Перайсці да зместу

Цемраборцы (настольная гульня)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Цемраборцы — настольная калекцыйная картачная гульня (таксама пазіцыянавалася аўтарамі як стратэгічная картачная гульня) у сеттынгу славянскай міфалогіі, якая выйшла ў 2015 годзе ў выдавецтве «Сквірэл» накладам 1000 асобнікаў. Аўтары гульні — Ілля Бутаў і Міхаіл Пятроўскі з Беларусі. Гэта першая беларуская гульня ў жанры калекцыйных картачных гульняў (ККГ). Сродкі на выданне былі сабраныя пры дапамозе краўдфандынгавай пляцоўкі ulej.by[1] (цяпер зачынена). Ілюстрацыі да настольнай гульні зрабілі Яўгенія Шарафетдзінава, Анастасія Мелех і Наталля Юрча. Па дадзеных сайта «Тесера» сярэдняя адзнака гульні складае 5.90[2].

У «Цемраборцах» гулец фармуе сваю калоду з 41 карты аднаго з трох тыпаў персанажаў — Царквы, Цёмных чараўнікоў і Дзяцей лесу. Гульца ўвасабляе Валадар (Павераны Царквы, Спрактыкаваны чараўнік і Гаспадар лесу адпаведна), кожны з якіх мае 20 жыццяў. У працэсе партыі, у залежнасці ад умоў, якія складаюцца на стале, кожны гулец можа вывесці аднаго з трох Намеснікаў, здольнасці якіх уплываюць на ўсіх істот адпаведнай фракцыі

Гісторыя стварэння

[правіць | правіць зыходнік]

Гульню стваралі з 2006 года высілкамі прыкладна дзесяці чалавек (апроч стваральнікаў, ілюстратараў і гейм-дызайнераў працавалі яшчэ і кансультанты-фалькларысты)[3]. Сюжэт гульні грунтуецца на народных паданнях, міфах і легендах Беларусі, а таксама суседніх з ёю краін (Расіі, краін Прыбалтыкі, Украіны і Польшчы). Шматлікія экспедыцыі, праведзеныя адным з яе стваральнікаў, дазволілі сабраць багаты матэрыял, прысвечаны, у тым ліку, і містычным абрадам нашых продкаў, паганскім традыцыям, фальклору, сакральнай геаграфіі. У аснову гульнявой механікі пакладзены асаблівасці калекцыйных картачных гульняў, папулярных у пачатку двухтысячных гадоў.

Першыя партыі ў гульню «Цемраборцы» на фестывалі «Менескон-2008».

Упершыню прататып гульні быў прадстаўлены яго распрацоўнікамі на штогадовым усебеларускім ролевым канвенце «Менескон» (г. Мінск, 5–6 красавіка 2008 года). На працягу двух дзён любы ахвочы мог азнаёміцца з прататыпам гульні ў секцыі настольных гульняў фестывалю. Дзякуючы атрыманым водгукам пэўныя механікі былі скарэктаваныя.

У чэрвені 2015 года фінальная версія гульні была прадстаўлена на першай у Беларусі канферэнцыі распрацоўнікаў настольных гульняў — «Іграштурм», а ў кастрычніку таго ж года — на фестывалі «Ігракуб» у Гродне. Тады ж пра планаваны выхад новай настольнай гульні напісалі выданні «Анлайнер»[4], Vogs.by[5], Naviny.by[6] і інш.

Выступленне на фестывалі «Іграштурм» у 2015 годзе

1 чэрвеня 2015 года ў кнігарні «Prезентацыя» ў Мінску адбылася прэзентацыя першага рамана Іллі Бутава, дзеянне якога адбывалася ў сусвеце гульні, — «Цемраборац»[7]. Там жа было абвешчана пра старт краўдфандынгавай кампаніі на пляцоўцы ulej.by. У чэрвені стваральнікі пляцоўкі адзначылі гульню як «сучасную, разумную, але ў той жа час самабытную гульню з нацыянальным каларытам»[8]. Тады ж праект «Цемраборцы» адабралі ў ліку трох лепшых сярод тых, што былі прадстаўлены на пляцоўцы[8]. У ліпені 2015 года праект сабраў неабходнае фінансаванне[9]. У снежні 2015 года гульню выдала выдавецтва «Сквірэл».

У красавіку 2016 года прэзентацыя настольнай гульні адбылася ў гродзенскім клубе «Партал»[10].

Галоўны плюс «Цемраборцаў», паводле аглядальніка Арцёма Платонава, заключаецца ў тым, што «яна з'яўляецца айчынным Magic The Gathering з адпаведна больш нізкім коштам і родным бэкграўндам». Сярод мінусаў ён адзначыў матэрыял скрынкі, сухое выкладанне правілаў і дробны шрыфт на картах[11]. Іншымі аглядальнікамі адзначалася, што «Цемраборцы» спадабаюцца тым гульцам, якія  любяць беларускія народныя казкі, легенды і гісторыю. Як мінус яны вылучалі тое, што базавая мова гульні руская[12]. Таксама былі адзначаны ілюстрацыі гульні, выкананыя ў вельмі самабытнай манеры і якасць друку[13]. Аглядальнік Павел Максімаў (MaxiPavel) адзначае добры матэрыял каробкі, выразныя правілы, але дробны шрыфт і неабходнасць выкарыстання пратэктараў для карт[14]. Сама гульня, як адзначаецца, развівае лагічнае і стратэгічнае мысленне[15].

У будучыя сэты планавалася дадаць новыя фракцыі і механікі бою[16]. Быў запланаваны таксама пераклад гульні на беларускую мову[17]. Прапаноўваліся нават назвы «Змроказмагары», «Цемразмагары», «Змрокагубцы», «Цемралупцы», «Злыднедаўцы» і інш. Аднак у публікацыi на беларускай мове фігураваў толькі адзін варыянт — «Цемраборцы»[18]. У чэрвені 2016 года пачаўся пошук валанцёраў для перакладу гульні[19].

З 10 снежня 2019 па 31 мая 2020 года Ілля Бутаў і Ўладзіслаў Маркевіч пры падтрымцы партала Author.today праводзілі конкурс кароткіх літаратурных твораў, якія адбываюцца ў сусвеце гульні «Цемраборцы»[20].

У верасні 2024 года на мінскам канвенце Unicon анансавана анлайн-ККГ з аўтарскімі ілюстрацыямі «Цяжар Валадара» (The Load of the Lord), створаная на аснове настольнай гульні «Цемраборцы»[21][22].

Агульныя правілы і асаблівасці механікі

[правіць | правіць зыходнік]

Правілы рэгламентуюць партыю паміж двума гульцамі, але мажліва ў якасці эксперыменту ладзіць партыі і з большай колькасцю ўдзельнікаў. Улічваючы колькасць наяўных стартавых фракцый, можна згуляць і ўтраіх. Прыемным дадаткам да складання калоды з’яўляецца магчымасць пакласці ў яе карты з іншых фракцый (а карт у гульні, калі не ўлічваць Валадароў і Намеснікаў, усяго 111, што дае магчымасці складаць розныя камбінацыі нават са стартавым наборам). За карты з іншай фракцыі прадугледжаныя штрафы ў выглядзе падвышэння кошту карты, якое можна нівеляваць у працэсе гульні, карыстаючыся механікай зніжэння кошту. Адной з ключавых асаблівасцяў гульні з’яўляецца механіка змены пары сутак (дзень/ноч), пад час якой некаторыя істоты становяцца мацнейшымі.

Царква — адна з асноўных фракцый у гульні. Яна складаецца з людзей, якія валодаюць рознымі характарыстыкамі (святароў, воінаў, рыцараў і гандляроў). На чале стаіць Валадар (Павераны Царквы), а тры Намеснікі строга выконваюць усе яго прадпісанні. Тып уздзеяння — аўры.

Цёмныя чараўнікі — гэтую фракцыю ў большасці сваёй складае нежыць, духі і дэманічныя стварэнні Іншасвету, а таксама людзі са звышнатуральнымі здольнасцямі. Галоўнымі перавагамі прадстаўнікоў  гэтай фракцыі з’яўляецца раптоўнасць нападу, танны міфрыльны кошт і шматлікія бонусы, якія яны атрымліваюць у цёмны час сутак. Тып уздзеяння — вядзьмарства.

Дзеці лесу — фракцыя, якая насяляе лясы і балоты (галоўным чынам за ракой Хронус) і якую складаюць пачвары, духі, нежыці і людзі са звышнатуральнымі здольнасцямі. Знахары Дзяцей лесу супрацьстаяць ворагам, коштам сіле схаванай у розных раслінах (вясёлкавы мох, разрыў-трава, месяцовы лісахвост і інш.), прадметах і некаторых лясных аб’ектах, якія акумулююць энергію астралу (ведзьміна кола). Тып уздзеяння — расліны.

Падгорны народзец — фракцыя, якая засяляе горы, перадгор’і і азёрныя выспы Поўначы, яна не ўвайшла ў асноўны стартавы набор і была запланаваная ў наступных перавыданнях. На некаторых картах настольнай версіі можна сустрэць згадкі пра механізмы, якіх не было ў стартавым наборы, але, як абяцаюць аўтары, яны павінны з’явіцца ў далейшых сэтах[23].

Чалавек — тып карты, які ў асноўным належыць Царкве. Таксама карты гэтага тыпу сустракаюцца ў Цёмных чараўнікоў (ведзьма, вядзьмак, двудушнік) і Дзяцей лесу (траўніца, ваўчыны пастыр і інш.).

Істота — з’яўляецца тыпам карты фракцыі Царквы, Цёмных чараўнікоў і Дзяцей лесу. Самая шматлікая разнавіднасць карт у гульні.

Легендарная істота — нешматлікі тып карт (у калодзе можа быць усяго па адной адзінцы кожнай з такіх істот, характэрных для пэўнай фракцыі), як правіла, з больш высокім коштам, і яна патрабуе больш міфрылу на падтрымку (4 адзінкі).

Воін — тып істот фракцыі Царквы. Практычна ўсе баявыя персанажы гэтай фракцыі з’яўляюцца воінамі, за выключэннем святароў.

Рыцар — тып істот фракцыі Царквы. Адзін з наймагутных воінаў, як правіла, цяжкаўзброены і ўбраны ў даспехі. Не валодае магчымасцю выкарыстання аўр.

Святар — тып істот фракцыі Царквы. Можа выкарыстоўваць аўры. Святары імкнуцца выкарыстоўваць аўры на карысць — павялічваючы баявы дух і іншыя паказчыкі гандляроў і воінаў. Адзін святар неабходны для падтрымкі адной аўры.

Гандляр — тып істот фракцыі Царквы. На іх плячах ляжыць забеспячэнне войскаў міфрылам і яго пераразмеркаванне на месцы. Гандляры прыносяць у казну дадатковы міфрыл, а таксама памяншаюць міфрыльны кошт розных істот.

Знахар — тып істот фракцыі Дзяцей лесу. Дзякуючы наяўнасці ў лесе чароўных раслін, знахары ствараюць дзейсныя адвары, якія замяняюць ім вядзьмарскія ці аўрычныя здольнасці. Адзін знахар неабходны для падтрымкі адной расліны.

Пачвара — тып істот фракцыі Дзяцей лесу. Асабліва страшныя легендарныя пачвары (Звер-Індр, Хавала і Воўк-Самаглот).

Чараўнік — тып істот фракцыі Цёмныя чараўнікі. Чараўнікамі могуць быць і людзі, і нежыць, — галоўная наяўнасць прыроджаных здольнасцяў. Вядзьмарства можна згуляць толькі тады, калі на стале маецца хоць бы адзін з прыязных чараўнікоў.

Нежыць — тып істот фракцыі Цёмныя чараўнікі. З’яўляецца спрадвечнай жыхаркай Іншасвету. Як правіла, валодае начным бонусам, то бок, набывае дадатковыя ўменні ў цёмную пару сутак.

Рудакоп — тып істот фракцыі Цёмныя чараўнікі. Здабываюць і павялічваюць міфрыл, тым самым дазваляюць значна павялічваць колькасць чараўнікоў і нежыці ў гульні.

У гульні ёсць тры тыпу ўздзеянняў — аўры, вядзьмарства і расліны, на некаторых картах згаданы таксама чацвёрты тып уздзеянняў — механізмы, якія, як абяцалі аўтары, павінны з’явіцца ў наступных сэтах[23].

Аўры — тып уздзеянняў фракцыі Царквы. Усяго ў гульні 4 аўры: Святы гонар, Святая ахова, Святы дух, Святая казна. Аўры дазваляюць атрымліваць дадатковы міфрыл, памяншаць міфрыльны кошт, эканоміць міфрыл на ўтрыманне істот або ўзмацняць дружалюбныя войскі (людзей або святароў). Для падтрымання карт падобнага тыпу неабходна наяўнасць у гульні прыязных святароў.

Вядзьмарства — тып карты ўздзеянняў Цёмных чараўнікоў. Складаецца з розных замоваў, заклёнаў, якія выкарыстоўваюць для атакі (магічны ўдар, адплата мерцвякоў), яны прыносяць міфрыл (скарб мерцвяка), робяць ход начным (зацьменне), робяць лятучых істот неадчувальнымі для блакіроўкі (туман), дазваляюць браць пад кантроль (абарачэнне), а таксама яны ўваскрашаюць і вяртаюць ужо выкарыстаныя карты вядзьмарства (падняць мерцвяка, разрытыя магілы). Для падтрымання карт падобнага тыпу неабходна наяўнасць у гульні хаця б аднаго чараўніка.

Расліны — тып карты ўздзеянняў Дзяцей лесу. Некаторыя расліны дазваляюць вяртаць карты аналагічнага тыпу з Іншасвету (разрыў-трава), узмацняць, рэгенераваць пачвар або выкарыстоўваць іх па нізкай цане (барвінак, вясёлкавы мох, месяцовы лісахвост, ведзьміна кола), лекаваць дружалюбных істот (трыпутнік), разгортваць расліны (дух дрэваў), а таксама прыносіць міфрыл або зніжаць міфрыльны кошт некаторых істот (папараць-кветка). Для падтрымання карт падобнага тыпу неабходна наяўнасць у гульні хаця б аднаго знахара.

Механізмы — плануемы тып карты ўздзеянняў фракцыі Падгорны народзец. У стартавых наборах не быў прадстаўлены, аднак паказаны на некаторых картах (напрыклад, на карце Звер-Індр, Кошкалачэнь і інш.).

Стартавыя наборы

[правіць | правіць зыходнік]

Карты істот і ўздзеянняў фармуюць гульнявую калоду (37 карт). Усяго для гульні былі створаныя 114 розных персанажаў. У гульні, якая выйшла ў 2015 годзе, прапаноўвалася выкарыстоўваць ужо сфармаваныя стартавыя наборы з наступным складам (Валадар, 3 Намеснікі і 41 карта істот):

Царква: Павераны Царквы (Валадар), Абраны тактык (Намеснік), Асвячоны гандляр (Намеснік), Царкоўны лідар (Намеснік). Карты: лучнік (2), дыякан (2), біскуп (2), застрэльшчык (2), інквізітар (2), конны рыцар (2), майстар мяча (1), паладзін (2), пікінер (3), паслушнік (2), бард (2), рыцар (1), выведнік (1), зборшчык падаткаў (4), святы дух (1), святая абарона (2), святая казна (3), Святы мсцівец (1), вандроўны манах (1), чысцільшчык (1).

Цёмныя чараўнікі: Спрактыкаваны чараўнік (Валадар), Спрактыкаваны ў баі (Намеснік), Спрактыкаваны ў ведах (Намеснік), Спрактыкаваны ў Міфрыле (Намеснік). Карты: анчутка (2), Бабай (1), брухун (2), ведагань (2), вядзьмак (2), ведзьма (2), Вій (1), адплата мерцвякоў (2), Врытра (1), дзед (2), карачун (2), калавертыш (2), скарб мерцвяка (1), ліхаманка (3), магічны ўдар (2), разрытыя магілы (2), туман (1), прывід (2), хапун (2), шулікун (3).

Дзеці лесу. Гаспадар лесу (Валадар), Вялікі дуб (Намеснік), Вартавы гушчару (Намеснік), Важак зграі (Намеснік). Карты: скарбнік (3), баган (1), барвінак (1), белая панна (2), балі-булавешка (1), вадзяна (2), ваўкалак (3), воўчы пастыр (2), жабалака (2), Звер-Індр (1), iчэцік (1), кашкалачэнь (2), лешак (1), месяцовы лісахвост (2), маўка (2), пушчавік (2), разрыў-трава (2), зельніца (2), Хавала (1), папараць-кветка (4).

У стартавыя наборы ўвайшлі не ўсе персанажы, апісанні і ілюстрацыі якіх былі прадстаўлены на сайце праекту.

Сцісла перадгісторыя сюжэту была апісаная на скрынцы з настольнай гульнёй «Цемраборцы». Там сказана, што Уладаром гэтай краіны называюць Вялікага Чараўніка Сярэбранай Вежы, якому вядомыя шляхі ўсяго жывога, будучыня і мінулае гэтага свету. Аднак з пэўнага часу ён перастаў цікавіцца нікчэмнымі справамі сваёй дзяржавы і паглыбіўся ў вывучэнне «вялікіх таямніц». Неўзабаве страх і жах авалодалі сэрцамі яго падданых. Старыя звады і крыўды розных народаў сталі разгарацца з новай сілай. Вайна крывавымі хвалямі пакацілася па некалі цудоўнай краіне. Гэтыя падзеі таксама дэталёва апісаныя ў рамане Іллі Бутава «І няма дарог у горад ценю»[24].

Літаратурныя серыі

[правіць | правіць зыходнік]
Карта часткі свету, які апісаны ў раманах.

Цемраборцы — адна з нямногіх калекцыйных картачных настольных гульняў, якія маюць уласную літаратурную серыю[25].

У 2015 годзе адначасова з выхадам гэтай ККГ ў мінскім выдавецтве «Рэгістр» выйшаў першы раман Іллі Бутава па сусвеце настольнай гульні — «Цемраборац» (ISBN 978-985-7097-22-7). Галоўны герой рамана — вандроўны манах. Дзеянне рамана адбываецца адразу пасля падзей, якія былі апісаны на скрынцы з настольнай гульнёй (персанажы ўжо ведаюць пра іх). З 2020 года мінскае выдавецтва «Р. М. Цымбераў» выпусціла шэраг кніг з серыі «Казкі цемраборцаў» за аўтарствам Іллі Бутава з ілюстрацыямі Ганны Кулцінай. Выдавецтва «Веча» запусціла серыю «Цяжар Валадара», у якой у 2024 годзе выйшла першая кніга цыкла — «І няма дарог у горад цені» з ілюстрацыямі Ганны Пенкінай.

  • 2020 — Ілля Бутаў «Лепшы смех у свеце» (ISBN 978-985-7236-27-5)
  • 2020 — Ілля Бутаў «Як з’явіліся добрыя казкі» (ISBN 978-985-7236-10-7)
  • 2021 — Ілля Бутаў «Ад А да У» (ISBN 978-985-7236-71-8)
  • 2024 — Ілля Бутаў «І няма дарог у горад цені» (ISBN: 978-5-4484-4612-2)[26]

Цікавыя факты

[правіць | правіць зыходнік]

У студзені 2019 года У. Ю. Маркевіч з Інстытута інфармацыйных тэхналогій БДУІР абараніў дыпломны праект, у якім перавёў настольную гульню ў лічбавы від на базе платформы Unity 3D[27] Мэтай праекта з'яўлялась распрацоўка новай канкурэнтаздольнай лічбавай калекцыйнай картачнай гульні на базе міфалогіі і культуры Рэспублікі Беларусь. Пазней гэтыя дадзеныя паслужылі таксама для магістарскай дысертацыі У. Ю. Маркевіча[28]. У 2021 годзе Г. Кулціна абараніла на базе ГОУ ва МА «Дзяржаўны сацыяльна-Гуманітарны Універсітэт» (г. Каломна) дыпломны праект, прысвечаны стварэнню ілюстрацый да казак па свеце настольнай гульні «Цемраборцы»[24][29]. Настольная гульня «Цемраборцы» згадваецца ў артыкуле Я.Я. Шалайкі аб трансфармацыi міфа ў сучаснай беларускай культуры як прыклад адраджэння цікавасці да міфалогіі і паганства[30].

  1. Издание карточной игры «Мракоборцы» . Дата доступу: 08.11.2016.
  2. Мракоборцы // Путеводитель по настольным играм(недаступная спасылка). Дата доступу: 01.11.2022.
  3. Выйшла настольная гульня на аснове беларускай міфалогіі — «Цемраборцы» // Будзьма беларусамі! . Дата доступу: 12.02.2016.
  4. Корсак Д. Magic: The Gathering по-белорусски — в Минске создали карточную игру, основанную на отечественном фольклоре // Onliner . Дата доступу: 18.05.2015.
  5. Кулевич Р. Игра «Мракоборцы», основанная на белорусском фольклоре, нуждается в поддержке // Vogs.by . Дата доступу: 10.07.2015.
  6. Войтович М. Белорусы вступают в схватку с Мраком // naviny.by . Дата доступа: 14.08.2015.
  7. Гарбацэвіч А. Ваўкалакі і Хапуны: да выхаду рыхтуецца беларуская картачная гульня «Цемраборац» // Наша Ніва. Дата доступа 05.06.2015.
  8. а б Корсак Д. Предприниматель Виктор Радьков: «Что с белорусами не так? Краудфандингу нужны не ваши „лайки“, а вовлеченность» // Onliner . Дата доступу: 17.06.15.
  9. Издание карточной игры «Мракоборцы» . Дата доступу: 8.11.16.
  10. Тасуй калоду, лупі ваўкалака. У Гродне прэзентавалі беларускую настольную гульню «Мракоборцы» // Il.ideahost.by. Дата доступу: 26.04.2016.
  11. Платонов А. «Мракоборцы» – на старт! Дата доступа: 13.05.2016.
  12. У пошуках беларускіх настолак // Ourboox. Дата доступу: 9.02.2023.
  13. Мракоборцы (обзор) // Kirthegamer. Дата доступа: 09.03.23.
  14. Настольная игра Мракоборцы (видеообзор) // Про фото и настольные игры НИСП. Дата доступу: 10.02.2023.
  15. Белорусские настольные игры // Blog about Minsk and Belarus Дата доступу: 13.02.23.
  16. Выйшла настольная гульня на аснове беларускай міфалогіі — «Цемраборцы» // Будзьма беларусамі! . Дата доступу: 12.02.2016.
  17. Войтович М. Белорусы вступают в схватку с Мраком // naviny.by. Дата доступу: 14.08.2015.
  18. Выйшла настольная гульня на аснове беларускай міфалогіі — «Цемраборцы» // Будзьма беларусамі! . Дата доступу: 12.02.2016.
  19. Бествицкий Ю. О мифических персонажах расскажет игра // Прысталічча. Дата доступу: 9.06.2016.
  20. Конкурс по миру Мракоборцев Ильи Бутова // Author.today. Дата доступа: 08.03.23.
  21. Инди-Хаб - программа. UniCon Convention (6 верасня 2024).
  22. Бремя Владыки. UNICON Convention (6 верасня 2024).
  23. а б FAQ // Мракоборцы. Афіцыйны сайт настольнай гульні . Дата доступу: 19.10.2022.
  24. а б Медиа // Мракобрцы. Афіцыйны сайт настольнай гульні. Дата доступу: 10.02.2023
  25. Список коллекционных карточных игр Дата доступу: 09.02.23
  26. Книга И нет дорог в город тени, Бутов И, Издательство "Вече". www.veche.ru. Праверана 5 снежня 2023.
  27. Маркевич, В. Ю. Историко-стратегическое игровое приложение «Мракоборцы» на базе платформы Unity 3D / В. Ю. Маркевич // Информационные системы и технологии: материалы 55-й юбилейной научной конференции аспирантов, магистрантов и студентов, Минск, 22 – 26 апреля 2019 г. / Белорусский государственный университет информатики и радиоэлектроники. – Минск: БГУИР, 2019. – С. 98–99.
  28. Маркевич, В. Ю. Методы управления командой разработчиков программного обеспечения на примере создания игрового приложения : автореф. дисс. ... магистра технических наук : 1-40 80 05 / В. Ю. Маркевич ; науч. рук. С. А. Медведев. – Минск: БГУИР, 2021. – 6 с.
  29. Издание настольной карточной игры «Мракоборцы», запіс ад 28 чэрвеня 2021 года.  Дата доступу: 09.02.23.
  30. Шалайко, Я. Е. Трансформация мифа в современной белорусской культуре // Материалы XXIII Международной науч.-техн. конференции «Новые информационные технологии в телекоммуникациях и почтовой связи» (Минск, 16–17 мая 2023 года). Минск: Белорусская государственная академия связи, 2023. : зборнік. — С. 219–220.