Уладас Пятрайціс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Уладас Пятрайціс
Дата нараджэння 20 студзеня 1955(1955-01-20)
Месца нараджэння
Дата смерці 9 мая 2012(2012-05-09) (57 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Альма-матар

Уладас (Уладзіслаў) Пятрайціс (20 студзеня 1955, в. Пацэнуляй, Радзвілішкіскі раён, Літва — 9 мая 2012, в. Іказнь, Браслаўскі раён, Беларусь) — беларускі каталіцкі царкоўны дзеяч.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Скончыўшы Каўнаскую духоўную семінарыю і атрымаўшы святарскае пасвячэнне, малады ксёндз Уладас Пятрайціс прыехаў служыць у Мёры. Большая частка яго душпастырскай службы ў Міёрскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (з 1985 па 2000 гады) прыпала на адраджэнне касцёла. Ад пачатку дзейнасці ён арганізаваў рамонтныя работы: былі заменены вокны, праведзена рэстаўрацыя алтароў, устаноўлена сістэма ўзмацнення гуку. На ахвяраванні вернікаў у 1994 годзе быў устаноўлены помнік Ненароджанаму дзіцяці, а ў 1998 — манументальная скульптура Маці Божай Ратавальніцы тонучых. На новых могілках пабудавана капліца. Ксёндз працаваў разам са сваімі парафіянамі, выконваў розныя рамонтныя і будаўнічыя работы.

Касцёл Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Мёры)

У канцы 1980-х гадоў ксёндз Уладас пачынае праводзіць працэсіі на ўрачыстасць Божага Цела вакол касцёла, для дзяцей, якія рыхтаваліся да сакраманту споведзі, спецыяльныя заняткі. Крыху пазней стварае нядзельную школу. Літовец па паходжанні, ён вывучыў беларускую і рускую мовы, каб на іх праводзіць Святую імшу. Калі ў Полацку асвячалі крыж ахвярам сталінскага тэрору, прысутныя ўпершыню пачулі малітвы на беларускай мове. У 1991 годзе арганізаваў разам з пісьменніцай Ірынай Жарнасек выпуск газеты «Голас душы» на роднай мове — адно з першых каталіцкіх выданняў на Беларусі. У красавіку 1991 г. запрасіў у касцёл Беларускую дзяржаўную капэлу імя Р. Шырмы, сабраныя грошы ахвяраваны на апаратуру для раённай бальніцы. Арганізоўваў паездкі на сустрэчу з Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ, паломніцтвы ў святыя мясціны. Упершыню пешая пілігрымка пад яго кіраўніцтвам рушыла ў Будслаў у 1992 годзе. Для моладзі арганізаваў фестываль «Мы хочам Бога», у ім прымалі ўдзел вернікі з розных парафій Беларусі і Польшчы.

З 2000 па 2008 год святар быў адміністратарам касцёла Божага Провіду ў Слабодцы Браслаўскага раёна[1].

Пахаваны ў Мёрах, ля касцёла[2].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды. — 4-е выд., дап. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2020. — 826 с.: іл. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе) ISBN 978-0-929849-83-6