Фартух у беларускім народным касцюме

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Фартýх (ад ням.: Vortuch праз польск.: fartuch), пэўнага крою жаночая адзежа, якую надзяваюць спераду на сукенку, спадніцу, каб засцерагчы іх ад забруджвання; пярэднік.

Назвы фартуха ў розных мясцовасцях Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Для абазначэння фартуха на Беларусі ўжываліся старажытныя ўсходнеславянскія тэрміны «пярэднік», «запон», «запонка», «запан», «затулка», «запаска», «фартушак» але «хвартух» быў найбольш распаўсюджаным. Калі ў рускай вёсцы дадзены від адзення і адпаведны яму тэрмін з'явіліся ў канцы ХIX — пачатку ХХ ст. пад уплывам горада, то на Беларусі фартух адносіцца да даўніх відаў адзення. Аб гэтым сведчаць пісьмовыя помнікі XVI—XVII ст.ст., дзе дадзены тэрмін фігуруе як звычайны пры апісанні адзення розных слаёў насельніцтва. Аб гэтым жа гаворыць і наяўнасць старажытнай геаметрычнай вышыванай ці тканай арнаментыкі, гарманічна ўвязанай з кроем фартуха.

«Запон», «запонка», як назвы фартуха, лакалізуюцца ў Гродзенскім, Мастоўскім, Жыткавіцкім, Столінскім, Веткаўскім, Камарынскім раёнах; «затулка» — у Кобрынскім і Драгічынскім раёнах; «запаска» — у Лельчыцкім раёне. Фартух, сшыты, напрыклад, з кашаміравай хусткі, атрымліваў назву «шаляноўка», з іншай тканіны — «паркалёўка», «саян», «саянік», «пілка» і г.д. Завязванне фартуха паверх спадніцы называлася «прыпінаць», «павязваць».

Прызначэнне фартуха, тыпы крою і аздаблення[правіць | правіць зыходнік]

У канцы XIX — пачатку XX ст. на кожны дзень насілі фартухі палатняныя з даматканіны, на святы — з пакупнога або з кужэльнага хатняга палатна. Фартухі насілі і дзяўчаты, і жанчыны. Без фартуха хадзіць было сорамна, асабліва калі сустрэнеш мужчыну. Без фартуха нельга было хадзіць па ваду да крыніцы і ўвогуле з'яўляцца на людзях. Дзяўчаты насілі фартушкі часцей з пакупной тканіны. Фартух быў і абавязковай прыналежнасцю вясельнага ўбрання маладой. У Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, напрыклад, нявесце паверх андарака «прыпіналіся» два фартухі. Адзін (ніжні) вісеў свабодна (абодва прыгожа вышытыя ці «ператыканыя» чырвоным «горынем»), а другі (верхні) «прытыкаўся» па баках (Брэсцкі раён). Андаракі для нявест звычайна былі аднатонныя (сінія, вішнёвыя, зялёныя і інш.). На Гродзеншчыне (Ваўкавыскі раён, в. Бабры) зверху такога андарака падпяразвалі палатняны фартух, вышыты ці «затканы» арнаментам, а па краю прышывалі фальбонку ў выглядзе дробных складачак з пакупной каляровай тканіны. Фартух прыпіналі і нявесце на Гомельшчыне, Брэстчыне і іншых месцах.

Падол фартуха з свастычным арнаментам (Лунінецкі строй)

Традыцыйны беларускі фартух у залежнасці ад шырыні палатна і мясцовых асаблівасцяў шыўся з аднаго, часцей з двух, а ў асноўных выпадках з двух з паловай і трох палотнішчаў. Дэкарыраваўся ён звычана адным або некалькімі папярочнымі бардзюрамі на падоле. Колькасць арнаментальных палос, іх шырыня, кампазіцыйнае размяшчэнне, наяўнасць ці адсутнасць дэкору на завязках (пасках, тычках), у месцах злучэння палотнішчаў вар'іравалася па рэгіёнах. Спосаб выканання дэкору і яго характар, як правіла, былі аднатыпнымі для фартуха і кашулі, што з'яўлялася адной з важных умоў вобразнага адзінства касцюма. Цікава, што параўнальна з кашуляй гэта частка адзення хутчэй зазнавала якія-небудзь змяненні. З канца ХIХ ст., напрыклад, усё часцей для фартухоў выкарыстоўваецца куплёны матэрыял, што адпаведна пацягнула за сабой іншы крой. Такія фартухі шыліся з адной полкі і ўпрыгожваліся прышыўной вышаванай фальбонай. На рубяжы стагоддзяў традыцыйны комплекс святочнага адзення ўключаў кашулю, упрыгожаную геаметрычным шыццём ці ткацтвам, і фартух з куплёнай тканіны, які не меў выразных рэгіянальных прыкмет. Акрамя таго, тэрытарыяльна традыцыйныя палатняныя фартухі былі пашыраны менш, чым кашулі. Іх не насілі, напрыклад, у асобных раёнах Брэсцкага Пабужжа, Падняпроўя.

Фартухі-«затулкі» з в. Лелікава, Павіцце, Радастава Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці, якія захоўваюцца ў Брэсцкім краязнаўчым музеі, «прыпінала» сваха зверху саматканай спадніцы з натканымі гарызантальным узорам палосамі. Яе замаўлялі краўцам-яўрэям да 20-ых гг. XX ст.

У пост у шэрагу месцаў сялянкі насілі чорныя фартухі (Усходняе Палессе). У чорных фартухах (в. Знаменка Жыткавіцкага раёна) хадзілі і на хаўтуры і бралі з сабой «плакаць» маленькую вышытую хустачку-«ражок». Вядома, што хавалі жанчын у той самай вопратцы, у якой яны вянчаліся, або ў святочнай, у спадніцах і фартухах у тым ліку. Калі жанчына пры жыцці мела некалькі мужоў, у гроб ёй клалі два фартухі (в. Рычаў Жыткавіцкага раёна). Цёмныя фартухі ў многіх месцах насілі на працу.

У розных рэгіёнах Беларусі фартухі шылі па-рознаму, па-рознаму іх і ўпрыгожвалі. Былі яны аднаколернымі і проста белымі, і ў пачатку XX ст. прэстыжна было шыць іх з пакупнога палатна ці тонкай шэрсці («шаляновыя»), а таксама з паркалю і сітцу.

Шылі іх з адной, двух, трох полак палатна, збіраючы ў дробную зборку або складкі на паясніцы. Вельмі часта фартухі вышывалі «крыжыкам» ці гладдзю ўнізе 1-2 вузкімі палоскамі геаметрычнага ці расліннага арнаменту. Пераважную большасць іх знізу падшывалі карункамі. Куплялі ў яўрэяў і гатовыя белыя паркалёвыя фартухі з нашыўкай або з вязанай устаўкай.

Распаўсюджаны былі паўсямесна фартухі з фальбонкай («хвальбонка», «брыжыкі», «брыжы»), якую прышывалі пераважна да будзённых фартухоў. Увогуле для паўсядзённай носкі шылі, як правіла, аднаколерныя, з фальбонкай, з закладзенымі па нізе 2-3 невялікімі папярэчнымі складкамі. Часам такі фартух шылі са старога палатна (са зношанай спадніцы, парткоў і г.д.).

У святочныя фартухі сялянкі ўкладвалі ўсё сваё майстэрства вышыўкі, ткацтва, пляцення карункаў і г.д. На Усходнім Палессі (Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Светлагорскі раёны) фартухі шылі з прошвай па ніжняй частцы і карункамі «сваёй работы», якія прышывалі да нізу. Карункі ўстаўлялі і пасярэдзіне фартуха. Фартух пры гэтым разразалі папалам і ўстаўлялі карункі, а знізу (па падоле) прышывалі яшчэ карункі-«зубы». Нярэдка ўсю гэту прыгажосць дапаўнялі 2-3 чырвоныя гарызантальныя палоскі арнаменту. Фартухі тут шылі не толькі з палатна, але і з іншых тканін: паркалю, «шэляні», «церлаўкі». Чорнага колеру фартухі, якія насілі пераважна старыя жанчыны, упрыгожваліся вышаўкай чырвонымі кветкамі.

Прыгожыя шарсцяныя фартухі-«шаляноўкі» ў канцы ХІХ ст. сялянкі часта называлі «мікалаеўскімі». На фартухах Гомельшчыны вышывалі яшчэ і завязкі фартуха, якія шылі прыкладна 8-10 см шырынёй. Рабілі на фартухах не толькі складкі, але і па тры «зашчыпы», якія таксама былі і на сарочцы.

У Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці шылі суконныя фартухі, тканыя ў 2 полкі ў рознакаляровыя поласы. Былі яны без завязак, а таму зацягваліся на шнурок.

На Гродзеншчыне фартухі шылі частей з пакупной тканіны і вышывалі чырвонымі, чорнымі, сінімі ніткамі. Многія сялянкі простае палатно сваёй работы, як фарбаванае, так і белае, стараліся таксама прыгожа вышыць (10 см у нізе чырвонымі і чорнымі ніткамі) і аздобіць карункамі ці фальбонкай па нізе. Святочныя фартухі шылі з тонага кужэльнага палатна, будзённыя — са зрэбнага і зусім проста (з фальбонкай). У царкву і касцёл сялянкі (Мастоўскі, Ваўкавыскі, Зэльвенскі, Слонімскі, Бераставіцкі раёны) павязвалі белыя без вышыўкі «фартушкі» з пакупной тканіны, якія ля пояса закладвалі ў складку, а вакол фартуха прышывалі нешырокую «хвальбонку».

На Міншчыне і Віцебшчыне фартухі шылі такога ж крою: з аборкай «хвальбонка», «скудзеркі», «брынзелькі», «андаляжы» ці са складачкамі. У першай палове ХХ ст. сустракаліся фартухі з «грудзінкай» на шлейках. Святочныя фартухі тут шылі пераважна белыя, якія «ператыкалі» чырвонымі і чорнымі ніткамі ці вышывалі геаметрычным або раслінным арнаментам. Упрыгожвалі нашыўкай рознакаляровых стужак або прошвай па нізе. Пры наведванні царквы белыя вышытыя фартухі лічыліся абавязковымі. Для штодня для зручнасці іх шылі з цёмнай тканіны, якая не так хутка пэцкалася. Свае асаблівасці мелі і фартухі ў Заходнім Палессі. Шылі іх пераважна з даматканага, надзвычай тонкага і прыгожага кужэльнага палатна і багата «вытыкалі» шарсцянымі пакупнымі ніткамі ў папярэчныя палосы, якія вылучаліся сваёй паліхромнасцю. Дзяўчаты такія фартухі ўпрыгожвалі вышытымі на іх пеўнямі і папарна складзенымі ружамі і іншымі кветкамі, якія былі сімвалам кахання. Пазней для «ператыкання» выкарыстоўвалі баваўняныя ніткі. Палосы на фартухах, якія былі як белыя, так і іншых колераў, былі і папярэчнымі, і прадольнымі. У якасці паўсядзённага адзення сялянак фартух вядомы да нашагу часу. Фартух цёмнага колеру сялянкі выкарыстоўваюць у час гатавання ежы, працы па гаспадарцы і догляду жывёлы. У сярэдзіне ХХ ст. побач з фартухамі традыцыйнага крою з'явіліся фартухі з «грудзінкай», «нагруднікамі» (прышытай ці суцэльнакроенай нагруднай часткай), якія выкарыстоўвалі ў хатнім побыце. Традыцыйнага крою, але з фабрычных тканін, пераважна цёмных колераў, да 70-ых гг. ХХ ст. шылі спадніцы і фартухі жанчыны старэйшага пакалення. Сярод іх пашыраны былі клятчастыя ці ў палоску спадніцы, якія шыліся крыху карацейшымі і зверху якіх у свята падпаразваліся белыя, а ў будзённыя дні квяцістыя фартухі.

Сімволіка, традыцыі і абрады з выкарыстаннем фартуха[правіць | правіць зыходнік]

Фартух не толькі складае неабходную частку жаночага адзення, але відавочна адыгрывае вельмі вялікую ролю ў значнасці самой прыстойнасці. Ніякая жанчына, якая шануе сябе, не пакажацца без фартуха перад мужчынам, з якім яна лічыцца як з чалавекам. Пры з'яўленні ў хаце чужога чалавека гаспадыня перш за ўсё глядзіць, ці прыстойна яна адзета, ці падпярэзаны ў яе фартух.

Фартух у беларусаў выконваў абрадавую функцыю. Так, яго выкарыстоўвала маці нявесты, якая несла ў ім жыта для абсыпання маладых. Фартух уваходзіў у спіс адзення, якое дарыла нявеста свякрусе. У асобных месцах свякруха расцілала свой фартух пад ногі нявесткі, каб яна абавязкова наступіла на яго. На думку беларусаў, гэта служыла сімвалам яднання свякрухі і нявесткі. У строі жанчын фартух меў сімвалічнае засцерагальнае значэнне, які па народных уяўляннях, ахоўваў лона маці, таму вялікая роля надавалася арнаментацыі фартуха рознымі магічнымі сімваламі: ромбамі, якія ўвасаблялі ўрадлівую зямлю, салярнымі знакамі, выявамі птушак як сімвалаў шчасця, раслінным арнаментам. Фартух удзельнічаў у абрадзе хрышчэння нованароджанага: менавіта на фартуху неслі дзіця на хрэсьбіны.

Фартушок сімвалізаваў радаводную эстафету, прычым верхняя частка і пояс, на якім трымаўся атрыбут жаночай долі, былі чырвонымі, гэта значыць жывот жанчыны — улонне новага жыцця — быў экраніраваны. На другі дзень вяселля, пасля таго як дзяўчына-нявеста перарадзіцца ў статусе жанчыны-гаспадыні, да яе падыходзіла маці жаніха, здымала фату і вянок і павязвала два атрыбуты жаночай долі: хусцінку (намітку) і фартушок.

На Радаўніцу на надмагільныя крыжы (знак роўнасці перад Богам) падвязваюць адпаведныя знакі-сімвалы. На магіле жанчыны такім знакам-сімвалам выступае белы фартушок. Для аздаблення раскрэсных i прыдарожных крыжоў выкарыстоўвалi невялiкiя, спецыяльна пашытыя фартушкi і стужкi. Белыя і рознакаляровыя павязвалiся на 30-40 см нiжэй перакрыжавання на вертыкальным бруску, утвараючы больш чым метровы каскад складак, якi нагадваў фалдзiстую спаднiчку. Каб фартушкi не падымалiся ад ветру, iх «спавiвалi» (абмотвалi стужкамi). Прынцыпы «апранання» раскрэсных крыжоў былi даволі класічныя i падобныя ў многiх вёсках усяго палескага рэгiёну. Фартушок — набедраная павязка, пояс, стужка — не вызначалiся асаблiвай выдумкай дэкаратыўнага афармлення. Жанчына, якая, прагнучы мець каханага хлопца за мужа, iшла да крыжа, несучы яму белую палатнiну ручнiка цi фартуха з чырвонымi паскамi. Фартух дзяўчаты пачыналі насіць пасля дасягнення паўналецця. 3 фартухом была звязана цэлая сістэма прадпісанняў этыкету і шэраг вераванняў шлюбнага характару. Калі дарогай развяжуцца матузы — муж здрадзіў. Страта фартуха атаясамлівалася са стратай дзявоцкасці. Фартух увасабляў ідэю нараджэння — у яго кідалі чарапкі, каб бясплодная жанчына магла зацяжарыць; ім выціралі сурочаных дзетак. На Кобрыншчыне жанчыны павязвалі не адзін, а два фартушкі. Насілі іх так, каб арнамент ніжняга фартушка быў бачны з-пад верхняга. Другi фартушок павязваўся не заўсёды, але абавязкова — у рытуальных выпадках. Напрыклад, калi падчас вяселля сваццi iшлi па маладую. Яны павязвалi другi фартушок, падтыкалi яго ў выглядзе кiшэнi i клалi туды розныя пачастункi: бохан хлеба («каб i ў маладой гэтак жа, як хлеб з рошчыны вырас, жывоцiк увесь час падрастаў» — каб у доме было шмат дзяцей), сыр i iншыя. На Палессі жонка пасля смерці мужа сорак дзён хадзіла, не заплятаючы валасы ў касу, а калі ўдава збіралася яшчэ раз замуж, то да сарака дзён не зашпіляла каўнер кашулі і не завязвала фартуха.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Бялявіна, В.М. Жаночы касцюм на Беларусі / В. М. Бялявіна, Ракава В. Л. — Мн.: Беларусь, 2007.
  • Кацар М.С. Беларускi арнамент. Ткацтва. Вышыўка / М. С. Кацар. — Мн: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1996.
  • Крук, І.І. Сімволіка беларускай народнай культуры / І. І. Крук. — 2 выд.; стэрэат. — Мн.: Ураджай, 1996.
  • Сахута, Я.М. Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка / Я. М. Сахута. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1996.
  • Сахута, Я.М. Беларускае народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва / Я. М. Сахута. — Мн.: Беларусь, 1996.
  • Фадзеева, В.Я. Беларускi ручнiк / В. Я. Фадзеева — Мн: Навука і тэхніка, 1994.
  • Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэд.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1989.
  • Марчук, Р. "Пайшла як пава, альбо бездзежскіх жанчын відаць здалёк" / Р. Марчук // Маладосць. – 2010. – № 11. – С. 111-113.

У сеціве[правіць | правіць зыходнік]