Перайсці да зместу

Франкізм

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сцяг Іспаніі пры Франка ў 1945—1977 гадах

Франкізм (ісп.: franquismo) — сістэма і ідэалагічнае абгрунтаванне дыктатуры Франсіска Франка, які кіраваў у Іспаніі ў 1939-1975 гадах. Ідэалогія значна менш таталітарнага характару, чым італьянскі фашызм і нямецкі нацызм. Характарызавалася наяўнасцю рэакцыйных рухаў (Фаланга), вялікім уплывам каталіцкай царквы. З цягам часу «жорсткасць» рэжыму слабела.

Форма кіравання і франкісцкая сістэма мелі ярка выяўлены персаналісцкі характар, гэта значыць у большай ступені вызначаліся асобай дыктатара, чым нейкай пэўнай ідэалогіяй. Франка, які не вылучаўся харызматычнасцю, здолеў утрымаць у сваіх руках практычна неабмежаваную ўладу да самай смерці ў 1975 годзе. Падчас яго кіравання ў Іспаніі не было кадыфікаванай канстытуцыі, дзейнічала толькі абмежаваная колькасць выдадзеных ім асноўных законаў, якія мелі статус канстытуцыйных. На ўсе значныя пасады ў дзяржаве, аж да ўзроўню правінцый, Франка прызначаў людзей, з якімі яго злучалі асабістыя даверныя адносіны. Тыя ўстановы, якім ён перадаваў уладныя паўнамоцтвы або якія ён не мог ігнараваць, напрыклад, дзяржаўную партыю «Нацыянальны рух», каталіцкую царкву і ваенных ён увесь час настройваў адну супраць адной.

Па меркаванні франкісцкай эліты франкізм атрымаў сваю легітымацыю перамогай у Грамадзянскай вайне, якая разглядалася не проста як перамога свайго светапогляду, але і як абарона іспанскай і еўрапейскай цывілізацыі і культуры. Паколькі каталіцтва лічылася складовай часткай іспанскай культуры, царква цесна супрацоўнічала з дзяржавай у рамках так званага нацыянал-каталіцтва.

За 39 гадоў свайго існавання франкісцкая дзяржава зведала значныя змены ў эканоміцы, знешняй палітыцы і ў меншай ступені ва ўнутранай палітыцы. Перыяд дыктатуры Франка ў Іспаніі можна падзяліць на некалькі этапаў. Пачатковы, дэспатычны этап, калі ішла масавая расправа над групамі насельніцтва, якія пацярпелі паражэнне ў Грамадзянскай вайне, мае пэўныя рысы фашысцкіх рэжымаў таго часу і планавай эканомікі. У канцы кіравання Франка рэжым быў хутчэй аўтарытарна-кансерватыўным, калі пасля працяглага перыяду ўнутранай стагнацыі краіна перажыла «эканамічны цуд», пачатак якому паклаў стабілізацыйны план 1959 года. Іспаніі ўдалося падняцца да ўзроўню развітых краін у дзясятцы самых буйных індустрыяльных дзяржаў свету. Эканамічны прагрэс, тым не менш, не падтрымліваўся якім-небудзь імкненнем да палітычнай адкрытасці.

У сучасных даследчыкаў адсутнічае адназначная пазіцыя па класіфікацыі франкізму. У выніку чаго ў розных аўтараў яны вар'іруюцца ад яго аднясення да фашызму да прызнання формай аўтарытарызму. Часам франкізм таксама адносяць да ўнікальных формаў палітычнага (дзяржаўнага) рэжыму.