Усевалад Сямёнавіч Кароль
Усевалад Сямёнавіч Кароль | |
---|---|
Дата нараджэння | 18 кастрычніка 1919 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 4 кастрычніка 1984 (64 гады) |
Месца смерці | |
Бацька | Сямён Вікенцьевіч Кароль |
Род дзейнасці | навуковец |
Альма-матар | |
Партыя | |
Член у |
Усе́валад Сямё́навіч Каро́ль (18 кастрычніка 1919, Старое Сяло, цяпер Мінская вобласць — 4 кастрычніка 1984, Баранавічы) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, урач акушэр-гінеколаг.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Раннія гады
[правіць | правіць зыходнік]Сын Сымона і Зінаіды Каралёў.
Навучаўся ў Радашковіцкай беларускай гімназіі (1928—1929) і Віленскай беларускай гімназіі (1929—1936). Студэнт медыцынскага факультэта ўніверсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. Актыўны грамадскі дзеяч, друкаваўся ў заходнебеларускіх выданнях, быў апошнім кіраўніком Беларускага студэнцкага саюза, ліквідаванага ў 1940 годзе.
Калі ў лістападзе 1937 года ва ўніверсітэце вызначылі асобныя лавы для яўрэяў[1][2], Кароль перасеў да іх у пратэст супраць антысемітызму. Члены польскіх шавіністычных арганізацый спрабавалі выцягнуць Караля з гэтай лавы, але адольвалі толькі абарваць рукавы за якія цягнулі. Пасля некалькіх такіх выпадкаў Беларускі студэнцкі саюз вырашыў усім складам перасесці да яўрэяў.
Падчас 2-й сусветнай вайны, Усевалад Кароль з жонкай Кацярынай заставаўся на акупаванай немцамі тэрыторыі, з Вільні пераехаў і жыў у Баранавічах. Працаваў лекарам і выкладаў у медыцынскай школе.[3] Паводле Леаніда Маракова, тым часам Кароль удзельнічаў у нацыянальным падпольным руху, кіраваў Баранавіцкім камітэтам Беларускай незалежніцкай партыі. Кіраўніцтва партыі планавала адправіць Караля ў Лондан як паўнамоцнага прадстаўніка ад Беларусі.
Арышт
[правіць | правіць зыходнік]Узімку 1944—1945 года Усевалада Караля арыштавалі, асудзілі за кіраўніцтва ў Беларускай незалежніцкай партыі на 10 гадоў лагераў. Старэйшаму сыну Юрку тады было 3 месяцы.
Сярэдні сын Ілля, са слоў маці, пазней расказваў:
«Па бацьку прыехалі людзі на санях, сказалі, што трэба ратаваць нейкага хворага, і ён, як звычайна, паехаў, вярнуўшыся дадому толькі праз 10 гадоў. У тыя часы ніхто нікому нічога не тлумачыў. Мая маці толькі праз год даведалася, куды знік яе муж. Пасля наступных 10 гадоў, пражытых у болю і страху, бацькі імкнуліся, каб іх дзеці меней чулі пра тыя падзеі, бо хваляваліся за нашыя лёсы. Мы ведалі, што бацька быў рэпрэсаваны. За што? Нам казалі, што хтосьці „нагаварыў“ на яго за анекдот на палітычную тэму. Казалі таксама, нібыта бацьку засудзілі за тое, што працаваў падчас вайны».
З асцярогі рэпрэсій, жонка Усевалада Караля спаліла ўсе дакументы сямейнага архіву, звязаныя з дзейнасцю мужа да арышту. Каб працягваць працаваць акулістам у Баранавіцкай бальніцы ў гады зняволення мужа Кацярына развялася з ім, па вяртанні яны зноў пабраліся шлюбам. Паводле сына Іллі, маці часта ездзіла на Поўнач да бацькі, пакідала яму грошы, вярталася нават без білета, спагадлівыя людзі дарогай дапамагалі хавацца ад кантралёраў і кармілі.
Па вызваленні
[правіць | правіць зыходнік]Па вяртанні з лагеру ў Баранавічы ў 1955 годзе, Усевалад Кароль падтрымліваў сувязі са старымі сябрамі. У доме Каралёў часта збіраліся госці не толькі з Беларусі, але і з Польшчы і Літвы. Прыходзіў рэпрэсаваны ветэран нацыянальнага руху Пятро Рашэтнік, прыязджаў з Моўчадзі настаўнік Семяняка, з Зэльвы — Янка Геніюш, з якімі разам быў у лагерах, з Вільні — Лявон і Юрка Луцкевічы, сыны аднаго са стваральнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі Антона Луцкевіча. Сабраўшыся гралі ў брыдж, чыталі вершы і ўспаміналі. Дзяцей тады адпраўлялі ў сад або іншы пакой. Сын Ілля згадваў:
«… памятаю толькі, што сяброўскае кола бацькі па лагерным мінулым — дактары, настаўнікі, іншая інтэлігенцыя — усе размаўлялі міжсобку выключна па-беларуску. Здавалася, што ў сталінскія лагеры высылалі ўсіх беларускіх патрыётаў».
Успаміны калег
[правіць | правіць зыходнік]Нявестка Галіна, якая маладым доктарам-інтэрнам у 1969 годзе прыйшла працаваць у Баранавіцкую радзільню, згадвае:
«Гэта быў цудоўны чалавек, інтэлігент і прафесіянал найвышэйшай маркі. Усевалад Сямёнавіч быў вельмі патрабавальны і ў той жа час надзвычай добры і літасцівы. Ён максімальна імкнуўся перадаць свае веды маладым спецыялістам. Літаратуры па акушэрстве і гінекалогіі ў той час практычна не было, ён прыносіў кнігі з уласнай бібліятэкі, якая была ў яго ад зямлі да столі, прымушаў чытаць манаграфіі па кожнай новай тэме, рыхтаваў нас так, нібыта мы мусілі быць прафесарамі».
Кароль цаніў калег, не прыніжаў людзей, не ўзвышаў голас, не папракаў маладых спецыялістаў пры старонніх асобах.
Дамы па вуліцы Вільчкоўскага, у якіх жылі Усевалад Кароль і доктар-практыкантка, яшчэ адна нявестка, Таіса Шчогалева, былі па суседстве. Калі сярод ночы Караля экстранна выклікалі, ён грукам у шыбу будзіў нявестку і прапаноўваў бегчы на працу разам. Таіса згадвае:
«І мы часцяком беглі разам — ад Цэнтральнага вакзала, праз чыгунку, да самай радзільні, бо я хацела чамусьці навучыцца ў такога прафесіянала»
Уладзіслаў Кароль часта наведваў медыцынскія канферэнцыі ў Кіеве і Маскве, публікаваўся ў навуковых выданнях. Дзякуючы Каралю найноўшыя практыкі ў галіне акушэрства і гінекалогіі ўкараняліся ў Баранавічах. Кароль быў спецыялістам-практыкам, класічным інтэлігентам еўрапейскага ўзроўню. Апроч беларускай мовы, якой гутарыў з сябрамі і пісаў вершы, дасканала ведаў рускую, нямецкую, літоўскую і польскую мовы. Паводле Іллі:
«Бацька аднойчы сказаў, што напісаў ужо 10 дысертацый розным людзям, якія паспяхова з імі абараніліся. Абараніцца сам ён так і не змог, бо быў рэпрэсаваны».
Лагернае мінулае перашкаджала кар’ернаму росту, Кароль быў намеснікам галоўнага ўрача радзільні па медыцынскай частцы. Галоўныя дактары мяняліся, а Кароль заставаўся «другім чалавекам» установы дзесяцігоддзямі. У народзе Караля называлі «хросным бацькам Баранавічаў», «жаночым Каралём». Нявестка Таіса згадвае:
«Гэта быў самы эрудаваны спецыяліст у радзільні. Усевалад Сямёнавіч адказваў за ўсю медыцынскую работу, і галоўны доктар быў за ім, як за каменнай сцяною. Перад яго кабінетам заўжды сядзелі чэргі жанчын: усе імкнуліся трапіць менавіта да Караля. Усе цяжкія выпадкі з жанчынамі вёў таксама ён. У яго часта скакаў ціск, што ніколі не замінала яму падымацца сярод ночы, сядаць на ровар і ехаць на экстранны выклік. Усевалад Сямёнавіч ніколі не карыстаўся грамадскім транспартам — ездзіў толькі на ровары».
Смерць
[правіць | правіць зыходнік]Усевалад Кароль памёр ад інфаркту ў 1984 годзе. Развітацца з лекарам-легендай прыйшло шмат людзей. Паводле ўспамінаў родных, у дзень пахавання вуліца каля дому была поўная народу. Жанчыны падыходзілі да труны, падалі на калені, цалавалі рукі Караля і плакалі. Калегі па працы, якія тым днём былі на дзяжурстве, прасілі паднесці труну да радзільні, каб таксама развітацца. Але як Усевалад Кароль быў рэпрэсаваны, мясцовыя ўлады не дазволілі правесці грамадскае развітанне. Сваякам ледзь дазволілі пахаваць Караля ў цэнтры Русіноўскіх могілак.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Lewa strona sali wykładowej. O instytucjonalizacji getta ławkowego w Uniwersytecie Stefana Batorego w Wilnie (польск.). Żydowski Instytut Historyczny (23 студзеня 2024). Праверана 19 верасня 2024.
- ↑ Uniwersytet im. Adama Mickiewicza w Poznaniu, Maciej Michalski Antysemityzm na Uniwersytecie Stefana Batorego w Wilnie // Historia Slavorum Occidentis. — 2023. — В. 4. — Т. 39. — С. 165–182. — DOI:10.15804/hso230409 Архівавана з першакрыніцы 3 мая 2024.
- ↑ Сяргей Ёрш. Сябры Беларускай Незалежніцкай Партыі. Біяграфічны даведнік // Вяртаньне БНП: Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. — Менск: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1998.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Гізун А. Легенда пра баранавіцкага Караля // Intex-press, 1 ліпеня 2010; Перадрукоўка: Лекар-легенда і беларускі падпольшчык // Беларускі рэзыстанс: часопіс найноўшай гісторыі, № 2 (9), 2010. — С. 147—152.
- Дзмітрый Гурневіч. На здымку Ўсевалад Кароль (разам з жонкай Кацярынай) . www.facebook.com. Праверана 18 верасня 2024.
- Нарадзіліся 18 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1919 годзе
- Нарадзіліся ў Мінскім павеце
- Памерлі 4 кастрычніка
- Памерлі ў 1984 годзе
- Памерлі ў Баранавічах
- Навучэнцы Радашковіцкай беларускай гімназіі
- Навучэнцы Віленскай беларускай гімназіі
- Выпускнікі Універсітэта Стэфана Баторыя
- Члены Беларускай незалежніцкай партыі
- Члены Беларускага студэнцкага саюза
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Нарадзіліся ў Мінскім раёне
- Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта
- Рэпрэсаваныя савецкай уладай
- Палітыкі Беларусі
- Медыкі Беларусі