Вацлаў Ластоўскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Вацлаў Ластоўскі
Vaclaw Lastowski.jpg
Сцяг 2-і Старшыня Рады міністраў БНР Сцяг
снежань 1919 — красавік 1922
Папярэднік Антон Луцкевіч
Пераемнік Аляксандр Цвікевіч
Неадменны сакратар БАН
1928 — 1930

Нараджэнне 8 лістапада 1883(1883-11-08)
Смерць 23 студзеня 1938(1938-01-23) (54 гады)
Род Ластоўскія
Бацька Юстын Ластоўскі
Маці Ганна
Жонка Марыя з Іваноўскіх
Дзеці Ганна, Станіслава
Веравызнанне рыма-каталік
Партыя БСГ (19061908), БПСР (19191923)
Член у
Дзейнасць публіцыст, літаратуразнавец, перакладчык, журналіст, пісьменнік, палітык, гісторык
Навуковая дзейнасць
Навуковая сфера філалогія
Месца працы
Аўтограф Подпіс Вацлава Ластоўскага (лацінка).jpg
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ва́цлаў Юсты́навіч Ласто́ўскі (27 кастрычніка (8 лістапада) 1883, засценак Калеснікаў Дзісенскага пав. Віленскай губ., цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці — 23 студзеня 1938, Саратаў, НКУС. Псеўданімы і крыптанімы: Власт; Wlast; Васіль Люцьвяг[1]; Юры Верашчака; Ласт; В.Ласт.; Уласт; Арцём Музыка; Пагашчанін; Сваяк; Ю.Сулімірскі; Veritatis; Miles; Peregrinus; В.В…; В-…; В. Л.; В.Л-скі; В-т; Л.; Ю. В.) — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, пісьменнік, гісторык, філолаг, літаратуразнавец, этнограф, акадэмік АН Беларусі (1928).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

У 1902 уступіў у Польскую сацыялістычную партыю ў Літве. У 1904—1905 слухаў лекцыі ў Пецярбургскім універсітэце. З 1906 у Рызе, дзе займаўся самаадукацыяй, далучыўся да мясцовага беларускага руху. У 1906—1908 член БСГ.

З сакавіка 1909 у Вільні. У 1909—1914 рэдакцыйны сакратар газеты «Наша ніва». Рэдагаваў часопісы «Саха» (1912), «Беларускі сцяг» (1922), газету «Гоман» (1916—1917). Выступіў ініцыятарам шырокай дыскусіі пра шляхі развіцця, творчы метад, кірунак і стыль беларускай літаратуры, у якой прынялі ўдзел Я. Купала, М. Гарэцкі, Л. Гмырак.

У час Першай сусветнай вайны заставаўся ў Вільні. У студзені 1915 разам з В. Святаполк-Мірскім, І. Луцкевічам і А. Луцкевічам падпісаў зварот да нямецкіх акупацыйных улад аб выданні беларускіх газет. Кіраваў віленскай «Беларускай кнігарняй» і Беларускім выдавецкім таварыствам, курыраваў выданне школьных падручнікаў у прыватным выдавецтве, сам удзельнічаў у іх напісанні. Уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Хрысціянская злучнасць» (1915). Адзін з аўтараў «Мемарандума прадстаўнікоў Беларусі», у якім адстойваў права беларускага народа на нацыянальна-дзяржаўнае развіццё і які быў прадстаўлены на міжнароднай канферэнцыі ў Лазане (Швейцарыя, 1916). У 1918—1919 член Віленскай беларускай рады, у сакавіку 1918 кааптаваны ад яе ў склад Рады БНР. Удзельнічаў у абвяшчэнні незалежнасці БНР. У лістападзе 1918 увайшоў у склад Літоўскай Тарыбы. У канцы 1918 узначаліў Беларускае прадстаўніцтва пры Літоўскай Тарыбе, потым беларускі аташэ пры літоўскім пасольстве ў Берліне.

3 1919 член Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). У снежні 1919 узначаліў Кабінет міністраў Народнай рады БНР. Арыштаваны польскімі ўладамі 17 снежня 1919; вызвалены ў лютым 1920; пераехаў у Рыгу, потым у Коўна. Разам з Т. Грыбам, К. Дуж-Душэўскім, А. Цвікевічам і іншымі ўвайшоў у Камітэт загранічных груп Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у арганізацыі антыпольскага партызанскага руху. Пасля падпісання папярэдніх умоў міру паміж Савецкай Расіяй і Польшчай (кастрычнік 1920) у афіцыйным пасланні мірнай канферэнцыі ў Парыжы прасіў краіны Антанты аказаць дапамогу ўраду БНР. 20 кастрычніка 1920 на беларускай канферэнцыі ў Рызе пад кіраўнінтвам В. Ластоўскага створаны блок беларускіх партый для барацьбы супраць Савецкай улады і польскай акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь. У сувязі з разыходжаннямі па пытаннях тактыкі Камітэта замежных груп і ЦК БПС-Р (П. Бадунова, Я. Мамонька) на з’ездзе БПС-Р у Мінску ў снежні 1920 выключаны з партыі беларускіх эсэраў, якія на савецкай тэрыторыі ў гэты час падтрымлівалі савецкую ўладу. Удзельнік Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (верасень 1921), якая прызнала ўрад Луцкевіча адзіным законным беларускім урадам. У 1920—1923 з дыпламатычнымі місіямі наведаў Бельгію, Германію, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю, Швейцарыю і іншыя краіны, выступаў за правы беларускага народа, асабліва ў Заходняй Беларусі. 20 красавіка 1923 падаў у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра БНР. Працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў у Літве.

У 1923—1927 выдаваў часопіс «Крывіч», надрукаваў некалькі падручнікаў. Узначальваў «Камітэт 400-летняга юбілею беларускага друку: 1525—1925» (разам з К. Дуж-Душэўскім, А. Ружанцовым). Быў старшынёй Сувязі нацыянальна-дзяржаўнага вызвалення Беларусі, ад імя якой выступаў за выкарыстанне беларускай мовы ў богаслужэннях. Запрошаны Інбелкультам на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі (лістапад 1926), на якой абраны старшынёй Графічнай камісіі і выступіў прыхільнікам кірылічнага шрыфту. Пад націскам неспрыяльных абставін (літоўскі ўрад адмовіўся фінансаваць выданне «Крывіча» і Беларускі цэнтр у Коўне, палітычны пераварот 17 снежня 1926 у Літве) у красавіку 1927 пераехаў у БССР.

Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце, не маючы нават сярэдняй адукацыі. З 1928 акадэмік БелАН. Быў неадменным сакратаром Інбелкульта. Рэдагаваў «Працы кафедры этнаграфіі», працаваў у «Камісіі жывой беларускай мовы», уваходзіў у «Камісію па ахове помнікаў старасвтечыны ў БССР». Арганізоўваў этнаграфічныя экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі, у час адной з іх знойдзены Крыж Ефрасінні Полацкай.

Пастановамі СНК БССР 20 лістапада 1929 вызвалены з пасады сакратара Беларускай АН. 21 ліпеня 1930 арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Утрымліваўся ў турмах Масквы і Мінска. 6 снежня 1930 пазбаўлены звання акадэміка. Фармальнай прычынай стала публікацыя артыкула Я. Станкевіча «Дыспалаталізацыя і ў беларускай мове» (1928) у «Запісках аддзела гуманітарных навук», выдадзеных Інбелкультам. Пастановай Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 высланы на 5 гадоў у Саратаў. Працаваў загадчыкам аддзела рэдкіх рукапісаў біблітятэкі Саратаўскага ўніверсітэта. Паўторна арыштаваны 20 жніўня 1937. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23 студзеня 1938 прыгавораны да расстрэлу «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі». Па першым прысудзе рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988; па другім — 16 верасня 1958. Адноўлены ў званні акадэміка АНБ у 1990.

У палітыцы[правіць | правіць зыходнік]

У публіцыстыцы, асабліва ў нашаніўскіх артыкулах «Сплачвайце доўг» (1913), «Па свайму шляху!» (1914), выступаў супраць рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку ў літаратуры. Ставіў нацыянальныя інтарэсы вышэй за класавыя, лічыў нацыянальную праблему найважнейшай у гісторыі. Адмаўляў канцэпцыю адзінства гістарычных лёсаў Расіі і Беларусі, непрыхільна ставіўся да марксізму.

«Для нас вельмі важна вырваць наш народ з-пад рускага гіпнозу, паказаць яму іншыя каштоўнасці і шляхі нацыянальнага жыцця, звярнуць увагу на неабходнасць больш цеснага збліжэння з нашымі прыбалтыйскімі суседзямі»[2], — пісаў ён у 1924 годзе.

У навуцы[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Вокладка.

У 1910 годзе Вацлаў Ластоўскі выдаў «Кароткую гісторыю Беларусі» — першую кнігу, у якой была спроба абгрунтаваць беларускі характар Вялікага княства Літоўскага. Канцэптуальна абагульніў вядомыя факты пра мінулае Беларусі з погляду ўласна-нацыянальнай гісторыі (падзеі даведзены да 1905). У «Нашай ніве» у рубрыцы «З нашай мінуўшчыны» і ў газеце «Гоман» змясціў шэраг артыкулаў па гісторыі Беларусі. Некаторыя з іх склалі асобнае выданне «Калісь і цяпер: Гістарычна-грамадзянскія нарысы» (Вільня, 1918). У пачатку 1920-х гадоў працаваў над «Нарысамі беларускай гісторыі», якія па сутнасці ўяўляюць сабой першую беларускую энцыклапедыю гісторыі Беларусі і складзены з розных тэрмінаў і паняццяў з беларускай мінуўшчыны (машынапісны экзэмпляр захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі АН Літвы). Даследаваў старажытна-беларускую літаратуру, гісторыю і паходжанне назвы Беларусь. У 1924 годзе надрукаваў «Падручны расійска-крыўскі слоўнік», які акрамя асноўнага лексічнага масіву ўключаў: руска-беларускі слоўнік асабовых імён «Крыўскі (беларускі) іменьнік»; слоўнік тэрмінаў арніталагічных «Назовы птахаў» і батанічных — «Іменьнік расьцін». У слоўніку беларускай вайсковай тэрміналогіі «Вайсковая каманда» апроч народнай лексікі прапаноўваў шмат уласных лексічных вынаходак і да добрага, сапраўднага матэрыялу дадаў шмат выдуманага, і, паводле думкі Яна Станкевіча, выдуманага несістэмна. Апрацаваў разам з Тадэвушам Іваноўскім, Клаўдзіем Дуж-Душэўскім лацінска-руска-беларускі слоўнік па арніталогіі. У 1925 годзе апублікаваў «Летапісца Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» паводле спісу Рачынскага. У 1926 годзе пабачыла свет галоўная праца Ластоўскага — манументальная «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца X да пачатку XIX стагодзьдзя», у якой прыводзіліся цытаты на старабеларускай мове са шматлікіх старажытных кніг і рукапісаў. Публікацыя ўяўляе сабой агляд «звыш 1000 важнейшых рукапісных кніг, грамат, старадрукаваных кніг з пачатку зараджэння беларускага пісьма (X ст.) аж да XIX ст.» Пасля пераезду ў БССР Вацлаў Ластоўскі апрацаваў разам з М. Шчакаціхіным «Праваднік па аддзеле сучаснага беларускага малярства і разьбярства» (1929), распачаў вялікую працу «Матэрыяльная культура Беларусі», якая ахоплівала перыяд ад XVI да XX стагоддзяў.

Вацлаў Ластоўскі выставіў тэзіс ад тоеснасці крывіцкай (т. ч., Полацкай) і беларускай дзяржаўнасці, адзін з найбольшых прапагандыстаў назвы «Крывія» для Беларусі і «крывіцкая» для беларускай мовы. Перыядызацыя гісторыі Ластоўскага, нягледзячы на кампіляцыйны характар яго «Кароткай гісторыі», лічыцца ў радзе момантаў больш дасканалай[3] за пазней прапанаваную У. Ігнатоўскім і прынятую за афіцыйную аснову. Прыхільнік канцэпцыі «залатога веку». Шмат увагі ўдзяляў этнаграфіі, між іншым, лічыў племя волатаў старадаўнімі продкамі беларусаў[4].

Выступаў[5] за ўлік і асваенне ў беларускай мове не толькі сучаснага народнага, але і гістарычнага старабеларускага досведу. Таксама меркаваў, што пісанне мяккага знаку ў беларускай арфаграфіі карэніцца ў польскай арфаграфічнай практыцы[5]. Падтрымліваў праект Я. Лёсіка на акадэмічнай канферэнцыі (1926), адзначаючы, што тарашкевічава азбука фактычна русіфікуе вымаўленне беларускіх ётаваных галосных.

Член-карэспандэнт Украінскай акадэміі грамадазнаўства ў Празе (1926), акадэмік АН Беларусі (1928).

Літаратурная творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Друкаваўся з 1909 (псеўданімы Власт, Юры Верашчака, Арцём Музыка, Сваяк, Палачанін, Ю. Сулімірскі і інш.). Аўтар фантастычнай аповесці «Лабірынты» (Коўна, 1923), сцэнічнага эпізода з жыцця Ф. Скарыны («Адзінокі», 1923). Складаў чытанкі для дзяцей. Апрацоўваў гістарычныя легенды. Аўтар апавяданняў, артыкулаў пра С. Палуяна, П. Багрыма, Ц. Бычкоўскага, К. Каліноўскага, В. Цяпінскага і іншых, успамінаў пра М. Багдановіча, Я. Купалу, «нашаніўскі перыяд». Перакладаў з рускай (А. Талстой), англійскай (Р. Кіплінг, Б. Мэон), польскай (Э. Ажэшка, А. Валодзьскі, К. Тэтмаер), дацкай (Х. К. Андэрсен) і іншых моў. У апавяданні «Дудар», зробленым на аснове накіду Казімежа Пшэрвы-Тэтмаера для планаванай аповесці, якая так і не была напісаная, Вацлаў Ластоўскі замяніў скрыпача на дудара. У 1923 годзе, у часопісе «Крывіч» пад псеўданімам Васіль Люцьвяг, Вацлаў Ластоўскі надрукаваў гісторыка-абычаёвы нарыс «Дуда», у якім прааналізаваў значэнне беларускай дуды для беларускай культуры і гісторыі. Менавіта ў вобразе дудара прадстаўлены таксама сам аўтар у вершы-прысвячэнні Янкі Купалы:

Аўтару «Беларускай Гісторыі» Власту

На кургане на адвечным,

Пад асінай векавой,

Сеў дудар, сагнуўшы плечы,

З пасівелай галавой[6].

Дакументы і матэрыялы з архіва В. Ластоўскага захоўваюцца ў Вільнюсе, Маскве, Мінску, Саратаве.

Творы[правіць | правіць зыходнік]

Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Вацлаў Ластоўскі
  • Кароткая гісторыя Беларусі. З 40 рысункамі. (Вільня: Друкарня Марціна Кухты, 1910; факсімільнае перавыданне — Мінск, 1992 і 1993).
  • Што трэба ведаць кожнаму беларусу? / Выданне «Вольнае Беларусі» (Менск: друк-ня А. Я. Грынблята, 1918; перавыданні — 1943, 1991 (факсімільн.)).
  • Слоўнік геаметрычных і трыганаметрычных тэрмінаў і сказаў. Коўна, 1923 (у сааўт. з К. Дуж-Душэўскім).
  • Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік (Коўна: друк-ня А. Бака, 1924; факсімільнае перавыданне — Мінск: Навука і тэхніка, 1990).
  • Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі: (Спроба паясніцельнай кнігапісі ад канца Х да пачатку ХІХ стагоддзя) (Коўна, 1926; факсімільнае перавыданне — Мінск, 2012 з прадмовай Алеся Сушы).
  • Творы (Мюнхен, 1956).
  • Выбраныя творы (Мінск, 1997; уклад., прадм. і камент. Я. Янушкевіча).

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

З 2003 года у Полацку ёсць Дуб Вацлава Ластоўскага[7]. У 2012 годзе ў Глыбокім быў усталяваны бюст Вацлава Ластоўскага[8]. Памяць пра Вацлава Ластоўскага ўшаноўваецца ў межах фэсту Дударскі рэй[9].

Іншае[правіць | правіць зыходнік]

Вацлаў Ластоўскі быў аўтарам-складальнікам шэрага «чытанак», прызначаных для дзяцей і моладзі. Праз іх Ластоўскі ўпершыню ўвёў у навуковы ўжытак «гістарычныя песні», якія, на думку беларускага гісторыка Алега Ліцкевіча, былі яго ўласнымі творамі, сюды адносіцца і вядомая песня пра бітву пад Оршай («Слава Воршы ўжо не горша…»)[10].

Гісторык Аляксандр Гронскі мяркуе, што менавіта Вацлаў Ластоўскі сканструяваў «беларускасць» Кастуся Каліноўскага і паспрабаваў скласці яго біяграфію як ідэальнага беларускага героя. Таксама А. Гронскі сцвярджае, што менавіта ў В. Ластоўскага Канстанцін (або Канстанты) стаў Касцюком; пазней «Касцюк» трансфармуецца ў «Кастуся», што і замацавалася да нашых дзён[11]. Скарэктаваныя ў патрэбны для беларускага нацыяналізму бок былі і арыгінальныя тэксты Каліноўскага. Напрыклад, у арыгінальным тэксце[12]:

«Браты мае, мужыкі родныя!
Марыська, чарнаброва галубка мая»

Тэкст у Ластоўскага[13]:

«Беларусы, браты родныя!
Беларуская зямелька, галубка мая»

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

З 1904 года ў шлюбе з літоўскай пісьменніцай Марыяй Іваноўскай (1872 — 1957), ад якой меў двух дачок:

  • Ганну (нар. 7 жніўня 1905 г.) [14]
  • Станіславу

Зноскі

  1. Ластоўскі В. Аб найменьнях - "Гуды", - "Крывічы", - "Русь"
  2. Выбраныя творы. — Мн., 1997.
  3. Грыцкевіч…
  4. Лыч. Назвы зямлі беларускай, 1994.
  5. 5,0 5,1 БАК-1926…
  6. https://be.wikisource.org/wiki/%D0%94%D1%83%D0%B4%D0%B0%D1%80
  7. У гонар 120-годзьдзя Вацлава Ластоўскага ў Полацку зьявіцца дуб ягонага імя
  8. У Глыбокім усталявалі помнік прэм'еру БНР Вацлаву Ластоўскаму. Праверана 30 жніўня 2012.
  9. http://vitvesti.by/kultura/dudarsk-rei.html
  10. Ліцкевіч А. «Слава Воршы ўжо не горша…» // Беларуская думка. — 2009. — № 3. — С. 92—99.
  11. Гронский А. Кастусь Калиновский: конструирование героя // Беларуская думка. — 2008. — № 2. — С. 82—87.
  12. «Мужыцкая праўда» і лісты «з-пад шыбеніцы»: Тексты і каментарый. — Нью-Йорк, 1980.
  13. Гронский…
  14. Знойдзеныя пашпарты старэйшай дачкі Вацлава Ластоўскага. ФОТА Архівавана 6 мая 2021.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Барысенка В. У. Праблемы светаўладкавання ў апавяданнях В. Ластоўскага: Прэпрынты МДЛУ, № 90. — Мн.: МДЛУ, 2000. — 25 с..
  • Васючэнка П. Захоплены Лабірынтам / П. Васючэнка // Роднае слова. — 2008. — № 11. — С. 3—6.
  • Васючэнка П. Мастацкія адкрыцці Вацлава Ластоўскага на фоне сусветнай літаратуры / П. В. Васючэнка // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А, Гуманитарные науки. — 2008. — № 7. — С. 145—148.
  • Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Вільня, 1920; Тое ж. М., 1992.
  • Дварчанін І. Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.). Вільня, 1927.
  • Драздовіч Я. Дзённік // Маладосць. — 1992. — № 2.
  • З лістоў беларускіх вучоных і грамадскіх дзеячаў — да М. Грушэўскага / Уступны артыкул Ю. А. Мыцыка; Публікацыя і пераклад з украінскай Я. Лецкі // Полымя. — 2003. — № 3. — С. 174—177.
  • Зубко В. «Curriculum vitae» Вацлава Ластоўскага і Тамаша Грыба / Пасляслоўе У. Ляхоўскага // Беларускі гістарычны часопіс. — 2003. — № 3. — С. 62—71.
  • Ількевіч М. За чатыры месяцы да расстрэлу: Аб адной архіўнай знаходцы // Пагоня. — 1994. — 27 жн. — 2 вер.
  • Кісялёў Г. Власт: Першае набліжэнне // Кісялёў Г. Радаводнае дрэва. — Мн., 1994.
  • Кісялёў Г. Вацлаў Ластоўскі // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995. — Т. 4. — С. 16.
  • Конан У. Парадоксы эстэтыкі Вацлава Ластоўскага: традыцыі і мадэрнізм / У. М. Конан // Весці БДПУ. Серыя 2. — 2008. — № 4. — С. 86—89.
  • Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928; Тое ж. Мн., 1991.
  • Луцкевіч А. Дзённік // Полымя. — 1991. — № 5.
  • Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
  • Мікус А. Ярамір быў жабай. Раман Э. Бульвера «Раса, што ўжо ідзе» як прататып аповесці В. Ластоўскага «Лабірынты» // Arche. — 2011. — № 5 (104). — С. 215—239.
  • Міхнюк У. Справа Вацлава Ластоўскага // Маладосць. — 1993. — № 8—9.
  • Снапкоўская С. «Сыном маладой Беларусі…»: Педагагічная спадчына Вацлава Ластоўскага // Роднае слова. — 1993. — № 10. — С. 38—41.
  • Суша А. Першая гісторыя беларускай кнігі і яе стварэнне // Ластоўскі, В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Факсімільнае выд. — Мн., 2012. — С. 3—30.
  • Хмяльніцкая Л. Новыя звесткі да біяграфіі Вацлава Ластоўскага // Голас Радзімы. — 1994. — 6 студз.
  • Янушкевіч Я. Ластоўскі Вацлаў Юстынавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 336—337.
  • Янушкевіч Я. Я. Ластоўскі Вацлаў Юсцінавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9). — С. 144—145.
  • Янушкевіч Я. Неадменны сакратар Адраджэння: Вацлаў Ластоўскі. — Мн., 1995.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]