Даўжыня цела 34-40 см, размах крылаў 85-110 см. Белая з шэрым верхам і чорнымі канцамі крылаў, пярэдні край крылаў белы (бачна ў палёце). У гнездавы перыяд галава шакаладна-карычневая. У негнездавы перыяд галава белая, па баках цёмныя плямы. Маладыя больш шэрыя і трошкі карычневыя зверху цела і галавы, канцы рулявых чорныя. Голас высокі, скрыпучы, зблізку гучыць як прарэзлівы, непрыемны рогат.
Арэал: Еўропа (акрамя поўначы), лакальна на поўдні, Азія (акрамя поўначы і поўдня); у апошні час гняздзіцца ў Грэнландыі і Канадзе (Ньюфаўндленд). На тэрыторыі Беларусі найбольш шматлікі з усіх чаек на гнездаванні пералётны, транзітна мігрыруючы і ў невялікай колькасці зімуючы від.
Вельмі звычайная, асабліва на кантынентальных вадаёмах. Насяляе рознага тыпу вадаёмы з купінамі або зрослымі на паверхні раслінамі, пясчаныя пляжы і астравы, мелкія залівы, дэльты і эстуарыі, забалочаныя лугі. Лакальна гняздзіцца на вышыні да 2000 м (у Расіі). У паслягнездавы перыяд засяляе ўсе вадаёмы, акрамя хуткіх горных рэчак; харчуецца на палях, сметніках смецця, у гарадах і інш.
Часткова аселая — у паўднёвай частцы арэала, а таксама сінантропныя папуляцыі. Месца зімовак: паўднёвая частка гнездавога арэала, а таксама Заходняя, Цэнтральная і Паўднёвая Еўропа, Паўднёвая і Усходняя Азія, Паўночная Афрыка.
Гняздо ў калоніі, на выступаючых з вады купінах або на пяску. У апошнім выпадку — ў выглядзе ямкі, часта без высцілкі; у вільготных месцах — у форме плоскай купіны са свабодна ўкладзеных сухіх надводных раслін. Вельмі рэдка ладзіць гняздо на будынках або нізкіх дрэвах (кустах).
Яйкі (звычайна 2-3, радзей 1-4, у выключных выпадках — 6, магчыма, што ад 2 самак) звычайна крыху падоўжаныя з тупым вузейшым канцом (рэдка грушападобныя), афарбоўка вельмі зменлівая: насычана-зялёныя, светла-шэрыя, бежава-карычневыя, аліўкавыя, глініста-аліўкавыя з зеленаватым або карычняватым адценнем (спарадычна адценне блакітнаватае або белае). Глыбокія плямы — вельмі бледныя, папяліста-карычневыя, паверхневыя — вельмі нерэгулярныя, цёмна-карычневыя мазкі.