Атабаскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Атабаскі Аляскі. Малюнак 1847 года.

Атаба́скі, або атапа́скі (англ.: Athabascans, Athapaskans) — група карэнных народаў Паўночнай Амерыкі, якія размаўляюць на атабаскіх мовах сям’і на-дэне. Жывуць пераважна ў ЗША і Канадзе. Агульная колькасць — каля 180 000 чалавек (1990 год).

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Назва атабаска (āthap-āsk-ā-w) паходзіць з мовы кры і значыць «трава тут і там». Першапачаткова яна належала да возера Атабаска ў Канадзе. У 1836 годзе была вылучана галіна атабаскіх моў. У навуковай літаратуры народы, якія размаўлялі на іх, сталі называцца атабаскамі[1]. Самі атабаскі не карыстаюцца агульнай саманазвай.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Атабаскі з’яўляюцца нашчадкамі дзвюх міграцый чалавека з Азіі ў Новы Свет. Першая, найбольш буйная, адбылася каля 15 тысяч гадоў таму праз Берынгію. Відавочна, яна ўяўляла сабою некалькі хваль перасяленцаў і ў выніку спарадзіла большасць індзейскіх народаў Амерыкі. У другой палове XX ст. лінгвісты выявілі сувязь паміж мовамі атабаскаў і кетаў[2]. Першапачаткова меркавалася, што гэта наступства існавання ў Берынгіі агульнай енісейскай—на-дэне супольнасці[3], якая распалася на 2 галіны. Адна вярнулася ў Азію. Другая — продкі атабаскаў, хайда і тлінкітаў — насялілі поўнач Амерыкі. Палеагенетыкі часткова пацвердзілі высновы лінгвістаў. Яны выявілі прымешак пазнейшых перасяленцаў. Мяркуецца, што другая міграцыя перасяленцаў адбылася каля 6 тысяч — 10 тысяч гадоў таму[4], калі Берынгіі ўжо не існавала. Такім чынам, яе прадстаўнікі былі выхадцамі з Азіі, якія перасеклі Берынгаў праліў і змяшаліся з прадстаўнікамі першай міграцыі.

Культура старажытных атабаскаў абапіралася на паўвандроўны лад жыцця субарктычных паляўнічых, рыбаловаў і збіральнікаў. Каля 500—800 гадоў таму група атабаскаў перасялілася з поўначы на Вялікія раўніны. Нягледзячы на малую колькасць, яны здолелі адаптавацца да новых умоў і пашырыць свой уплыў. Лінгвісты таксама вызначылі магчымасць перасялення атабаскаў уздоўж узбярэжжа ў бок Каліфорніі. Знаходка ў Юце дзіцячых макасінаў, якія адносяцца да прамежку паміж XII ст. і XIII ст. і маюць крой, характэрны для арктычных рэгіёнаў[5], можа сведчыць пра тое, што перасяленне закранала паўднёвыя раёны.

Мяркуецца, што поспех перасяленцаў быў абумоўлены саслабленнем мясцовых жыхароў у выніку засухі[6]. Яны перанялі ў тубыльцаў некаторыя звычаі земляробства. У XVII ст. асвоілі конегадоўлю[7]. Выкарыстанне коней зрабіла эфектыўным паляванне на буйных капытных, у тым ліку бізонаў, палепшыла мабільнасць. Нашчадкамі перасяленцаў на поўдзень з’яўляюцца сучасныя апачы і наваха. Акрамя таго, назіралася міграцыя паўночных атабаскаў на ўсход, дзе на тэрыторыі Канады склалася асобная ўсходняя моўная група атабаскаў[8]. Ціхаакіянскую лінгвістычную групу склалі перасяленцы ў Каліфорніі і Арэгоне.

Першыя пісьмовыя звесткі аб паўднёвых атабасках пакінулі іспанскія місіянеры ў XVI ст. У XVIII ст. рух атабаскаў на поўдзень выклікаў працяглую вайну паміж імі і іспанцамі. У 1749 г. апачы заключылі мір з іспанцамі і атрымалі дазвол насяляць Тэхас[9]. У 1774 г. наваха выгналі іспанскіх каланістаў з Нью-Мексіка[10], што выклікала далейшыя ваенныя дзеянні. Пасля далучэння Тэхаса і Нью-Мексіка да ЗША пачаўся канфлікт паміж паўднёвымі атабаскамі і амерыканскай арміяй і каланістамі ў 18481886 гг. Ён скончыўся прымусовым перасяленнем апачаў і наваха ў федэральныя рэзервацыі.

Сталыя кантакты паўночных і ўсходніх атабаскаў з еўрапейскімі гандлярамі ўсталяваліся толькі ў канцы XVIII ст. У другой палове XIX ст. пачалося асваенне іх тэрыторый амерыканскімі і канадскімі пасяленцамі і здабытчыкамі золата. Уключэнне атабаскаў у склад Канады і ЗША суправаджалася значнымі зменамі лада жыцця.

Спіс атабаскаў[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]