Чорная кошка (Мінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чорная кошка
Іншыя назвы банда Аднавокага Пірата
Лідары Міхаіл Цітавец
Штаб-кватэра Менск
Расфарміравана 1940-я

«Чорная кошка», банда Аднавокага Пірата — злачынная менская групоўка. Дзейнічала ў часы Вялікай Айчыннай вайны і пасля яе.

Вялікая Айчынная вайна[правіць | правіць зыходнік]

Банда была арганізаваная ў 1940 годзе і актывізавалася летам-восенню 1941 года. Галавой банды стаў крымінальнік Міхаіл Цітавец (магчыма, родам з Барысаўскага або Крупскага раёна). У бандзе яго празвалі «Аднавокім піратам», бо ў яго адпаведна было толькі адно вока.

Бандыты займалася рабежніцтвам і вымаганнем у жыхароў Пушкінскага пасёлка й іншых раёнаў горада водкі, грошай, харчавання, вуглю і дроваў. Напады здзяйсняліся з нажамі, пісталетамі і гранатамі.

Некалькі бандытаў былі забітыя ўлетку 1942 года, калі падчас узброенага рабавання іх спрабавала схапіць крымінальная паліцыя.

Цягам лета-восені 1943 года чацвёра бандытаў уступіла ў 13-ы Беларускі паліцыйны батальён СД, а трое зь іх былі залічаныя ў асабістую ахову прэзідэнта БЦР Радаслава Астроўскага. Такім чынам злачынцы атрымалі пэўныя перавагі. Яны атрымалі доступ да інфармацыі пра змены гарнізоннага пароля для бесперашкоднага руху ноччу праз ахову складоў, каторыя яны потым рабавалі і гэтак далей.

Злачынцы беспакарана дзейнічалі таксама ў цэнтры Мінска, займаючыся гвалтаваннем жанчынаў і забойствамі ў раёне вуліцаў Нямігі, Школьнай і Касмадзям’янскай, а гэтаксама ў раёне Камароўкі і Суражскага рынка. У некаторых выпадках мужчынаў вабілі ў дом зводнікі з дапамогай прастытутак.

Каб схаваць сляды злачынстваў, трупы пацярпелых аблівалі сернай кіслатой і спальвалі ў падвалах зруйнаваных дамоў. Следства змагло ўстанавіць трынаццаць фактаў забойства. Ахвярамі злачынцаў былі мужчыны і жанчыны, як жыхары Мінска, так і прыезджыя. Некаторыя з іх засталіся неапазнанымі. Сярод забітых былі й нямецкія вайскоўцы – фельдфебель, паліцыянт, салдат ТОДТа.

Нарабаваную маёмасць або прадавалі, або хавалі. Дакументы забітых людзей і здабытую зброю бандыты прадавалі партызанам, напрыклад атраду імя Сталіна.

У пачатку лютага 1944 года банда была раскрытая.

Пакаранне[правіць | правіць зыходнік]

У час следства паліцыя арыштавала 29 чалавек. Дзевяць з іх, каторыя ўдзельнічалі ў забойствах, былі асуджаныя да смяротнага пакарання, адна жанчына памерла ад хваробы падчас следства, пяць жанчынаў вызвалілі як невінаватых, астатнія былі адпраўленыя ў канцэнтрацыйны лагер або на працу ў Нямеччыну.

Пасля вайны[правіць | правіць зыходнік]

Пасля вайны банда была адроджаная ў часткова або цалкам новым складзе. У пасляваенны час мінскія руіны і ацалелыя сутарэнні і лёхі ўяўлялі разам заблытаную сістэму хадоў і сховішчаў.

Ноччу бандыты падыходзілі да дамоў або кватэраў заможных гаспадароў і той бандыт пачынаў крычаць і скуголіць, нібы кошка. Гаспадары прачыналіся і адчынялі дзверы, каб прагнаць надакучлівую жывёлу, становячыся такім чынам ахвярай бандытаў. Пасля злачынцы ўваходзілі ў пакоі і выразалі ўсіх, хто трапляўся пад руку. Сведкаў бандыты не пакідалі. Усю маёмасць забіралі, выносілі і хавалі ў тых глыбокіх падвалах пад руінамі «Еўропы» ці ў іншых месцах. Хадзілі чуткі, што нарабаваную маёмасць прадавалі Суражскім, Старажоўскім, Чэрвеньскім блашэнным рынку.

Хадзілі таксама чуткі, што пасылалі тыя бандыты на вакзал дзяўчатаў з самагонам. У той час Мінскі чыгуначны вакзал служыў галоўным пераправачным пунктам на шляху з Еўропы на Усход. І праз Мінск ездзіла шмат дэмабілізаваных салдатаў і афіцэраў Чырвонай арміі, пры якіх былі розныя тарфеі і захопленая маёмасць з Нямеччыны. Знаходзіліся сярод іх і тыя, хто спакусіўся на танны самагон і даступных дзяўчатаў. Ішлі яны ў непрыкметны дамок, які стаяў на беразе Свіслачы. Пасля іх больш ніхто не бачыў. Забітых салдат кідалі ў Свіслач, і знікалі яны назаўсёды.

Бандыты ўмела карысталіся падземнымі хадамі і доўгі час былі няўлоўныя. Але аднойчы тыя руіны пачалі аточваць аўтаматчыкі, якія знішчылі там усіх бандытаў. Пайшла чутка, што бандыты забілі нейкага высокага вайскоўца. Каб ніхто не даведаўся пра тое, колькі ж сапраўды людзей згубілі тыя бандыты, улады забаранілі выносіць з тых падзямелляў нарабаваныя рэчы.

У Літве[правіць | правіць зыходнік]

Паводле Юозаса Даумантаса-Лукшы, у Коўне ў 1945 дзейнічала «банда начных рабаўнікаў, якая з’явілася з Беларусі», а праз месяц яна пераехала ў Вільню, а крыху пазней ужо цалкам сыйшла з тэрыторыі Літвы.

У друку[правіць | правіць зыходнік]

Пра дзейнасць і пакаранне банды пісала тагачасная баранавіцкая рускамоўная газета «Руль» у № 117 ад 25 сакавіка 1944 года (прадублявана ў №122 ад 19 красавіка 1944 года).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]