Удзельнік:Andrei Schutt/Чарнавік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Фарбы студэнцкіх карпарацый

Спалучэнне белага, шэрага і чорнага колераў — фарбы ўніверсітэцкай карпарацыі „Convent Ludenia“, заснаванай ў 2016 годзе ў Мінску ў Лятучым універсітэце.[1].

Фарбы, барвы (ням.: die Farben, die Couleur (ад фр.: la couleur — колеры), польск.: barwy[2]), найважнейшы сімвал фарбаносных і фарбамаючых студэнцкіх і вучнёўскіх аб'яднянняў (карпарацый), які ўяўляе сабой спалучэнне пэўных колераў, кожнаму з якіх надаецца сваё сімвалічнае значэнне.

«Упершыню пры поўным парадзе» („Zum ersten Mal in Wichs“; студэнт у святочным строі), малюнак Георга Мюльберга  (ням.) (1900).

Выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

У фарбаносных карпарацыях фарбы выяўляюцца на прадметах убрання, ювелірных вырабах, аксэсуарах і пабытовых рэчах. Тэрмін «фарбы» ўжываецца як да ўласна спалучэння колераў, так і да прадметаў, якія гэтае спалучэнне ўтрымоўваюць. Асноўнымі такімі прадметамі, якія ёсць знакамі прыналежнасці да пэўнай супольнасці, з'яўляюцца: насімая на грудзях стужка, называемая бандай (ням.: Band, польск.: banda), і спецыфічны галаўны ўбор, называемы дэкелем (ням.: Deckel, Mütze, польск.: dekiel). Акрамя таго, шмат у якіх карпарацыях носяць на поясе дэвізку (ням.: Zipfelbund, Zipfel, Zipf; польск.: dewizka), якая ўяўляе сабой устаўленыя ў металічную (залатую ці срэбную) аправу невялікія кавалкі банды[3].

У фарбамаючых карпарацыях фарбы ў выглядзе паўсядзённай вопраткі не носяць. Фарбы могуць прысутнічаць толькі на святочным строі (свайго роду ўніформе для асаблівых, урачыстых выпадкаў), называемым віксам  (ням.) (ням.: Wichs), а таксама на ўфарбаваных прадметах убрання (на бандзе і дэкелі, часам на на дэвізцы). У некаторых карпарацыях Паўднёвай Германіі і Аўстрыі носяць толькі банду, але не носяць дэкель. У т. зв. «чорных брацтвах» фарбы не носяць наогул.

Выкарыстанне фарбаў яшчэ з папярэдніх часоў ёсць дэманстрацыяй лаяльнасці і прыналежнасці да пэўнай групы, сваёй ідэнтыфікацыі з ёй, але, адначасова, і праявай суперніцтва і аддаленасці ад іншых груп і асобаў. Адпаведна, на розных этапах гісторыі ўзаемаадносіны паміж носьбітамі розных фарбаў, а таксама паміж фарбаносцамі і тымі, хто фарбы не носіць, былі заўжды эмацыйна зараджанымі, і гэта дасюль мае праявы ў розных сацыяльных і палітычных сферах. Аўтарытарныя палітычныя рэжымы, незалежна ад іх ідэалагічнай арыентацыі, нашэнне фарбаў забаранялі. Таксама ўнутры самога студэнцтва рэгулярна ўзнікаюць рухі супраць выкарыстання фарбаў.

Выкарыстанне фарбаў спрыяла з'яўленню ў XIX стагоддзі некаторых нацыянальных сцягоў, напрыклад, такіх, як чорна-чырвона-залаты сцяг Германіі і сцяг Эстоніі.

Фарбы сёння[правіць | правіць зыходнік]

Афармленне[правіць | правіць зыходнік]

Фарбы студэнцкіх карпарацый часцей за ўсё складаюцца з трох колераў, якія размяшчаюцца ў строга вызначаным парадку. Існуюць таксама карпарацыі (як правіла, вельмі старыя), дзе ў фарбах выкарыстоўваецца спалучэнне з двух колераў. Бывае, што фарбы складаюцца нават з чатырох ці пяці колераў, але вельмі рэдка. Такія спалучэнні колераў утварыліся шляхам злучэння фарбаў розных карпарацый у выніку іх аб'яднання ў адну карпарацыю.

Колеры ў фарбах заўсёды выяўляюцца ў папярэчным кірунку і не маюць узорыстага або двухмернага афармлення ў любой форме, як тое бывае ў геральдыцы ў выпадку колераў палёў або ў вексілалогіі што да сцягаў. Звычайна ўсе каляровыя палосы маюць аднолькавую шырыню, але бываюць і рэдкія выключэнні з гэтага правіла — напрыклад, у выпадку фарбаў аб'яднаўшыхся карпарацый, калі дзве ці тры роўнавялікія паласы з асноўнымі колерамі могуць знаходзіцца ў атачэнні двух больш вузкіх палос іншага колеру, згодна ўзору: колер-1, колер-2 і колер-3 на фоне колера-4.

Як у выпадку нацыянальных сцягаў, колеры ў фарбах студэнцкіх карпарацый размяшчаюцца ў вызначаным парадку і не могуць спалучацца адвольным чынам. Звычайна колеры чытаюцца зверху ўніз, але таксама існуюць і выключэнні. Напрыклад, у нямецкіх універсітэцкіх гарадоў Гале, Ена і Лейпцыг фарбы ўсіх карпарацый чытаюцца знізу ўверх. Такім самым выключным чынам чытаюцца і фарбы нямецкіх студэнцкіх карпусоў, дзейнічаючых, да прыкладу, у Гейдэльбергу і Фрайбургу.

У асноўным, у фарбах выкарыстоўваюцца геральдычныя колеры, найбольш распаўсюджанымі з якіх з'яўляюцца колеры: чорны, сіні, чырвоны і зялёны, а таксама белы і жоўты, як і ўласна залаты і срэбраны колеры. Больш рэдка выкарыстоўваюцца фіялетавы, ружовы і аранжавы колеры, і вельмі рэдка — шэры і карычневы колеры.

У адрозненні ад класічнай геральдыкі, у фарбах студэнцкіх карпарацый белы і срэбраны, а таксама жоўты і залаты колеры лічацца рознымі колерамі. Пры гэтым з'яўляецца заўважным, што залаты колер выкарыстоўваецца больш часта, а срэбраны зрэдку. Як і ў класічнай геральдыцы, у фарбах не прынята спалучаць золата з срэбрам. Яшчэ адзін адыход ад правіл класічнай геральдыкі тычыцца адценняў сіняга, чырвонага і зялёнага колераў: так, напрыклад, цёмна-сіні колер — гэта не тое самае, што сіні колер, а ярка-чырвоны — не тое самае, што чырвоны. Таксама ў фарбах розныя адценні аднаго і таго ж колеру могуць месціцца адзін побач з аднім, як, напрыклад, у выпадку спалучэння колераў: «цёмна-сіні, светла-блакітны і белы». Усім гэтым акалічнасцям надаецца вялікая ўвага, каб перадаваць колеры фарбаў дакладным чынам, асабліва пры вырабе банд. Дзеля пазначэння адпаведных колераў часта прыдумваюцца метафарычныя назвы: «сіні эфір», «альпійская ружа», «зялёны мох» і г. д. Такія металічныя колеры, як залаты, жоўты, срэбраны і белы, так сама як і чорны, фіялетавы і аранжавы колеры, выкарыстоўваюцца без адценняў[6][7].

Змест і значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Фарбы сімвалізуюць пэўную карпарацыю з пэўнай мясцовасці, а таксама, адпаведна, прыналежнасць носьбіта фарбаў да пэўнай карпарацыі. Часта бывае, што аднолькавыя спалучэнні колераў прысутнічаюць у фарбах карпарацый, якія не маюць адна да адной ніякага дачынення. Каб пазбегнуць блытаніны, адныя і тыя ж каляровыя спалучэнні, па магчымасці, стараюцца не выкарыстоўваць у фарбах карпарацый, што дзейнічаюць у адной і той жа мясцовасці. У Германіі парушэнне гэтага правіла адбылося пасля Другой сусветнай вайны, калі карпарацыі з універсітэтаў з усходніх рэгіёнаў краіны перанеслі сваю дзейнасць у заходнія рэгіёны, і там адбылася сустрэча з карпарацыямі, якія часта мелі падобныя фарбы. У гарадах з вялікай колькасцю карпарацый розных тыпаў супадзенне фарбаў ёсць даволі натуральнай з'явай, асабліва ў выпадку супадзення фарбаў студэнцкіх і вучнёўскіх карпарацый.

У Германіі свае фарбы маюць таксама і асацыяцыі карпарацый (ням.: Korporationsverbände). Найбольш вядомымі такімі фарбамі з'яўляюцца бурсацкія фарбы чорна-чырвона-залатога каляровага спалучэння, якія супольна выкарыстоўваюцца некалькімі парасонавымі аб'яднаннямі буршаў і бяруць свой пачатак ад самага першага бурства (ням.: Urburschenschaft), узнікшага ва ўніверсітэцкім горадзе Ена ў 1815 годзе. Студэнцкі рух пад гэтымі фарбамі распаўсюдзіўся з Ены па ўсёй Германіі, але паколькі ён хуткім часам раздрабніўся і ўзнікла некалькі асобных бурстваў, то не ўсе карпарацыі дадзенага тыпу пакінулі сабе азначаныя фарбы. Таксама існуе некалькі варыянтаў чаргавання гэтых колераў — напрыклад, у выглядзе чорна-залаціста-чырвонага каляровага спалучэння ці ў выглядзе спалучэння чорнага і чырвонага колераў на полі золатога колеру і г. д. Шырокае распаўсюджванне, велізарная папулярнасць і палітычная значнасць названых трох колераў паўплывала на тое, што яны сталі колерамі сучаснага нямецкага нацыянальнага сцяга.

Такая асацыяцыя нямецкіх зямляцтваў (ням.: Landsmannschaften) і турнэрстваў (ням.: Turnerschaften), што практыкуюць двубоі, як Кобургскі канвент (ням.: Coburger Convent), выкарыстоўвае ў якасці сваіх фарбаў бела-зялёна-чырвона-белае каляровае спалучэнне. Але гэтыя фарбы не ўжывае ні адна з карпарацый, што ўваходзяць у дадзеную асацыяцыю, таксама яны не носяцца ў выглядзе банды і дэкеля. Тыя ж карпарацыі, што выкарыстоўваюць падобныя фарбы, не маюць ніякага дачынення да Кобургскага канвента.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Convent Ludenia // Лятучы ўніверсітэт. — Вэб-сайт. — Дата доступу: 09.06.2018. — Доступ вольны.
  2. а б Barwy, Słownik, Korporacja akademicka „Konwent Polonia” [dostęp 2017-06-09].
  3. Bund Nürnberger Studenten zu „Band“ und weiteren Couleurabzeichen, Schwerpunkt der Darstellung liegt auf spät entwickelten Sitten und Gebräuchen christlicher, nichtschlagender Verbindungen Archivlink (Memento des Originals vom 7. Februar 2011 im Internet Archive)
  4. K!Polesia, Archiwum Korporacyjne [dostęp 2017-06-09]
  5. Tomasz Błaszczak (Kowno), Patryk Tomaszewski (Toruń). Białoruska Korporacja Akademicka „Scorinia” w Wilnie w latach 1931-1934 [dostęp 2017-06-09]
  6. Vorstand des Verbandes Alter Corpsstudenten e. V. (VAC) (Hrsg.): Handbuch des Kösener Corpsstudenten, Würzburg 1985, Band II, Ziffer 1 „Die einzelnen Corps im KSCV“, A „Vorbemerkungen“, B „Verzeichnis der Kösener Corps im KSCV“ und C „Verzeichnis der erloschenen Corps im KSCV“.
  7. Deutschen Burschenschaft.