Халаднік
| Халаднік | |
|---|---|
| | |
| Уваходзіць у нацыянальныя кухні | |
|
беларуская кухня літоўская кухня[d] украінская кухня латышская кухня[d] і польская кухня |
|
| Краіна паходжання | Рэч Паспалітая |
| Падача | |
| Тып стравы | першая страва[d] і суп |
| Роднасныя стравы | |
| Падобныя | боршч |
Халадні́к, халадзе́ц — халодны суп, традыцыйная страва беларускай, латышскай, літоўскай, польскай і ўкраінскай кухняў, з каранямі ў часах Рэчы Паспалітай.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першы вядомы рэцэпт стравы пад назвай проста «халаднік» зафіксаваў у Варшаве Павел Трэмо, шэф-кухар караля Станіслава Аўгуста ў канцы XVIII ст.[1] Паводле захаванага рэцэпта, гэты каралеўскі халаднік гатавалі са смятаны, агурочнага квасу, свежавыціснутага лімоннага соку, вараных ракавых шыек і нарэзанага кубікамі далікатнага мяса птушкі (каплуна ці курыцы) або мяккай цяляціны. Таксама дадавалі варанае бацвінне, якое Трэма дазваляў замяняць шчаўем або зялёнай цыбуляй, свежыя і кіслыя агуркі, кроп і белы перац. Суп абавязкова ахалоджвалі, падаючы з кавалкамі лёду[2].
Адно з найстарэйшых вядомых пісьмовых сведчанняў пра страву сустракаецца ў кнізе Р. Ладоўскага «Прыродная гісторыя Каралеўства Польскага» (1780), дзе адзначалася[3]:
| У Літве з бацвіння, то бок з лісця буракоў, робяць смачную, ахаладжальную страву, якую па-руску называюць халадзец. Арыгінальны тэкст (польск.)
W Litwie z botwiny, to jest z liści buraków, robią potrawę smaczną, chłodzącą, po rusku chołodec zwaną. |
Неўзабаве ў фундаментальным «Слоўніку польскай мовы» Самуэля Багуміла Ліндэ (1807—1814) словы «халадзец» і «халаднік» (польск.: chołodziec, chołodec) ужо былі афіцыйна зафіксаваныя як сінанімічныя назвы супу з бурачнага лісця, папулярнага ў гістарычнай Літве[4]. У гэтым жа значэнні страву згадваў і Людвік Пяржына ў кнізе «Лекар для сялян...» (1793)[4].
Ранняе сведчанне пакінуў ваенны лекар Ян Драздоўскі (нар. 1766), у мемуарах пра жыццё ў Бяле-Радзівілаўскай у канцы XVIII ст. ён згадвае як пакаштаваў халаднік ў мясцовай жанчыны, звяртае ўвагу на розніцу ў назве і сацыяльным статусе стравы[5]:
| У гэтым доме ўпершыню навучыла нас старая кабеціна <...> рабіць літоўскі халадзец, па-нашаму халаднік, у прасталюддзя званы бацвіннем <...> пытаюся, што б ела — адказвае, што халадзец; пакаштаваў я, і на смак спадабаўся мне; кажу ёй, каб навучыла маю кухарку, як гэта робіцца — „добра, пане, навучу, але як яго робяць па-панску;“ а бо там не цяжка было з ракамі, якіх тая ж кабеціна лавіла, прынесла іх і зрабіла нам гэтую страву з ракавымі шыйкамі, са смятанай і з іншымі інгрэдыентамі, што да гэтага належалі; з таго часу халаднік стаў улетку найлепшай для нас стравай.
Арыгінальны тэкст (польск.)
W tym domu raz pierwszy nauczyła nas stara kobiecina <...> robić litewski chłodziec, po naszemu chłodnik, u pospólstwa zwany boćwiną <...> pytam, coby jadła — odpowie, że chołodec; skosztowałem, a ze smaku podobał mi się; mówię jéj, aby nauczyła moją kucharkę jak się to robi — „dobrze, panie, nauczę, ale jak go robią po pańsku;“ a że tam nie trudno o raki, które taż sama kobiecina łowiła, przyniosła takowych i zrobiła nam tę potrawę z szyjkami raczemi i ze śmietaną i z innemi ingredencyami do tego należącemi; od téj pory chłodnik stał się w lecie najlepszą dla nas potrawą |
Адно з першых сведчанняў пра халаднік на тэрыторыі сучаснай Беларусі пакінуў нямецкі лекар Яган Петэр Франк (1745—1821), прафесар Віленскага ўніверсітэта, які ў 1805 годзе паехаў у Нясвіж да князя Міхала Гераніма Радзівіла, дарогай змок і змёрз і спадзяваўся па прыедзе на гарачую ежу, але яму падалі халодны суп з лёдам. Франк быў шакаваны ледзяной ежай, небяспечнай пасля пераахаладжэння цела. Ужо тады асновай халадніку былі буракі (бацвінне) і кіслае малако (ці смятана), а для ахалоджвання ўжывалі натуральны лёд.[1]
Насуперак бацьку, яго сын, таксама прафесар Віленскага ўніверсітэта Ёзэф Франк, пакінуў захопленыя ўражанні пра гэтую страву. Улетку таго ж 1805 года ў Вільні ён быў запрошаны на абед князем Юзафам Радзівілам, якога лячыў, і так апісаў гэты вопыт[6]:
| …на абед падалі халаднік літоўскі, прыгатаваны са смятаны, бацвіння, агуркоў, яек ўкрутую, ракавых шыек і кавалкаў лёду. Гэта была непараўнальная страва ў ліпеньскую спякоту, якая якраз тады стаяла…
Арыгінальны тэкст (польск.)
...podano na obiad chłodnik litewski, sporządzony ze śmietany, boćwiny, ogórków, jaj na twardo, szyjek rakowych i kawałków lodu. Była to niezrównana potrawa w upały lipcowe, jakie właśnie mieliśmy... |
Станіслаў Мараўскі згадваў падарожжа на Наваградчыну ў 1815 годзе, калі гасцінныя гаспадары падалі да абеду адразу 4 супы: халаднік, булён, боршч з вяндлінай і крупнік з бычыным хвастом.[1]
Калі Габрыэля Пузына з Гюнтараў у юнацтве гасцявала з бацькамі ў Варшаве, генерал Гелгуд запрасіў іх на абед, дзе падалі халаднік і курчанят, што «прыемна перанесла на радзіму». У 1825 годзе, у Пулавах князёў Чартарыйскіх, гаспадары ладзілі пікнік, куды госць мусіў прынесці сваю страву, бацькі Габрыэлі прынеслі літоўскі халаднік. А Ганна Патоцкая частавала Гюнтараў халадніком у Вілянаўскім палацы, але выбачалася, бо ў Варшаве няма «той вады» з Лідскага павета, што дае праўдзівы смак.[1]
Дадатак «літоўскі» (польск.: Chłodnik litewski), імаверна, пашырыўся пасля паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», дзе страва згадана тры разы, а як «халаднік літоўскі» — два, у розных частках твора (у перакладзе Пятра Бітэля)[1]:
Манах прамармытаў малітву па-латыні, |
Бернардын памаліўся хутка па-лаціне, |
Мужчыны выпілі гарэлкі, і ўсе селі, |
Згаданы і «халаднік забелены», які елі пад гарэлку перад падачай ракаў, куранят і шпарагаў. Усе падзеі паэмы адбываліся на Наваградчыне, што сведчыць пра папулярнасць халадніку тым часам на землях Беларусі. Уплыў Міцкевіча стаў магутным штуршком для папулярызацыі халадніку[1].
У польскім літаратуразнаўстве пэўны час існавала дыскусія наконт таго, ці не азначала слова «халадзец» (польск.: chołodziec) у паэме Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» мясное жэле (квашаніну). Прычынай стала пазнейшае семантычнае расслаенне: у сучасных усходнеславянскіх мовах «халадзец» — гэта мясная страва. Аднак даследчыкі даказалі, што ў часы Міцкевіча на тэрыторыі гістарычнай Літвы тэрміны «халаднік» і «халадзец» былі абсалютнымі сінонімамі і абазначалі выключна халодны суп на аснове бацвіння. Мясное жэле тады называлі інакш — «квашаніна», «студзяніна» або «галярэта»[7].
Важным доказам таго, што гаворка ідзе менавіта пра суп, стаў пераклад паэмы на беларускую мову, зроблены ў міжваенны час Браніславам Тарашкевічам (выдадзены ў 1984 годзе). Тарашкевіч паслядоўна пераклаў абодва польскія тэрміны адным беларускім словам: як «халадзец», так і «смачны халадзец забяляны». Наяўнасць азначэння «забяляны» (г. зн. запраўлены смятанай або малаком) адназначна сведчыць пра тое, што гэта вадкі суп, бо забяліць мяса ў жэле немагчыма[8].
Замена ж Міцкевічам у пятай кнізе паэмы слова «халадзец» на «халаднік» (польск.: I chłodnik zabielany milcząc żwawo jedli) тлумачыцца выключна фанетычнымі і паэтычнымі прычынамі[9]. Акрамя таго, традыцыя Рэчы Паспалітай вымагала перад ежай піць гарэлку не пад суп, а ўсухамятку — перакусваючы пернікам, таму халаднік у паэме выступаў менавіта як асноўная страва, пасля якой ішлі іншыя[10].
Лідскі краязнавец Міхал Шымялевіч у артыкуле пра святкаванне Святога Юрыя на Лідчыне дае прыпеўку, якую хлопцы спявалі да дзяўчат[1]:
Сік! Сік! На дубнік, |
Лідскі краязнавец Віктар Кудла ўспамінаў пра сярэдзіну ХХ ст. на Лідчыне[1]:
| Калі пачыналася цёплае надвор’е, усе малочныя супы пасля гатавання выносілі ў камору для астуджэння і елі халоднымі. На халаднік бралі кіслае малако, трохі разбівалі лыжкай, у яго клалі парэзаны дробнымі кубікамі агурок і зялёны ўкроп — халаднік быў смачны для ўжывання. |
| Цёшча Марыя, як добрая і здатная гаспадыня карміла ўсю сям’ю. Гатавала клёцкі з дранай бульбы, квашаніну-халадзец, юшку з крыві, а вясною збірала шчаўе і рыхтавала халаднік. |
Падрабязнае апісанне гэтай стравы ў пачатку XIX стагоддзя пакінуў этнограф і ўраджэнец гістарычнай Літвы (Піншчыны) Лукаш Галамбёўскі ў працы «Дамы і двары» (польск.: Domy i dwory, 1830). Ён прыводзіць падрабязны рэцэпт менавіта «халадніка літоўскага»: адваранае ў квасе бацвінне, запраўленае смятанай, з даданнем ракавых шыек, кавалкаў цяляціны, каплуна або індыка, нарэзаных кубікамі сырых агуркоў і звараных укрутую яек. Усё гэта падавалася халодным, а пазней дадаваліся вараныя шпарагі і нарэзаная цыбуля або часнок[11]. Удзельнік паўстання 1830—1831 гадоў Войцех Гачалкоўскі ва ўспамінах пакінуў згадку як улетку 1831 года, падчас стаянкі паўстанцкага войска ля вёскі Маляванка пад Вільняй, ён быў гасцінна прыняты ў маёнтку мясцовага шляхціца, дзе падавалі «выдатны халадзец літоўскі» (польск.: wyborny chołodec litewski), які елі разам з калдунамі і мяснымі стравамі[12][6].
Ці не ўпершыню дакладны рэцэпт менавіта «халадніка літоўскага» апублікаваны ў кнізе Яна Шытлера «Кухар добра навучаны» (Kucharz dobrze usposobiony, 1830). Шытлер быў энтузіастам халадніку, і бураковага, і шчаўевага, і цяпер малавядомага дэсертнага з ягад і віна. Адна з яго пазнейшых кніг нават згадвае «халаднік» у доўгай, за тагачасным звычаем, назве: J. Szyttler. Kuchnia postna podająca najoszczędniejsze sposoby sporządzania potraw rybnych oraz zup, chłodników, pieczystego, marynat, jarzyn, melszpeizów, ciast itp. — Wilno, 1848[13].
У сваіх выданнях Ян Шытлер апісаў цэлую серыю разнастайных халаднікоў. Яго «Халаднік польскі» (1830) нагадваў каралеўскі рэцэпт Трэма, але кухар раіў загушчаць суп працёртымі варанымі жаўткамі, а акрамя буракоў і ракаў дадаваць шпарагі, кіслявы рыбны булён і трыбульку. У «Халадніку рускім» асновай быў хлебны квас з буракамі, свежымі агуркамі, эстрагонам і рыбным булёнам, у якім плавалі кавалкі варанага асятра[2].
У «Кухарцы літоўскай» Вінцэнтыны Завадскай, з першага выдання (Вільня, 1854), «халаднік літоўскі» фігуруе як мясцовы, «краёвы» спецыялітэт. Паводле яе асноўнага рэцэпту, халаднік гатавалі з зялёнага кропу, варанага бураковага бацвіння ці шчаўя, булёну і смятаны. Перад падачай на стол дадавалі звараныя ўкрутую яйкі, дробна нарэзаныя агуркі, вараныя ракавыя шыйкі або кавалкі рыбы ці цяляціны. А маглі быць і скрылікі халоднага варанага каплуна або індыка. Такой раскошы не ведалі сяляне, але маглі дазволіць сабе некаторыя «празмернасці» — напрыклад, сушаную рыбу, а пагатоў крутыя вараныя яйкі, якія ўрэшце ўвайшлі ў эталонную версію халадніка[13].
У 1859 годзе ў расійскім выданні «Працы Імператарскага Вольнага эканамічнага таварыства» была надрукавана нататка «Пра літоўскія стравы», дзе халаднік (у тэксце — хлодникъ або холодецъ) згадваўся як выключная нацыянальная страва літоўцаў і жамойтаў нароўні з верашчакай, юшнікам, шупеняй і канапляннікамі. Паводле апісання, багаты халаднік рабілі з дробна нарэзаных вараных буракоў, яек укрутую, ракаў і цяляціны, запраўляючы ўсё смятанай, свежымі агуркамі і кропам. Аўтар нататкі асобна падкрэсліваў важнасць тэмпературы падачы[14]:
| Але такая акрошка яшчэ не была б халадніком, калі б яна сапраўды не была халоднай, і для гэтага, калі падаюць на стол, кладуць у яе і кавалак лёду.
Арыгінальны тэкст (руск.)
Но такая окрошка еще не была бы холодникомъ, если бъ она дѣйствительно не была холодною, и для этого, когда подаютъ на столъ, кладутъ въ нее и кусокъ льду. |
У сярэдзіне XIX ст. халаднік быў штодзённай стравай сярод простага народа, хоць рэцэпт быў значна прасцейшы за шляхецкі. У этнаграфічным нарысе Адама Кіркора «Этнаграфічны погляд на Віленскую губерню» (1857) адзначаў, што ежа мясцовых славян і літоўцаў больш-менш аднолькавая, а аснову летняга рацыёну складае менавіта гэты суп[15]:
| Улетку хлебны квас, халадзец (халаднік), прыпраўлены паранай зелянінай, разведзенай халодным лёгкім квасам, пасоленай і забеленай малаком… Арыгінальны тэкст (руск.)
Лѣтомъ хлѣбный квасъ, холодецъ (холодникъ), приправляемый пареной зеленью, разведенной холоднымъ легкимъ квасомъ, посоленной и забѣленной молокомъ… |
У фундаментальным этнаграфічным выданні «Народы Расіі» (1878) у раздзеле, прысвечаным побыту ліоўцаў і жамойтаў, даецца дакладнае апісанне тагачаснага рэцэпта халадніку (у тэксце — хлодникъ). Паводле даследчыкаў, у другой палове XIX стагоддзя ў якасці вадкай асновы ўжо магла выкарыстоўвацца не толькі кісламалочная ці квасная база, але і вада з воцатам[16]:
| Такімі з'яўляюцца, напрыклад: халаднік, які гатуецца на воцаце і вадзе з дробна накрышаных каранёў чырвоных буракоў, смятаны, кропу, свежых агуркоў, звараных укрутую яек, ракаў або цяляціны, які ўжываецца ўлетку і заўсёды з дамешкам лёду.
Арыгінальны тэкст (руск.)
Таковы напримѣръ: хлодникъ, приготовляемый на уксусѣ и водѣ изъ мелко искрошенныхъ корней красной свеклы, сметаны, укропа, свѣжихъ огурцовъ, круто сваренныхъ яицъ, раковъ или телятины, употребляемый лѣтомъ и всегда съ примѣсью льда. |
Шырокае ўжыванне стравы сярод сялянства пацвярджаюць і працы іншых этнографаў. Напрыклад, Зінаіда Радчанка ў даследаванні «Гомельскія народныя песні» (1888), апісвае штодзённы рацыён беларусаў Гомельскага павета, таксама фіксуе халаднік сярод асноўных летніх супоў, раўняючы яго ў рускамоўным выданні з акрошкай[17].
Англічанін Фортэск’ю Андэрсан, які на запрашэнне графа Аляксандра Біспінга сем месяцаў жыў на Гарадзеншчыне падчас паўстання 1863 года, так апісвае тыповы летні абед у «рускай Польшчы»:
| А першай гадзіне абвяшчаецца абед, перад якім падаецца шклянка старога віскі. Абед складаецца з трох ці чатырох страў і заўсёды пачынаецца з супу. Улюбёны суп улетку — гэта забелены халодны суп (zupa chlodnik), і з ім падаюць звараныя ўкрутую яйкі, нарэзаны агурок і сушаны селядзец. Гэта вельмі смачна.[13] |
У англійскія кулінарныя кнігі халаднік трапіў гадоў за 20 да падарожжа Андэрсана. Як у самую папулярную сярод англійскіх гаспадынь першай паловы XIX ст. кнігу A New System of Domestic Cookery, аўтарства Мэры Элізы Рандэл, аўтарка памерла ў 1828, але кніга перавыдавалася ў наступных рэдакцыях. У выданне 1842 года рэдактарка Эма Робертс дадала каля 10 «польскіх» рэцэптаў, у тым ліку і халаднік. Імаверна, рэцэпт запазычаны з кніг Яна Шытлера, які першым з прафесійных кухараў разгледзеў велізарны патэнцыял халадніка[13].
Шырокае распаўсюджванне стравы ў розных рэгіёнах былой Рэчы Паспалітай і яе эвалюцыю наглядна дэманструе кніга «Шляхецкая кухарка» (польск.: Kucharka szlachecka), выдадзеная ў Жытоміры ў 1878 годзе. Яе аўтарка, Марыя Марцішэўская называла сябе на тытульным лісце «літвінкай, што жыве ва Украіне», дала рэцэпт пад падвойнай назвай: «Халаднік літоўскі, або халадзец украінскі» (польск.: Chłodnik litewski czyli chłodziec ukraiński)[18].
Багаты шляхецкі халаднік, паводле рэцэпту Марцішэўскай, гатавалі з дробнакрышанага бураковага бацвіння, шчаўя, звараных укрутую яек, свежых агуркоў і зялёнай цыбулі. Усё гэта залівалі квашанай смятанай і халодным перагатаваным хлебным квасам. У супніцу абавязкова клалі кавалкі лёду. Дадаткова, каб зрабіць страву больш сытнай, у яе маглі дадаваць ракавыя шыйкі, кавалкі варанай буйной рыбы, халоднай смажанай цяляціны або курыныя грудкі[18].
Асабліва цікавы зафіксаваны Марцішэўскай рэцэпт поснага халадніку, бо ўжываць смятану і мяса ў пост нельга, замест іх выкарыстоўвалі ракавыя шыйкі і аліўкавы алей, а саму страву забельвалі раслінным малаком[18]:
| …развесці запараным з мукі і кіпячоным халодным квасам, забяліць малаком, зробленым з сушаных грэцкіх арэхаў, але гэтага малака цадзіць не трэба, толькі арэхі стаўчы і крыху вадой развесці, дадаць пару лыжак добрага аліўкавага алею; можна забяліць малаком макавым.
Арыгінальны тэкст (польск.)
…rozprowadzić parzonym z mąki i przegotowanym zimnym kwasem, zabielić mlekiem zrobionym z włoskich suszonych orzechów, ale tego mleka cedzić nie trzeba tylko orzechy utłuc i trochę wodą rozprowadzić, dodać parę łyżek dobrej oliwy; można zabielić mlekiem makowém. |
Этнограф Павел Шэйн так апісвае традыцыйны халаднік у сялянскім побыце паўночна-ўсходняй Беларусі ў самым канцы XIX ст. у працы «Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-западного края»[13]:
| Вясновай і летняй парой першай кіслай стравай бывае халаднік з кісліцы (шчаўя), шныці і бацвіння, якія спачатку адварваюць, потым сякуць і разбаўляюць квасам, за выключэннем кісліцы, якая мае ўласную кіслату. Прысмакамі да халадніку служаць: крышаная цыбуля, пераважна яе пер'е, агурочны цвет і, пры ўраджаі, крышаныя агуркі. Калі ёсць магчымасць, у халаднік кладуць малюшкі, сушаную рыбу, і рэдка туды дадаюць для закрасы малако і пасмятанне (г. зн. маслёнку).
Арыгінальны тэкст (руск.)
Весеннею и лѣтнею порой первымъ кислымъ блюдомъ бываетъ холодни́къ изъ кисли́цы (щавеля), шны́ти и ботвиньи, которыя сперва отвариваются, потомъ рубятся и разбавляются квасомъ, за исключеніемъ кислицы, имѣющей собственную кислоту. Присмаки холодника служатъ: крошеный лукъ, преимущественно перья его, огуречный цвѣтъ и, при урожаѣ, крошеные огурцы. Если есть возможность, въ холодникъ кладутся малюшки, сушеная рыба, и рѣдко туда прибавляется для закрасы молоко и посметенья (г.зн. маслёнка) |
У літоўскай кухні
[правіць | правіць зыходнік]У 1857 годзе этнограф Адам Ганоры Кіркор у сваім нарысе «Этнаграфічны погляд на Віленскую губерню» адзначаў, што ежа мясцовых славян і літоўцаў амаль не адрозніваецца. Пры гэтым, падрабязна апісваючы іх летні рацыён, ён не прыводзіць ніякай асобнай літоўскай назвы для гэтага супу[15].
У сучаснай літоўскай мове страва называецца šaltibarščiai (ад літ.: šaltas — халодны і barščiai — боршч). Лічаць, што назву халадніка на літоўскую мову пераклала пісьменніца Людвіка Дзіджулене-Жмона[19]. У першым выданні яе кулінарнай кнігі «Літоўская гаспадыня» (літ.: Lietuvos gaspadinė; Тыльзіт, 1893) рэцэпту халадніка няма[20]. Упершыню ён там з’явіўся ў выданні 1895 года пад назвай «Šalti lietuviški barščiai» (халодны літоўскі боршч)[21].
Як аднаго слова назва фіксуецца ў 1894 годзе ў чатырохмоўным слоўніку Міколаса Мяжыніса, прычым з выкарыстаннем старой арфаграфіі — szaltibarszcziai і szaltbarszcziai[22]. У сучасным напісанні (šaltibarščiai) слова сустракаецца ў літоўска-англійскім слоўніку Антанаса Лаліса, выдадзеным у Чыкага ў 1903 годзе[23].
Масавая літоўская свядомасць лічыць халаднік толькі сваёй нацыянальнай стравай, да якой іншыя народы не маюць дачынення. У 2024 годзе ў Літве збіралі подпісы пад петыцыяй[24] да газеты «New York Times», якая ў кулінарным артыкуле назвала суп польскім[25]. Агенцтва па развіцці турызму і бізнесу Вільні Go Vilnius тады заклікала: «Давайце раз і назаўсёды пакажам свету, што халодны суп належыць Літве!» і патрабавала выправіць «памылку». З 2023 года шточэрвень у Вільні праводзяць фестываль халадніку, да 1200 чалавек ядуць яго за сталом даўжынёй 362 метры[26][1].
Латышы таксама спрабуюць пераканаць усіх, што гэта менавіта іх суп[1]. У беларускай кухні халаднік лічаць сваёй самабытнай стравай, якая захавала асноўныя складнікі праз стагоддзі і ўдасканалена сучаснымі тэхналогіямі гатавання. Халаднік застаецца сімвалам кулінарнай спадчыны рэгіёна агулам[1].
Тым не менш, вядомы літоўскі даследчык гастранамічнай спадчыны, прафесар Віленскага ўніверсітэта Рымвідас Лаўжыкас падкрэслівае, што халаднік паходзіць з агульных традыцый Рэчы Паспалітай. Ён адзначае: «Гэтая страва сапраўды літоўская, але гэта не значыць, што яна не польская, беларуская або латышская»[19].
Сучаснае гатаванне
[правіць | правіць зыходнік]Вараныя астуджаныя буракі абіраюць і буйна таркуюць, свежыя агуркі крышаць невялікімі кубікамі або крояць скрылькамі. Зялёную цыбулю дробна крышаць, часам расціраюць лыжкай з дробкай солі, каб цыбуля стала мяккай і сакавітай. Гародніну заліваюць халоднай гатаванай вадой, або кефірам у розных прапорцыях з вадой, часам дадаюць воцату на смак. У кожную порцыю кладуць разрэзанае або пакрышанае варанае курынае яйка. Перад падачай запраўляюць смятанай, крышаным кропам або іншай зелянінай. На закуску падаюць вараную бульбу ці жытні хлеб.
Таксама халаднік гатуюць са шчаўя. Шчаўе крышаць, вараць і астуджваюць. У адвар дадаюць накрышаныя свежыя агуркі, кроп, вараныя яйкі, смятану, соль. Гатуюць таксама з вараных буракоў, бацвіння або на бурачным ці хлебным квасе.[27]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 Лаўрэш 2026.
- 1 2 Dumanowski J.. Chłodniki dwóch mistrzów (польск.). natemat.pl (12 чэрвеня 2020). Праверана 25 мая 2026.
- ↑ Frankowska 1996, с. 148.
- 1 2 Frankowska 1996, с. 142.
- ↑ Drozdowski J. Pamiętniki Jana Drozdowskiego(польск.) // Ateneum : часопіс. — Warszawa: 1883. — Т. III. — С. 262—263.
- 1 2 Frankowska 1996, с. 149.
- ↑ Frankowska 1996, с. 144, 149.
- ↑ Frankowska 1996, с. 143—144, 147.
- ↑ Frankowska 1996, с. 149—150.
- ↑ Frankowska 1996, с. 150—151.
- ↑ Frankowska 1996, с. 142—143.
- ↑ Goczałkowski W. Wspomnienia lat ubiegłych (польск.). — Kraków: Czcionkami «Czasu», 1862. — Т. II. — 170 с.
- 1 2 3 4 5 Алесь Белы. Чарговы трыумф халадніка. Гісторыя і рэцэпты самай летняй стравы // Наша Ніва 01.06.2024
- ↑ Труды ИВЭО 1859, с. 16—17.
- 1 2 Киркор А. Этнографическій взглядъ на Виленскую губернію (Статья первая) // Вѣстникъ Императорскаго Русскаго Географическаго Общества. — 1857. — Т. 20. — С. 255.
- ↑ Народы Россіи 1878, с. 213.
- ↑ Радчанка 1888, с. XIII.
- 1 2 3 Marciszewska M. Kucharka szlachecka (польск.). — Żytomierz, 1878. — Т. I. — С. 58—59.
- 1 2 Laužikas apie šaršalą dėl šaltibarščių: jie – lietuviški, bet nereiškia, kad ne lenkiški (літ.). LRT (9 верасня 2024). Праверана 2 студзеня 2025.
- ↑ Didžiulienė-Žmona L. Lietuvos gaspadinē, arba Pamokinimai kaip prigulincziai suvartoti Dievo dovanas. — Tilžėje: Ūkininkas, 1893. — 40 с.
- ↑ Didžiulienė-Žmona L. Lietuvos gaspadinė arba pamokinimai kaip prigulinčiai suvartoti Dievo dovanas. — Tilžėje: Šėnkės spaustuvė, 1895. — 40 с.
- ↑ Miežinis M. Lietuviszkai-latviszkai-lenkiszkai-rusiszkas žodynas. — Tilžėje, 1894. — С. 212. — 292 с.
- ↑ Lalis A. Lietuviškos ir angliškos kalbų žodynas. D. 1: Lietuviškai-angliška. — Chicago: Lietuvos, 1903. — 382 с.
- ↑ The Šaltibarščiai, aka the Cold Pink Soup, is a Lithuanian pride, not Polish (англ.). Change.org. Праверана 17 мая 2026.
- ↑ britishadmin. New York Times: Chłodnik is the perfect summer soup - British Poles(нявызн.) (5 жніўня 2025). Праверана 17 мая 2026.
- ↑ DW Food. Šaltibarščiai: Why this cold pink soup unites (and divides) countries in Europe and how to make it (19 ліпеня 2025). Праверана 17 мая 2026.
- ↑ БЭ у 18 т. — Т. 16. 2003, p. 527.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Халаднік // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — С. 527. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16).
- Лаўрэш Леанід Наш халаднік // Наша слова.pdf. — 2026. — 13 мая — № 19 (229).
- Радченко З. Ф. Гомельскія народныя пѣсни (бѣлорусскія и малорусскія) // Записки Императорскаго Русскаго Географическаго Общества по отдѣленію этнографіи : зборнік. — С.-Петербургъ: 1888. — Т. XIII. — № 2. — С. 1—326.
- Frankowska M. Chołodziec, poezja i piernik(польск.) // Pamiętnik Literacki. — 1996. — № 87/1. — С. 141—151.
- Труды Императорскаго Вольнаго экономическаго общества (руск.). — СПб.: Въ типографіи Императорской Академіи Наукъ, 1859. — Т. I. — С. 16—17 (Отд. IV).
- Народы Россіи. Этнографическіе очерки (руск.). — С.-Петербургъ: Изданіе редакціи журнала «Природа и люди», 1878. — Т. I. — С. 213.