Перайсці да зместу

Намітка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карціна "Жанчына ў намітцы". М. М. Філіповіч, 1928
Манекен з нацыянальным строем у інтэр’еры хаты ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту

На́мітка, намётка, таксама павойнік[1] — старажытны традыцыйны жаночы галаўны ўбор ва Ўсходняй Еўропе, які насілі замужнія жанчыны ў Беларусі, на захадзе і поўначы Ўкраіны, у паўднёвых абласцях Расіі  (руск.), а таксама ў Літве ды Латвіі.

Уяўляе сабой паласу з вельмі тонкага белага кужэльнага льнянога палатна, радзей — канаплянай або шаўковай тканіны, шырынёй 30-70 сантыметраў і даўжынёй ад трох да пяці метраў, якая пэўным чынам завязваецца вакол галавы паверх каптура ці подвачкі  (укр.).

Геаграфія і гісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

Наміткі ва Ўкраіне

[правіць | правіць зыходнік]
Стылізаваны нацыянальны строй (бабуля за калаўротам) з наміткай.

Паводле ўкраінскіх даследчыкаў, у эпоху Кіеўскай Русі жанчыны накрывалі галаву тканінай[2] — прастакутным кавалкам палатна памерам 2 м на 40-50 см белага або пурпурнага колеру з упрыгожанымі канцамі. Існавала два спосабы звязвання ўбруса: яго накідвалі на галаву, пакідаючы шыю свабоднай або абмотвалі вакол шыі пад падбародкам. У Іпацьеўскім летапісе таксама згадваецца падобны галаўны ўбор — павойнік[3]. Першы спосаб нашэння выкарыстоўваўся на ўкраінскай Бойкаўшчыне яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. У XVI—XVIII стагоддзях жанчыны таксама насілі "абрус". Але пачынаючы з XV—XVI стагоддзяў на мініяцюрах пачынаюць з’яўляцца жанчыны ў намітках. У пісьмовых крыніцах тэрмін «наміткі» згадваецца пад 1565 годам у Львоўскай гарадской кнізе, а таксама ў «актавай кнізе Жытомірскага гарадскога ўрада XVI ст.». У Лохвіцкай ратушнай кнізе другой паловы XVII ст. з’яўляюцца тэрміны «намётка» і «перамётка». Але самай распаўсюджанай украінскай назвай гэтага галаўнога ўбору ў той час быў «серпанок  (укр.)». Намёткі і серпанок адрозніваліся матэрыялам. Намёткі выраблялася са звычайнага палатна, серпанок — з вельмі тонкага. У XVIII стагоддзі было наладжана прамысловая вытворчасць серпанкоў на фабрыках і яны моцна распаўсюдзіліся[4]. У XIX стагоддзі намёткі ткалі з лепшых гатункаў лёну ў хатніх умовах тонкімі, як марля. У пачатку XX стагоддзя наміткі яшчэ сустракаліся ў побыце месцамі па вёсках. У даваенны час пераміткі насілі ў заходніх абласцях Украіны, а ў Карпатах і на паўночным захадзе на Валыні яны затрымаліся і да другой паловы ХХ стагоддзя, але шырокага ўжывання ўжо не мелі і паступова сышлі з выкарыстання зусім.

Наміткі ў Літве і Латвіі

[правіць | правіць зыходнік]
Літоўская купішская намітка. Фота Б. Бурачаса, 1935 г.
Літоўская намітка. Фота Б. Бурачаса, 1935 г.

У Літве жаночыя галаўныя ўборы тыпу намітак засведчаныя з ХІ-ХІІ стагоддзяў. Вядомыя некалькі спосабаў іх завязвання. Найдаўжэй, да міжваеннага часу, бытавалі на паўночным усходзе Літвы (Купішкіс)[5].

Намітка-nuometas нярэдкая ў літоўскім народным фальклоры ў тым ліку з захаду Літвы: "Пад зялёным вянком танцы танцавала, / Пад белай намёткай беды бедавала", "І зняў вяночак як ранішнюю расічку, / І надзеў намётачку як цёмную ночку"[6].

Сярод латышскіх жаночых галаўных убораў наміткі зафіксаваныя на малюнку канца XVIII ст. Ё. К. Бротцэ[7].

Латышскія наміткі на малюнку Ё. К. Броцэ, канец 18 ст.
Латышскія жаночыя галаўныя ўборы ў канцы XVIII ст. Малюнак Ё. К. Бротцэ.

Паводле расійскага славіста М. Фасмера, слова намітка (наметка, намётка) ад прыназоўніка на і дзеяслова мятаць «кідаць», г.зн. «накідка»[8][9][10][11].

Даваенны літоўскі фалькларыст Ё. Баліс звяртаў увагу на падабенства назваў блр. намётка, укр. намітка і літоўскага nuometas "намітка"[12]. Паводле індаеўрапеіста К. Д. Бука, літоўскае слова паходзіць ад прыставачнага дзеяслова nu-mesti[13], у якога адно са значэнняў "апрануць (вопратку на сябе)" (даслоўна "накінуць, закінуць (на сябе)"), ад mesti "кідаць"[14]. З іншага боку, літоўскі даваенны мовазнавец К. Буга літоўскае nometas лічыў "рускім запазычаннем", але адзначаў і наяўнасць латышскага nāmets з тым жа значэннем.[15][16]

На паўночным захадзе Ўкраіны, на Валынскім Палессі намітку называлі «намітэць»[17]; на захадзе (на Гуцульшчыне, усходзе Закарпацця, захадзе Букавіны, поўдні Заходняга Падолля) — «пэрэмітка»[17]. Іншыя назвы ва Ўкраіне матываваліся іначай: у Валыні намітку называлі «плат», на ўкраінскім Палессі — «завивало», на Лемкаўшчыне — «рубок», на Букавіне — «рушник»[18]; на Букавіне[17] і Усходнім Падоллі[19] — «рантух»; на Заходнім Палессі — «серпанок», на Чарнігаўскім Палессі — «зав’язка»[17]; на Усходнім Падоллі — «нафрама»[19][20]. Рускія звалі падобны галаўны ўбор убрус, полотенце, ширинка, подширье, фата, гомылька[21].

Паводле Ё. Баліса, незамужнія дзяўчаты галавы не пакрывалі, валасоў не хавалі, каб паказаць сваю прыгажосць і адкрытасць да шлюбу. Замужнія жанчыны, пакрываючы галаву, паказвалі гэтым свой замужні статус. Галаўны ўбор замужняй жанчыны даўней мелі надзяваць маладой жонцы ў першы ж ранак пасля першай шлюбнай ночы, у мужавым доме. Гэты абрад паказвае, што даўней замужнія жанчыны не павінны былі ў людзях паказвацца з непакрытай галавой.[22] Проставалосасць жанчыны ў народнай культуры ўспрымалася як вяртанне ў прыродны, стыхійны, хаатычны стан[23].

Па народных вераваннях намітка мела значэнне абярэга, яе адсутнасць магла прывесці да псуты ў гаспадарцы. Таму жанчыны ад вяселля і да смерці ўбіралі покрыва кожны раз, выходзячы з хаты. Першапачаткова намітку насілі і ў будні, і ў святы, але пасля з-за дастаткова вялікай складанасці завязвання яна стала ўборам для асаблівага выпадку: свята, кірмашу, якога-небудзь абраду, напрыклад, вяселля, яе таксама апраналі ў царкву. Часцей за ўсё жанчына ўпершыню апранала намітку на ўласнае вяселле. На Палессі маладой пасля вянчання ў царкве надзявалі намітку, і яна насіла яе цэлы дзень. Па прыезду нявесты, у хаце жаніха свёкар здымаў намітку і сяброўкі расчэсвалі нявесце валасы, закручвалі іх на тканку і надзявалі чапец і хустку[24]. Шлюбавая намітка захоўвалася ўсё жыццё і ўкладывалася ў труну жанчыны.

Паводле ўкраінскіх даследчыкаў, тканіна для наміткі ткалася спецыяльная. Ніткі ўтка не прыбіваліся шчыльна адна да адной, таму гатовае палатно нагадвала марлю. У якасці матэрыяла ў Беларусі часцей за ўсё бралі лён, радзей каноплі, ва ўкраінскай Кіеўскай вобласці наміткі рабілі з белага шоўку[25].

Літоўская аўкштайцкая намітка-nuometas
Літоўская аўкштайцкая намітка-nuometas
Намітка-"пэрэмітка" з украінскай Цярнопальскай вобласці

У залежнасці ад мясцовасці ў Беларусі існавала каля 30 розных спосабаў завязвання намітак[26]. Пад намітку жанчыны апраналі чапец, які мог быць сатканы з грубых нітак хатняга прадзення, а мог быць сшыты з пакупных палотнаў і упрыгожаны залатой вышыўкай у залежнасці ад дастатку сям’i. Часам на галаву клалі выразаныя з дрэва падложкі для таго, каб форма наміткі была больш выразнай і прыгожай. У якасці падложкі маглі выкарыстаць таксама валік з кудзелі, абшыты палатном, на які накручвалі валасы ці подвачку — абруч з лазы або ясеня шырынёй у далонь і памерам у абхоп галавы. Палотнішча абмотвалася вакол галавы, спускаючы канцы на плечы і спіну.

Намітка закрывала лоб і шыю, прыцягваючы ўвагу да вачэй і надаючы ім асаблівае ззянне, таму нават немаладыя жанчыны выглядалі больш прыгожымі. Звісаючыя канцы наміткі падкрэслівалі паставу.

Часцей за ўсё адзін канец наміткі праходзіў пад барадой і драпіраваўся над плячом, а другі спадаў на спіну. Часам абодва канцы завязваліся ззаду, напрыклад, у магілёўскім строі, над ілбом ці па баках, напрыклад, у Капыльска-Клецкім строі[26].

У некаторых выпадках завязаную намітку замацоўвалі доўгімі шпількамі, каб яе можна было здымаць і надзяваць як шапку і не завязваць кожны раз нанова[26].

Аздабленне намітак

[правіць | правіць зыходнік]

Наміткі ўпрыгожваліся складанай вышыўкай, часта з сімвалічнымі традыцыйнымі ўзорамі ці арнаментам[26]. Вышыўка размяшчалася па краю і на канцах наміткі. Выкарыстоўваліся таксама каклюшныя карункі ці мохрыкі[27]пухавіцкім, маларыцкім і кобрынскім строях)[26] і ўзорыстае ткацтва.

Святочныя наміткі ўпрыгожвалі зелянінай, букетамі штучных і жывых кветак, папяровым веерам, як у ляхавіцкім строі, пер’ем, як у кобрынскім строі, каробачкай з двума «рожкамі» з пукоў фарбаванага пер’я, як у касцюме свацці ў маларыцкім строі[26].

На Заходнім Палессі наміткі былі пераважна палатняныя, толькі ў сяле Крупава  (укр.) Дубровіцкага раёна Ровенскай вобласці ва Ўкраіне выраблялі тонкае кісейнае палатно. Аздаблялі канцы прастакутнымі палосамі вышыўкі ці ткацтва, а таксама часта чало — вузкую палоску, якая пры вывязванні аказвалася над тварам. Чало не абавязкова знаходзілася пасярод намёткі, а магло быць размешчана бліжэй да аднаго з бакоў. Гэта залежала ад плануемага спосабу завязвання. Таксама, з прычыны таго, што пры завязванні намётка складалася ў некалькі разоў, частка яе паверхні заставалася ўтоенай, так палескія жанчыны мелі магчымасць рабіць некалькі варыянтаў узораў на канцах і два розных чала, якія аказваліся бачны па чарзе ў залежнасці ад жадання ўладальніцы. Дэкарыраванне ажыццяўлялі пераборным ткацтвам чырвонай ніткай або вышыўкай заваліканнем чырвоным з украпваннем чорнага (сіняга) або выразаннем («рыззю») з даданнем прамой гладдзі  (укр.) і верхаплуту белым (ці з даданнем чырвонага і сіняга).

Украінскія Пакуцкія  (укр.) і гуцульскія пераміткі былі палатнянымі і ўпрыгожаны на канцах пераборным ткацтвам з сусальнымі срэбнымі і залатымі кветкамі, таксама мелі пэндзлікі[28].

  1. Павойнік // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. . — Мн.: БелСЭ, 1989. — 575 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-014-9. — С. 371.
  2. Стельмащук 1993, с. 55.
  3. Стельмащук 1993, с. 55-56.
  4. Стельмащук 1993, с. 74.
  5. https://www.vle.lt/straipsnis/nuometas/
  6. http://lkz.lt/?zodis=nuometas&id=20056670000
  7. https://krustokrustovij.lv/en/etnografija/
  8. Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 7. Мінск, 1991. С. 225-226.
  9. Етимологічний словник української мови. Т. 4. Київ, 2003. С. 35.
  10. М. Фасмер. Этимологический словарь русского языка. Т. 3. Москва, 1987. С. 41.
  11. Этимологический словарь славянских языков. Праславянский лексический фонд. Вып. 22. Москва, 1995. С. 184-185.
  12. Jonas Balys. Raštai. II. Vilnius, 2000. С. 135.
  13. Buck C. D., A Dictionary of Selected Synonyms in the Principal Indo-European Languages, Chicago, Illinois, 1949. С. 436.
  14. http://lkz.lt/?zodis=mesti&id=19044660000
  15. K. Būga. Rinktiniai raštai. Vilnius, 1959. C. 502.
  16. Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 7. Мінск, 1991. С. 226.
  17. а б в г Стельмащук 1993, с. 136.
  18. Рукотвори 2009.
  19. а б Косміна О. Ю.  (укр.) Традиційне вбрання українців. — К. : Балтія-Друк, 2008. — Т. 1 : Лісостеп; Степ. — 2008. — 160 с. : іл. ISBN 966-8137-51-5
  20. Гальчевська Л. А. Традиційні головні убори українців Східного Поділля кінця ХІХ-ХХ ст..
  21. Украінскія нацыянальныя касцюмы Архівавана 16 красавіка 2009. (руск.)
  22. Jonas Balys. Raštai. II. Vilnius, 2000. С. 134-136.
  23. Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік. Мінск, 2004. С. 64.
  24. Адзенне. Жаночы касцюм. Галаўныя уборы Архівавана 21 верасня 2008. // Партал беларускага фальклору
  25. Воропай О. Звичаї нашого народу — К.: Оберіг, 1993. — 592 с.
  26. а б в г д е Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 575 с.: іл. ISBN 5-85700-014-9. (бел.)
  27. Скребок, баратинки и намитка Архівавана 19 студзеня 2012. (руск.)
  28. Рэпартаж тэлеканала 24 (укр.)
Вонкавыя відэафайлы
Намітка
«Прывід з Давыд-гарадка»