Усяслаў Мікуліч
Усяслаў Мікуліч | |
---|---|
Нараджэнне | невядома |
Смерць | не раней за 1181 |
Бацька | Мікула |
Усяслаў Мікуліч (? — не раней за 1181) — першы вядомы лагожскі князь з роду Ізяславічаў Полацкіх.
Згадваецца адзіны раз Іпацьеўскім летапісам пад 1181 годам як удзельнік вялікага паходу па Друцк. Разам з полацка-віцебскіх князямі «Усяслаў Мікуліч з Лагожска» быў саюзнікам чарнігаўскіх Ольгавічаў у змаганні са смаленскімі Расціславічамі. Апроч княжання ў Лагойску і імя па бацьку пра яго нічога не вядома.
Ст҃ослав же [...] самъ сн҃мъ с Володимѣромъ поиде Новоугородоу Великомоу . сдоумав же Ӕрославъ съ Игоремь . поидоста . къ Дрьютьскоу . поємше с собою Половцѣ . а Всеволода Игорева брата . ѡставиша в Черниговѣ . и Ѡлга Ст҃ославича . и придоша Полотьскии кнѧзи . въ стретениє помагающе Ст҃ославоу . Василковича . Брѧчьславъ . изъ Витебьска . братъ єго Всеславъ с Полочанъı . с ними же бѧхоуть и Либь . и Литва Всеславъ Микоуличь . из Логажеска . Андрѣи Володьшичь . и сн҃овець єго Изѧславъ . и Василко Брѧцьславичь . снемшесѧ вси поидоша мимо Дрьютьскъ . [...]
Пра паходжанне Усяславава бацькі — Мікулы, ёсць некалькі версій. Адна з іх грунтуюцца на спісе князёў у паходзе на Друцк, дзе Усяслаў запісаны на пачатку другой групы. За Усяславам у спісе згаданы Андрэй Валодшыч, відавочна, сын Валодшы, якога разам з ізяслаўльскім князем Брачыславам лічаць сынам полацкага князя Давыда Усяславіча. Апошнім у спісе запісаны Васілька Брачыславіч, магчыма, сын гэтага самага ізяслаўльскага князя Брачыслава. Як лічаць, у Давыда Усяславіча было прынамсі трое сыноў згаданых у 1128 годзе — Брачыслаў з Ізяслаўля і прынамсі двое не вядомых імем з бацькам у Полацку. У 1158 годзе Валодша выступае разам «отчычам» Ізяслаўля Брачыславам, таму Валодшу лічаць яго братам, згаданым у 1128 годзе без імя, і адпаведна таксама сынам Давыда Усяславіча. Мікула можа быць яшчэ адным сынам Давыда, згаданым без імя ў 1128 годзе, бо Усяслаў Мікуліч у 1181 годзе княжыў у горадзе, які ў 1128 годзе належаў Давыду, і выступаў разам з яго імавернымі ўнукамі.[1]
Іншыя версіі паходжання яшчэ болей гіпатэтычныя.
Напэўна, неўзабаве па паходзе на Друцк у 1181 годзе Усяслаў Мікуліч страціў удзел у Лагойску, бо пад 1186 годам Лаўрэнцьеўскі летапіс згадвае іншага князя з Лагойска — Васільку Валадаравіча, які паходзіў з іншай галіны Ізяславічаў Полацкіх.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Загорульский 1994, с. 18-19.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Загорульский Э. М. Генеалогия полоцких князей Изяславичей. — Мн.: ВУЗ-ЮНИТИ, 1994. — 31 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-431-001-9.