Спадчыннасць

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Спадчыннасць — уласцівасць арганізмаў забяспечваць матэрыяльную і функцыянальную пераемнасць паміж пакаленнямі, адзін з галоўных фактараў эвалюцыі. Праяўляецца ў бесперапыннасці жывой матэрыі пры змене пакаленняў. Фактары спадчыннасці лакалізаваны ў храмасомах і цытаплазме (цытаплазматычная спадчыннасць).

Генетычная інфармацыя захоўваецца, узнаўляецца і перадаецца пры размнажэнні арганізмаў у выглядзе малекул нуклеінавых кіслот (ДНК, РНК), якія з'яўляюцца матэрыяльнамі носьбітамі ўсіх відаў спадчыннасці.

Асобная роля ў спадчыннасці належыць дакладнасці ўзнаўлення малекул нуклеінавых кіслот у працэсах рэплікацыі і транскрыпцыі, а таксама высокай ступені дакладнасці сінтэзу бялкоў у працэсе трансляцыі.

Рэалізацыя спадчыннасці залежыць ад асаблівасцей генатыпу, знешніх умоў і адбываецца ў розных варыянтах. Напрыклад, асобіны з розным генатыпам маюць аднолькавы фенатып (дамінантнасць), арганізмы з аднолькавым генатыпам — розны фенатып (мадыфікацыі).

Функцыянальная пераемнасць пакаленняў забяспечваецца таксама перадачай інфармацыі ад аднаго пакалення да другога ў ходзе навучання, т. зв. сігнальная спадчыннасць. Аснова гэтага працэсу — умоўнарэфлекторная дзейнасць вышэйшых арганізмаў (асабліва ў чалавека).

У ходзе ўзнікнення і развіцця жыцця на Зямлі спадчыннасць адыгрывала вырашальную ролю шляхам спалучэння кансерватыўнасці са зменлівасцю ў замацаванні дасягнутых эвалюцыйных пераўтварэнняў. Вывучэнне заканамернасцей спадчыннасці мае важнае значэнне для медыцыны, сельскай гаспадаркі і інш.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]