Цэнтральнакрымская раўніна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Цэнтральнакрымская раўніна — паўднёвая частка Паўночна-Крымскай раўніны[1].

Цягнецца ў выглядзе выпуклай на поўнач і выцягнутай субшыротна на 120 км паласы ад берага Чорнага мора і Тарханкуцкага ўзвышша на захадзе і паўночным захадзе да Прысівашскай нізіны на поўначы і паўночным усходзе, узгор’яў Керчанскага паўвострава на ўсходзе і Знешняга пояса Крымскіх гор на поўдні. Абсалютныя вышыні ад 40 м на поўначы да 120 м на поўдні.

Геаструктурную аснову складаюць Альмінская ўпадзіна і Цэнтральнакрымскае падняцце. Верхнія слаі геалагічнага разрэзу прадстаўлены пліяцэнавымі вапнякамі-ракушачнікамі і чырвона-бурымі пліяцэнава-антрапагенавымі глінамі, якія ўкрыты слоем жоўта-бурых суглінкаў.

Паверхня пераважна хвалістая, месцамі амаль плоская. Гушчыня расчлянення 0,3-0,6 км/км². Глыбіня расчлянення павялічваецца з 20-30 м у цэнтральнай частцы да 40-60 м на паўднёвым захадзе і паўднёвым усходзе. У далінах рэк Альмы, Чатырлыка, Салагыра, Індола тоўшчы галечнага алювія магутнасцю да 20 м перакрыты маладзейшымі дробназярністымі алювіяльна-дэлювіяльнымі адкладамі да 3-5 м таўшчыні. Сучасныя рэчышчы ў выглядзе вузкіх, звілістых каналаў сцёку ўрэзаны ў тоўшчу покрыўных адкладаў і галечнікаў на невялікую глыбіню, поймы слабаразвітыя.

Ландшафтная структура характарызуецца кавыльна-стэпавымі разаранымі мясцовасцямі — раўніннымі, далінна-балачнымі, прыморска-тэраснымі, прыбярэжна-ліманна-азёрнымі. Каля 70 % тэрыторыі разарана.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Гэты аб’ект размешчаны на тэрыторыі паўвострава Крым і кантралюецца Расіяй. Міжнародная супольнасць не прызнае ўключэнне Крыма ў склад Расіі і лічыць яго анексіяй часткі тэрыторыі Украіны (гл. Рэзалюцыю 68/262 Генеральнай Асамблеі ААН).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Єна В. Г. Центральнокримська рівнина // Географічна енциклопедія України: в 3 т. / Редкол.: А. М. Маринич и др. — Т. 3. — К.: Українська радянська енциклопедія, 1993. — ISBN 5-88500-015-8(укр.)