Перайсці да зместу

Церабунская сядзіба

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Церабунская сядзіба
52°10′04″ пн. ш. 23°31′41″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Map

Церабунская сядзіба — колішняя сядзіба ў Церабуні Брэсцкага раёна.

Упершыню згаданы як Церабунскі двор, вялікакняская ўласнасць у канцы XIV ст. Да 1430 года Церабунь належала роду Кучукаў, а неўзабаве Церабунскі маёнтак зноў у ліку вялікакняскіх уладанняў. У 1483 годзе кароль Казімір надаў «пруд» на Лясной, што пад Церабунем, Солтану Аляксандравічу, а ў пачатку XVI ст. Церабунскі двор перайшоў да наступнага ўласніка — Яўстафія Дашковіча.

Пасля смерці Дашковіча каралеўскім прывілеям Церабунь перададзены князю Івану Дзмітрыевічу Шуйскаму. Удава Івана Шуйскага Марына Багданаўна з Багавіцінавічаў выйшла замуж за Пятра Гнаенскага, але маёнтак застаўся ў сыноў Шуйскіх — Мануіла і Івана. З 1580 года маёнтак ва ўласнасці Мануіла, а з 1609 года Яна Шуйскага. У гэты час Ян Шуйскі пабудаваў у сваім маёнтку ўніяцкую царкву (захавалася як праваслаўная і размешчана ў Кацельні-Баярскай) і мураваны замак каля ўпадзення Лясной у Буг.

Пасля Шуйскіх у Церабуні гаспадарылі Грабоўскія, якія пабудавалі тут невялікі дом (часткова захаваўся). Напярэдадні Першай сусветнай вайны маёнтак нядоўга належаў Нямцэвічам.

Пасля Другой сусветнай вайны палац значна перабудаваны і прыстасаваны пад школу. Цяпер у ім размешчаны сельскі клуб.

Дом графаў Грабоўскіх уяўляў сабой аднапавярховы мураваны мансардавы будынак з нізкім чатырохсхільным дахам. Ад старога парку, што абкружаў палац, засталася толькі вузкая алея, абсаджаная ліпамі 150-гадовага ўзросту.