Перайсці да зместу

Будслаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аграгарадок
Будслаў
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Вышыня цэнтра
172 ± 1 м
Насельніцтва
  • 561 чал. (2009)[1]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1797
Паштовыя індэксы
222374
Аўтамабільны код
5
СААТА
6240806016
Будслаў (Беларусь)
Будслаў
Будслаў
Будслаў (Мінская вобласць)
Будслаў
Будслаў

Бу́дслаў[2] (трансліт.: Budslaŭ) — аграгарадок[3] у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Сэрвач. Адміністрацыйны цэнтр Будслаўскага сельсавета. Месціцца за 18 км на поўнач ад Даўгінава, за 16 км на паўночны ўсход ад Крывічоў, за 26 км на паўночны ўсход ад Княгініна, за 12 км на поўнач ад шашы Ушачы — Вілейка Р29, за 3 км на ўсход ад чыгуначнай станцыі Будслаў.

Будслаў — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны), адзін з рэлігійных цэнтраў рэгіёну. Да нашага часу ў мясцовым касцёле захоўваецца цудоўны абраз Божай Маці, адна з найбольш шанаваных каталіцкіх святынь Беларусі.

Першапачаткова паселішча называлася Буда. Паводле бернардзінца Элеўтэрыя Зеляевіча, аўтара кнігі пра Будслаў з 1650 года, назва ўтварылася ад слова "буда", якое азначала пастаўленыя на беразе Сэрвачы часовыя будынкі манахаў[4].

Назва Будслаў стала з'яўляцца ў дакументах у другой палове XVIII стагоддзя. Назва "Буда" або "Будскі фэст" ў дачыненні да ўрачыстасцяў у гонар Маці Божай часам ужываецца ў гутарковай мове яшчэ ў пачатку ХХІ стагоддзя.

У беларускай прэсе пачатку ХХ стагоддзя сустракаўся варыянт Буцлаў.

Згодна з іншымі інтэрпрэтацыямі, «Будслаў» утварыўся ад славянскай мянушкі Будслаў, што ў сэнсавым значэнні адпавядае «майстру-будаўніку». Паводле цытаванага ў некаторых публікацыях падання, мястэчка спярша мела назву Слаўная Буда.

У гістарычных крыніцах таксама згадваецца як Буда, Буцлаў, Будцлаў.

Абраз Божай Маці

Будслаў узнік на тэрыторыі пушчы над ракой Сэрвач, якую ў 1504 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандр падараваў манахам-бернардзінцам з кляштара ў Вільні. Неўзабаве ў ваколіцах часовых будынкаў бернардынцаў адбыліся падзеі, вядомыя як цудоўнае аб'яўленне Маці Божай[4].

У 1560 годзе бернардыны пакінулі пушчу над Сэрваччу, аднак у 1589 годзе вярнуліся сюды і збудавалі драўляны касцёл, асвечаны ў 1591 годзе пад тытулам Наведвання Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Касцёл стаў месцам паломніцтва вернікаў, якія прыбывалі для ўшанавання Маці Божай[4].

Мясцовасць, дзе размяшчаліся касцёл і кляштар бернардзінцаў стала называцца Буда - ад назвы часовых будынкаў - "будаў", якія ў пачатку XVI стагоддзя пабудавалі манахі на беразе Сэрвачы[4].

Будслаў на гравюры з кнігі бернардына Элеўтэрыя Зеляевіча, 1650 год.

Ксёндз Ісак Салакай у 1613 годзе падараваў касцёлу ў Будславе абраз Маці Божай[4]. Гэты абраз належаў менскаму ваяводзе Яну Пацу, які атрымаў яго ад Папы Клімента VIII[5] падчас пілігрымкі ў Рым.

Касцёл і кляштар у Будславе, 1769 год.

28 жніўня 1633, дзякуючы ахвяраванням а. Фларыяна Калецкага, гвардыяна Віленскага кляштара бернардзінцаў, а таксама сродкам гетмана польнага Януша Кішкі і сям'і Далмат-Ісакоўскіх, у Будслаўскай рэзідэнцыі заклалі першы камень мураванага касцёла. 9 ліпеня 1643 адбылося асвячэнне новага касцёла, для якога быў створаны разны алтар у стылі ранняга барока.

У 1682 годзе ў Будславе існавала таксама грэка-каталіцкая капліца, якая належала да парафіі ў суседніх Крывічах, а ў 1714 годзе - грэка-каталіцкая царква.

У 1730 годзе бернардзінцы прадалі маёнтак Будслаў сям'і Аскеркаў, у чыім уладанні Будслаў заставаўся да 1939 года. Сядзіба Аскеркаў знаходзілася побач з вёскай Палессе на правым беразе Сэрвачы.

6 кастрычніка 1732 кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны надаў Будславу статус мястэчка. У 1756 пры кляштары бернардзінцаў адкрылася музычная школа на 25 вучняў. 29 ліпеня 1767 у мястэчку заклалі першы камень новай мураванай базілікі, урачыстае асвячэнне якой адбылося 7 верасня 1783. У 1790 на сродкі кляштару збудавалі цагляны шпіталь для бедных, у 1793 адкрылася 2-класная пачатковая школа на 40 вучняў.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Будслаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Вілейскім павеце. Па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання расійскія ўлады зачынілі кляштар бернардзінцаў.

Штуршком да развіцця Будслава паслужыла пракладка ў 1907 годзе Балагое-Сядлецкай чыгункі, што выклікала адкрыццё аднайменнай станцыі за 3 км ад мястэчка.

Рынак у Будславе, 30-я гады ХХ стагоддзя.

У Першую сусветную вайну ў Будславе размяшчаўся штаб 2-й расійскай арміі Заходняга фронту, якая рэалізоўвала асноўныя задачы пры правядзенні Нарачанскай аперацыі 1916 годзе. Цягам 19171919 у мястэчку дзейнічала Будслаўская беларуская гімназія, зачыненая польскай адміністрацыяй.

Будслаўскі гурток Беларускага Інстытута Гаспадаркі і Культуры, 30-я гады ХХ стагоддзя.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Будслаў апынуўся ў складзе міжваенннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Вілейскага павета Віленскага ваяводства. У міжваенны перыяд мястэчку працавалі гмінная ўправа, млын, лесапільня, аптэка, банк, карчма; у панядзелкі праводзіліся кірмашы. Размяшчаўся штаб батальёна Корпуса аховы памежжа «Будслаў».

Будслаў быў істотным асяродкам беларускага культурнага жыцця: у мястэчку дзейнічаў гурток Беларускага Інстытута Гаспадаркі і Культуры пад кіраўніцтвам Баляслава Бабарыкі-Гапановіча, які ладзіў прадстаўленні і лекцыі, а таксама меў бібліятэку на 800 тамоў. З Будслава паходзілі некалькі дзеячаў беларускага нацыянальнага руху - Эдвард Будзька, Язэп Гапановіч, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Часлаў Ханяўка[6].

У 1939 Будслаў увайшоў у БССР, дзе ў 1940 стаў цэнтрам сельсавета Крывіцкага, з 1962 Мядзельскага раёнаў.

У пасляваенны час настаўніцай у Будслаўскай школе працавала Паўліна Мядзёлка.

2 ліпеня 1992 адбылася першая адноўленая пілігрымка да абраза Маці Божай Будслаўскай. 2 ліпеня 1996 архібіскуп Дамінік Грушоўскі перадаў папскую булу, у якой Маці Божая Будслаўская абвяшчалася апякункай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У 1998 кардынал Казімір Свёнтак каранаваў цудоўны абраз Маці Божай Будслаўскай папскімі каронамі.

У 2018 годзе Будслаўскі фэст быў унесены ў рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА[7].

  • 1859 — 485 чал., 68 двароў[8]
  • 1868 — 259 чал., 48 двароў[9]
  • 1885 — 327 чал., 50 двароў
  • 1907 — 435 чал., 61 двор[9]
  • 1921 — 626 чал., 116 двароў[10]
  • 1970 — 859 чал., 318 двароў[9]
  • 1996 — 721 чал., 300 двароў
  • 1997 — 718 чал., 302 двары[11]

Інфраструктура

[правіць | правіць зыходнік]

У Будславе працуюць лясніцтва, сярэдняя школа, дом культуры, камбінат побытавага абслугоўвання, аддзяленне сувязі.

Алтар Наведзінаў Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Будславе

Страчаная спадчына

[правіць | правіць зыходнік]
  • Палац Аскеркаў (XVIII ст.)

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. http://pop-stat.mashke.org/belarus-census/minskaja.htm
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  3. Решение Мядельского районного Совета депутатов от 31 января 2008 года № 50 "О преобразовании некоторых сельских населенных пунктов в агрогородки"(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 12 снежня 2025. Праверана 17 кастрычніка 2025.
  4. а б в г д Zielejewicz, Eleuterius. Zwierziniec na ziemi niebieskiej, to jest Puszcza Budzka łaskami Boskiemi oplywaiąca, którzych ludzie przy cudownym Obrazie Nas. Panny w kościelie o. Bernardynów będocym doznawaią w druku podana. — Wilno, 1650. — С. 3-8.
  5. В. М. Князева. Будслаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 115.
  6. Кастусь Шыталь. Будслаў — духоўная сталіца Беларусі. Але і нацыянальная таксама! . Catholic.by (6 жніўня 2015).
  7. Аб уключэнні Будслаўскага фэсту ў спіс ЮНЕСКА . Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. (28 лістапада 2018).
  8. Budsław // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XV, cz. 1: Abablewo — Januszowo (польск.). — Warszawa, 1900. S. 261.
  9. а б в Будслаў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3). — С. 316.
  10. В. М. Князева. Будслаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 116.
  11. Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мядзельскага раёна. Мінск, «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, 1998. ISBN 985-11-0107-9