Царква Святога Іасафата (Быцень)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Царква Святога Іасафата
52°52′54,79″ пн. ш. 25°29′40,91″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Быцень
Канфесія Беларуская праваслаўная царква
Ордэнская прыналежнасць базыльяне
Архітэктурны стыль барока
Дата пабудовы 1673 год
Map

Царква Святога Іасафата (таксама Касцёл Святой Тройцы) — колішні храм у в. Быцень, сабор базыльянскага Быценскага манастыра (не захаваўся).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Быценскі манастыр быў заснаваны ў 1640 г. па фундацыі слонімскага маршалка Рыгора Трызны[1] з жонкаю Рэгінай з Сапегаў. Пасля смерці яго сына падскарбія Мікалая Трызны багатае паселішча парайшло ва ўладанне базыльян. У надзейна ўмацаваным быценскім кляштары пад час паўстання Б. Хмяльніцкага хаваліся уніяты з Украіны і іншых месцаў. З 1656 г. у быценскім манастыры знаходзіўся кіраўнік базыльянскага ордэна Бенедыкт Цярлецкі. Тут захоўваліся таксама нятленныя мошчы старца Сімяона Стаўроўскага, настаяцеля кляштара з 1640 г.

Вялікая мураваная саборная царква была ўзведзена пасля 1673 г. пад кіраўніцтвам настаяцеля манастыра Іосіфа Пяткевіча. У 1710 г. храм кансекраваны ў гонар уніяцкага архіепіскапа свяшчэннамучаніка Іасафата Кунцэвіча, забітага ў час паўстання ў Віцебску ў 1623 г.

Цэрквы Св. Іасафата і Успення, 1862

Спадчыннік згаслага ўніяцкага роду Трызнаў падскарбі надворны літоўскі Антоній Тызенгаўз у 1775 г. адабраў быценскі манастыр у базыльянаў і перадаў католікам. Верагодна, у гэты час саборны храм быў ператытулаваны ў гонар Святой Тройцы. Па загаду А.Тызенгаўза каля 1775 г. таксама ўзводзіцца званіца і брама ў стылі віленскага барока.

У 1915 г. падчас ваенных дзеянняў Першай сусветнай вайны царква значна пацярпела. Аб гэтым сведчаць фотаздымкі помніка, зробленыя віленскім Таварыствам аматараў навук у 1930-я гг. Да 1929 года храм быў часткова адноўлены і дзейнічаў. Падчас Другой сусветнай вайны і пасля яе саборная царква і манастырскі корпус зруйнаваны канчаткова.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Чарцёж царквы, паўночы фасад
Алтар царквы

Храм, пабудаваны як уніяцкі, меў мерыдыяльную арыентацыю алтаром на поўнач. План царквы ў верхнім сячэнні ўяўляў выцягнуты па восі поўдзень — поўнач лацінскі крыж з закругленымі бакавымі рамёнамі і алтарнай часткай. З трох бакоў да квадрата сяродкрыжжа прылягалі паўцыркульныя апсіды, перакрытыя паўсферычнымі конхамі. Алтарная апсіда па памерах адпавядала апісанаму квадрату, бакавыя апсіды крыху меншыя за квадрат. Прастора сяродкрыжжа была перакрыта васьмігранным шатром з апорным кальцом, што абапіралася на папружныя аркі цэнтральнага квадрата. Шацёр над сяродкрыжжам звонку быў «апрануты» ў паўсферычны купал і завяршаўся светлавым ліхтаром з фігурным пакрыццем. Конхі над апсідамі звонку накрывалі кроквенныя конусападобныя дахі, якія разам з асноўным купалам стваралі своеасаблівую кампазіцыю вянчаючых мас. Форма амаль ідэальнага тэтраконха, закладзеная ў аснову аб'ёмна-прасторавай структуры храма з паўднёвага боку, парушалася прыбудовай квадратнага ў плане бабінца і вузкага дзвюхвежавага нартэкса, што і надавала плану выгляд лацінскага крыжа.

Вядомы краязнаўца і гісторык культуры Станіслаў Лёранц, які даследаваў помнік у 1930-я гг., лічыў, што бакавыя нефы і дзвюхвежавы фасад далучыліся да сабора ўжо ў другой палове XVIII ст.

Архітэктоніка царквы выцякае генетычна з чатырохзрубных крыжовых праваслаўных сабораў XVII ст. з рэгіёна Падняпроўя і Падзвіння, якія ў сваю чаргу аказалі ўплыў на фарміраванне архітэктурных форм расійскага, так званага нарышкінскага барока. Будова архітэктурных мас, кампазіцыйныя і канструкцыйныя прыёмы сабора Быценскага манастыра асабліва блізкія да драўлянай уніяцкай Ільінскай царквы ў Віцебску, пабудаванай у 1746 г., якая таксама мела ў плане лацінскі крыж, незалежнасць канструкцый унутраных перакрыццяў ад вонкавай кампазіцыі пакрыцця.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Квитницкая Е. Д. Часовни Белоруссии // Архитектурное наследство. 1980 № 28. С. 127.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]