Сяродкрыжжа

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
План трохнефавага сабора з заштрыхаваным сяродкрыжжам

Сяродкрыжжа — у царкоўнай архітэктуры месца перасячэння галоўнага нефа і трансепта, якія ўтвараюць у плане крыж. Пры традыцыйнай арыентацыі царквы праз сяродкрыжжа можна трапіць у заходні неф, у паўднёвы і паўночны трансепты, і ў размешчаны ва ўсходняй частцы храма хор. Сяродкрыжжа часта ўвенчана вежай або купалам, прычым вежы характэрны для раманскіх і гатычных храмаў, а купалы — для сабораў эпохі Адраджэння.

Паколькі сяродкрыжжа адкрыта на ўсе чатыры бакі, нагрузка ад вежы або купала прыпадае на куты, таму стварэнне ўстойлівай канструкцыі патрабуе ад архітэктара і будаўнікоў ладнага майстэрства. У мінулыя стагоддзі празмерныя амбіцыі стваральнікаў часта прыводзілі да абвальвання такога роду канструкцый.

У залежнасці ад характару перасячэння вылучаюць два тыпы сяродкрыжжа. У першым неф і трансепт маюць роўную вышыню і падкупальны квадрат мае чатыры аднолькавыя аркі. Другі тып — сяродкрыжжа з паніжаным трансептам — можа быць вызначаны па больш нізкіх, вузкіх арках, якія выразна падзяляюць неф, трансепт і хор.

Купал або вежа могуць мець аконныя праёмы для асвятлення царквы, утвараючы ліхтар. У эпоху ранняга Сярэднявечча квадрат сяродкрыжжа часта выкарыстоўвалі пры планіроўцы сабора ў якасці адзінкі вымярэння: даўжыні нефа і трансепта былі кратныя боку квадрата сяродкрыжжа.

Сабор Святога Пятра з купалам над сяродкрыжжам
Солсберыйскі сабор з вежай над сяродкрыжжам

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Франческа Прина, Елена Демартини. 1000 лет мировой архитектуры. М. «Омега», 2008