Усевалад Боеў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Усевалад Боеў
Род дзейнасці адвакат
Дата смерці 1954

Усевалад Мікалаевіч Боеў (? — 1954) — беларуска-расійскі грамадска-палітычны дзеяч, адвакат.

У канцы 1918 — вясной 1919 года з'яўляўся віцэ-старшынёй гродзенскай беларускай губернскай управы. Адзін з заснавальнікаў у Гродна таварыства «Бацькаўшчына». Летам 1919 года дэпартаваны палякамі разам з Іванам Карчынскім у Варшаву (паводле іншых звестак — у Кракаў). З 1920 года — у Літве, займаўся прыватнай адвакацкай дзейнасцю. Супрацоўнічаў з рускамоўнай газетай «Эхо Литвы». У пачатку 1921 года — загадчык аддзела расійскіх спраў пры літоўскім урадзе. Паводле Вячаслава Разумовіча, у 1921 — 1922 гадах быў сувязным паміж урадам БНР і 5-й групай беларускіх антыпольскіх партызанаў. Удзельнічаў у Беларускай нацыянальна-палітычнай нарадзе ў Празе. Старшыня «агульнага сходу грамадзян і палітычных дзеячаў беларускай калоніі ў Літве», які адбыўся 22 жніўня 1923 года ў Коўне і на якім была прынята пастанова аб абвяшчэнні «маральнага байкоту беларускага грамадства» Вацлаву Ластоўскаму і Клаўдзію Дуж-Душэўскаму. Тамаш Грыб выкарыстоўваў тэрмін «боеўшчына» ў якасці сіноніма супрацоўніцтва з літоўскім урадам. Пасля Другой сусветнай вайны жыў у ЗША, быў сакратаром Расійскага манархічнага клуба ў Чыкага.