Перайсці да зместу

Трансфармацыя (генетыка)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Трансфарма́цыя[1] ў генетыцы — змена спадчынных уласцівасцей клеткі ў выніку пранікнення ў яе чужароднай ДНК; адзін са спосабаў абмену генетычным матэрыялам у пракарыётаў. Натуральная трансфармацыя адкрыта і вывучана ў бактэрый (напрыклад, трансфармацыя непатагенных бактэрый у патагенныя), але магчыма і ў клетках вышэйшых арганізмаў.

Кампетэнтныя клеткі, здольныя ўключаць чужародную ДНК, сінтэзуюць бялок. Пасля пранікнення ў клетку фрагмента ДНК донара адна з яе нітак распадаецца, а другая ўключаецца ў храмасому рэцыпіента за кошт рэкамбінацыі з гемалагічным участкам. Трансфармацыя выкарыстоўваецца для генетычнага аналізу бактэрый, у якіх невядомыя іншыя формы абмену генетычным матэрыялам (кан’югацыі, трансдукцыі) і эксперыментах па генетычнай інжынерыі.

Упершыню трансфармацыя выяўлена ў 1928 годзе ў пнеўмакокаў Ф. Грыфітам, які паказаў, што некаторыя клеткі невірулентных штамаў бактэрый набываюць патагенныя ўласцівасці пры заражэнні імі мышэй разам з клеткамі вірулентных штамаў, забітых награваннем[2][3]. У 1944 годзе Олівер Эверы разам з супрацоўнікамі паказалі, што трансфармуючым агентам, які вядзе да пераўтварэння непатагенных бактэрый у патагенныя, з’яўляецца ДНК, вылучаная з патагенных штамаў[2]. Пазней трансфармацыя была паказана і вывучана ў розных бактэрый (стрэптакокаў, гемафільных бактэрый, сеннай палачкі і некаторых іншых)[2]. Адкрыццё і вывучэнне трансфармацыі з’явілася доказам таго, што ДНК — матэрыяльны носьбіт спадчыннасці[1][2].