Радашковіцкая беларуская гімназія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Радашковіцкая беларуская гімназія
Вучні і выкладчыкі гімназіі, каля 1928 г.
Вучні і выкладчыкі гімназіі, каля 1928 г.
Заснавана 1922
Закрыта 1928
Тып гімназія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Радашковіцкая беларуская гімназія імя Ф. Скарыны (тагачаснае напісанне — Радашкоўская беларуская гімназія) — навучальная ўстанова сярэдняга тыпу, гуманітарнага кірунку. Выкладанне вялося па-беларуску. Існавала ў мястэчку Радашковічы ў 1922—1928 гадах, у Заходняй Беларусі (Польшча).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вучні і выкладчыкі гімназіі, каля 1924 г Злева паміж калонамі Язэп Драздовіч, праваруч яго партрэт Скарыны. На здымку таксама Аляксандр Уласаў.

Гімназія заснавана Радашковіцкім Таварыствам беларускай школы (ТБШ) паводле ініцыятывы беларускага грамадска-палітычнага дзеяча Аляксандра Уласава і педагога П. Крачкоўскага. У пачатку 1922 года атрымана канцэсія на ўтрыманне гімназіі, дырэктарам яе быў ксёндз Фабіян Абрантовіч. Пазней дырэктарамі гімназіі выбіраліся Аляксандр Вернікоўскі і Фелікс Стацкевіч[1].

Вучні і выкладчыкі з бела-чырвона-белым сцягам, «Пагоняй» і партрэтам Скарыны аўтарства Драздовіча. 4 лютага 1929 г.

Спачатку навучальная ўстанова месцілася ў будынку колішняй яўрэйскай школы, а пасля перабралася ў будынак на рагу Мінскай вуліцы і Касцельнай плошчы[2].

У гімназіі вучылася моладзь з навакольных вёсак і мястэчак. У 1925/26 навучальным годзе ў 1—7-м і падрыхтоўчым класах займалася 150 вучняў. Быў інтэрнат для хлопцаў і дзяўчат, закладзены пры падтрымцы місіі амерыканскіх і беларускіх метадыстаў. Настаўнікі і вучні сумесна з Радашковіцкім ТБШ праводзілі работу па прапагандзе беларускай культуры сярод жыхароў мястэчка і навакольных вёсак. 3 лістапада 1923 года вучні пастаянна ладзілі тэатральныя прадстаўленні, выдавалі рукапісныя часопісы «Да сонца!» і «Гудок». На базе гімназіі ў час летніх канікул 1926/27 і 1927/28 навучальных гадах праводзіліся курсы для настаўнікаў беларускіх пачатковых школ.

Карыкатура ў часопісе «Маланка» прысвечана закрыццю гімназіі, 1928 г.

Уздым нацыянальна-вызваленчага руху ў сярэдзіне 1920-х гадоў у Заходняй Беларусі садзейнічаў радыкалізацыі поглядаў педагогаў і вучняў гімназіі, што прывяло да закрыцця яе ў верасні 1928 года па загадзе Маладзечанскага старасты з прычыны «небяспекі публічнага спакою». Большасць навучэнцаў Радашковіцкай беларускай гімназіі прадоўжылі вучобу за мяжой, пераважна ў БССР; некаторыя скончылі вышэйшую школу ў Чэхаславакіі.

У 1928/29 навучальным годзе замест гімназіі, якой улады не працягнулі канцэсію, у Радашковічах дзейнічала прыватная беларуская пяцікласная школа, якая неўзабаве была закрыта.

Выкладчыкі[правіць | правіць зыходнік]

Першым настаўніцкім калектывам кіраваў Аляксандр Вернікоўскі. Язэп Гаўрылік выкладаў геаграфію і спевы, Фелікс Стацкевіч — лацінскую мову, Сымон Кароль — беларускую мову і літаратуру, Антон Крачкоўскі — матэматыку і геаметрыю, Мікалай Ласковіч — фізіку, Валянціна Чаенкава — гісторыю і французскую мову, Валянцін Чаенкаў — логіку і псіхалогію, Браніслаў Тэраевіч — польскую мову, Лідзія Ліманоўская — нямецкую. Адміністратарам гімназіі працаваў беларускі дзеяч Тодар Вернікоўскі (стрыечны брат дырэктара). Мастацкім гуртком два гады кіраваў Язэп Драздовіч[2].

Навучэнцы і выпускнікі[правіць | правіць зыходнік]

Пэўны час у гімназіі вучыўся Яўген Скурко (Максім Танк). Выпускнік гімназіі — беларускі грамадскі дзеяч Аляксандр Калоша.

Сучасны стан[правіць | правіць зыходнік]

Ад гімназіі на сёння захаваўся будынак былога інтэрната, які знаходзіцца па Віленскай, 1. На мясцовых могілках ёсць недагледжаная магіла выкладчыка Мікалая Чараняўскага. Помнік з надпісам «Сьветлай памяці вучыцель Радашкаўскае беларускае гімназіі Мікалай Іванавіч Чэрняўскі. Радзіўся 22.05.1883 г., памёр 02.03.1926 г. Вечная памяць дарагому настаўніку і другу» — павалены.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. ЭГБ 2001, с. 50.
  2. а б Міхась Казлоўскі. Радашковіцкая беларуская гімназія імя Францішка Скарыны » Вялейка й Вялейскі раён | Вілейка і Вілейскі Раён | Вилейка и Вилейский район. web.archive.org (4 сакавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 18 верасня 2023.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]