Чуванцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чуванцы
(Чуванцы, этэль, этал)
Рассяленне чуванцаў у XVII ст.
Агульная колькасць 1002
Рэгіёны пражывання Расія
Мова чукоцкая, руская
Рэлігія праваслаўе, шаманізм
Блізкія этнічныя групы чукчы, рускія

Чуванцы (рус. чуванцы, ад назвы р. Чавун; чук. этэль, этал, літаральна «юкагір») — карэнныя насельнікі Чукоткі. Агульная колькасць у Расіі 1 002 чалавек (2010).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У мінулым чуванцы з'яўляліся родам юкагіраў або групай, блізкай па мове да юкагіраў. Качавалі ўздоўж ракі Чавун, займаліся аленегадоўляй, рыбалоўствам і паляваннем, пасрэдніцкім гандлем паміж чукчамі і насельнікамі паўночнага ўзбярэжжа Ахоцкага мора. Захавалася толькі 210 слоў роднай мовы чуванцаў, запісаных у XVIII ст.

У XVII ст. трапілі пад уплыў Расіі, былі абкладзены ясаком, прынялі праваслаўе. У канцы XVII ст. каля 10% чуванскіх жанчын жыло сярод рускіх у якасці жонак і наложніц[1]. Удзельнічалі ў руска-чукоцкіх войнах на баку Расіі, пацярпелі ад нападаў чукчаў. Да пачатку XIX ст. падзяліліся на 2 буйныя групы — аселых маркаўцаў (ад назвы сяла Маркава на р. Анадыр) і качавых. Маркаўцы пад уплывам рускіх сталі размаўляць на мясцовым дыялекце рускай мовы. Качавыя чуванцы перайшлі на чукоцкую мову. Перапіс 1926 - 1927 гг. зафіксафаў 707 чуванцаў (55% з іх былі аселымі). Да 1989 г. не вылучаліся ў асобны народ, у перапісах фіксаваліся як рускія або чукчы. З 1993 г. знаходзяцца ў спісе карэнных малалікіх народаў.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

Культура аселых чуванцаў зведала моцны ўплыў рускага насельніцтва і праваслаўнай царквы. З 1883 г. у Маркаве дзейнічала школьная адукацыя на рускай мове. Большасць маркаўцаў наведвала царкву, трымала дома абразы, запазычвала рускія звычаі і фальклор. Аселыя чуванцы займаліся рыбалоўствам, гандлем, вырошчвалі на продаж ездавых сабак. У XX ст. пачалі развіваць земляробства.

Качавыя чуванцы знаходзіліся пад уплывам чукчаў і каракаў, займаліся аленегадоўляй. Сярод іх было развіта шаманства. Падзел чуванцаў на аселых і качавых захоўваецца да нашых дзён.

Зноскі

  1. Народы России: Энциклопедия. - М.: Большая Российская энциклопедия, 1994 - С. 403

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]