Уранаграфія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сузор’е Арыён з атласа Яна Гевелія «Уранаграфія».

«Уранагра́фія» або «Уранагра́фія: Апісанне ўсяго зорнага неба» (лац.: Uranographia: totum caelum stellatum) — атлас зорнага неба Яна Гевелія. Выдадзены ў 1690 годзе пасля смерці Гевелія яго жонкай Эльжбетай[en].

Атлас уключае 56 карт[en]: 49 карт з выявамі асобных сузор’яў, 4 — з выявамі двух графічна звязаных сузор’яў, адну карту з паўднёвымі прыпалярнымі сузор’ямі і 2 карты каляполюсных сузор’яў. На картах з дакладнасцю ў адну вуглавую хвіліну нанесены 1564 зоркі паводле каталога Гевелія. Фактычна гэта найбольшая дакладнасць для «папяровых» выданняў, таму атлас Гевелія дасягнуў дакладнасці аднаго парадку з картамі і атласамі нашага часу.

Нягледзячы на тое, што астранамічная практыка ўжо адмовілася ад апісальнага прынцыпу пазіцыянавання нябесных аб’ектаў, атлас традыцыйна змяшчаў выявы персанажаў сузор’яў. Графічныя малюнкі Гевелія сталі класікай выявы сузор’яў. У адрозненне ад папярэднікаў, Гевелій лёгкім штрыхом паказвае на кожнай карце малюнкі прылеглых сузор’яў. Малюнкі і гравіроўка па ўласным бездэфектным метадзе былі выкананы астраномам у шэрагу карт самастойна.

Атлас мае шэраг недахопаў. Большая частка карт выканана ў няўдалай просталінейнай «трапецаідальнай» праекцыі. Да таго ж Гевелій выкарыстоўваў люстэркава-перавёрнутыя выявы сузор’яў, каб зрабіць іх сумяшчальнымі з выявамі на зорных глобусах[en], якія ў гэты час ужо перасталі быць актуальнымі. Памылкова нанесена і каардынатная сетка.

Ва «Уранаграфіі» Ян Гевелій прапануе некалькі новых сузор’яў, сем з якіх захаваліся да нашага часу.