Цесла, Яхім Швец, Абакун Рэзнік (1681 г.)[2]; Янка Іўчонак Швец, Грыц Рыбак, Ілля Кравец (1738 г.)[3]; Андрэй Злотнік (1765 г., 1771 г.)[4][6].

Паходжанне назвы[правіць | правіць зыходнік]

Па-за горадам пераходзіла ў шлях, які ішоў у кірунку каралеўскай Чачэрскай воласці, чым і было абумоўлена ўзнікненне назвы вуліцы[1]. А. Рогалеў выводзіць назву вуліцы ад тапонімаў «Чачора» ці «Чачэрскі яр», якія беспадстаўна прыпісвае спуску да ракі Сож, вядомаму сёння як Кіеўскі[7] — пісьмовых сведчанняў пра існаванне ў Гомелі аб’ектаў з назвамі «Чачора» ці «Чачэрскі яр» няма.

На пісьме па-польску назва падавалася як «Czeczerska», па-руску — як «Чечерская» ці «Чичерская»[3][4][6]. Прыкладаў напісання назвы па-старабеларуску пакуль не выяўлена.

Лакалізацыя[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзілася ў паўночнай частцы тагачаснага Гомеля на поўдзень ад абарончага рова (вядомы сёння як Кіеўскі спуск) і на поўнач ад Траецкай вуліцы, праходзіла паміж Рынкам і Чачэрскай брамай (працягласць блізу 100 метраў), што адпавядае адрэзку паміж сучаснымі сядзібай Петрапаўлаўскага сабора і пачаткам Савецкай вуліцы[1]. Зафіксавана на плане Гомеля 1799 года без подпісу назвы[8].

Зноскі

  1. а б в Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. — изд. 4-е, испр. и дополн.— Гомель : Барк, 2018. — С. 170.
  2. а б Перечень дворовладельцев в Гомеле по «Инвентарю староства Гомельского…» 1681 г. // Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. — изд. 4-е, испр. и дополн.— Гомель : Барк, 2018. — С. 237.
  3. а б в Akta Inwetarza Starostwa Homielskiego w Powiecie Rzeczeckim Lezącego, 1738 r. // Lietuvos valstybės istorijos archyvas. F. 11, ap. 1, b. 1058, l. 1290.
  4. а б в Lustracya Starostwa Homelskiego, 1765 r. // Lietuvos Valstybes Istorijos Archyvas — katalog. SA 3787, l. 2.
  5. Inwentarz Starostwa Homelskiego z 1771 r. // Львівська національна наукова бібліотека України імені Василя Стефаника. Відділ рукописів. Ф. 5, №5180/II, арк. 1. Падворкі Чачэрскай вуліцы пададзены без указання назвы вуліцы.
  6. а б в З «Адказной кнігі на Гомельскі маёнтак П.А. Румянцава» 1776 г. // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Гомеля. У 2 кн. Кн. 1-я — Мінск : БЕЛТА, 1998. — С. 125.
  7. Рогалев, А. Ф. Топонимический словарь Гомеля и Гомельского района [Текст] / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2012. — С. 262—263.
  8. План местечка Гомля, 1799 г. // Морозов, В. Ф. Гомель классический: эпоха, меценаты, архитектура / В. Ф. Морозов. — Минск : Четыре четверти, 1997. — С. 48-49.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. — изд. 4-е, испр. и дополн.— Гомель : Барк, 2018. — С. 170.