Падобны да звычайнага ляляка, але большы (даўжыня цела 29 — 32 см, размах крылаў 53 — 64 см). Як усе ляляковыя, мае шырокі рот, вялікія вочы і доўгія крылы. Дарослыя шэрыя зверху, з карычнева-аранжавымі, чорнымі і белымі плямамі і стракамі, грудзі і жывот брудна-белыя з тонкімі папярочнымі радамі цёмнай стракатасці. У палёце бачны тры белых плямы на канцах крылаў і белыя канцы рулявых пёраў на баках хваста. Па-над вокам мае светла-шэрае брыво, паміж шыяй і спінай стракатая паласа іржавага колеру. Дымарфізм адсутнічае. Паўночна-афрыканскі падвід C. r. desertorum мае больш блеклая афарбоўка і іншы малюнак першасных махавых пёраў: цёмныя і аранжавыя палоскі прыблізна аднолькавай шырыні, у адрозненне ад тонкіх аранжавых і шырокіх чорных палосак у падвіду ruficollis [1]. Актыўны ў прыцемках. Днём знаходзіцца на зямлі, замаскіраваны апярэннем, якое выглядае нібы пакрыты лішаямі сухі сук дрэва альбо сухое лісце; патурбаваны, узлятае з блізкай дыстанцыі. Харчуецца сутонневымі насякомымі, у т.л. молямі. Голас: двухскладовае сухое кукаванне «кукук», якое паўтараецца некалькі разоў і гучыць, як удары па дрэве [2] цішэй ці гучней у залежнасці ад павароту галавы птушкі цягам вакалізацыі. Таксама можа рабіць трэск крыламі за спінай (шлюбныя паводзіны).
Сухія ўчасткі голай, пясчанай глебы, пакрытай кустамі і дрэвамі, сухія пагоркі з групамі кустоў, сасновыя бары, а таксама лясы з коркавых дубоў, эўкаліптаў, аліўкавыя сады, густыя зараснікі, паўпустыні. Ніколі на зусім бяздрэўных тэрыторыях або стэпах. У гарах Сьерра-Невада даходзіць да 1500 м в.у.м.
Ямка без высцілкі пад прыкрыццем расліннасці. Два яйкі з аднолькавымі канцамі, крыху падоўжаныя, светла-шэрыя, з папялістымі, светла- ды жоўта-карычневымі плямамі, размешчанымі як на мармуры. Памеры 32х23 мм.