Лагожскае княства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Лагожское (Лагойскае) княства — удзельнае княства з цэнтрам у горадзе Лагойск (Лагожск). Дакладныя межы княства не высветлены.

Лагойск у пісьмовых крыніцах згадваецца ў «Павучанні Уладзіміра Манамаха» пры апісанні падзей 1078 года. У 1-й трэці XII ст., магчыма, Лагойск уваходзіў у Ізяслаўскае княства, якое належала Давыду Усяславічу.

У 2-й палове XII ст. Лагожскае княства згадваецца ўжо як асобны ўдзел, аднак згадкі пра князёў адрывістыя, паводле Іпацьеўскага летапісу, у 1180 годзе тут княжыў саюзнік полацка-віцебскіх князёў Усяслаў Мікуліч; у 1186 годзе, паводле Лаўрэнцеўскага летапісу — Васілька Валадаравіч, які разам з наўгародцамі і смалянамі выступіў супраць палачан. Пасля 1186 года і да XIV ст. звестак пра княства няма.

Не пазней за 1-ю палову XIV ст.[1] Лагойскае княства далучана да Вялікага Княства Літоўскага. Пэўны час княства трымалі Войшвіл і Рыт. У 1387 годзе вялікі князь Ягайла перадаў Лагойскае княства разам з Полацкім і Троцкім свайму брату Скіргайле, які фактычна быў яго намеснікам у Літве. У 1392 годзе Ягайла перадаў уладу Вітаўту, які пачаў раздаваць асобныя маёнткі з Лагойскага княства: Ганявічы, Корань, Гасцілавічы, Коцалі. Напэўна, да Лагойскага княства належала і Харэцкая воласць у вярхоўях Бярэзіны.

Не пазней за 1-ю палову XIV ст. з Лагойскага княства вылучыліся маёнткі Астрошыцы, Заазер'е і, відаць, Смалявічы. Пазней ад княства засталася невялікая частка з Лагойскам і Гайнай, якая належала князю кіеўскаму Алельку Уладзіміравічу, а з 1455 года — яго малодшаму брату Андрэю Уладзіміравічу. Па смерці Андрэя (1457) Гайну пакінулі ва ўладанні яго нашчадкаў, а Лагойск вярнуўся да вялікага князя, які і ў 1460 годзе надаў яго князю Аляксандру Чартарыйскаму на правах звычайнага маёнтка[1].

Князі лагойскія[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]