Тутутні

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тутутні
(Tututunne’)
1901 г.
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова тутутні
Рэлігія анімізм, шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы хупа, талова

Тутутні (саманазва: Tututunne’) — плямёны ціхаакіянскіх атабаскаў, што да сярэдзіны XIX ст. насялялі паўднёва-заходняе ўзбярэжжа Арэгона (ЗША). Нашчадкі тутутні насяляюць 2 рэзервацыі ў гэтым штаце.

Агульную назву тутутні адносяць да племянных аб'яднанняў, што насялялі бераг Ціхага акіяна і землі ўздоўж ракі Роўг. Іх агульная колькасць вагалася ад 7 да 12. Яны размаўлялі на аднолькавай мове, што падзялялася на 3 дыялекты.

Галоўнымі заняткамі былі збіральніцтва, рыбалоўства і паляванне. Асаблівую ролю ў забеспячэнні адыгрываў лоў ласося. Яму папярэднічала свята, прысвечанае гэтай рыбіне. Тутутні будавалі лодкі, прыдатныя для лову на рацэ і ў акіяне. Карысталіся ракавінамі малюскаў у якасці грошай.

Назапашванне багацця лічылася важным для падвышэння сацыяльнага статуса. Найбольш заможныя мужчыны кіравалі вясковымі абшчынамі, практыкавалі палігінію, размяркоўвалі вынікі супольнага лову, але павінны былі аказваць дапамогу найбольш бедным.

У 1851 г. на тэрыторыі тутутні быў заснаваны Порт-Орфард, што прывяло да росту амерыканскага насельніцтва і яго канфліктам з індзейцамі. У 1855 - 1856 гг. канфлікты перараслі ў крывавыя сутычкі, вядомыя як войны на рацэ Роўг. Пасля іх заканчэння тутуні і іншыя тубыльцы былі пераселены ў рэзервацыі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]