Эндаплазматычная сетка
Эндаплазматычная сетка (ЭПС), або эндаплазматычны рэтыкулум (ЭПР) — сістэма каналаў і поласцей клеткі, якія акружаны мембранай і пранізваюць гіялаплазму клеткі.
Мембрана эндаплазматычнай сеткі мае будову, падобную да будовы плазмалемы. Каналы і поласці ЭПС, якія займаюць да 50 % аб'ёму клеткі, нідзе не абрываюцца і не адкрываюцца ў гіялаплазму. Адрозніваюць шурпатую і гладкую ЭПС.
На мембране шурпатай ЭПС размешчана мноства рыбасом. Менавіта тут сінтэзуюцца бялкі, якія выводзяцца за межы клеткі. На рыбасомах шурпатай ЭПС таксама сінтэзуюцца мембранныя бялкі.
На паверхні гладкай ЭПС адбываецца сінтэз вугляводаў і ліпідаў. Акрамя таго, у гладкай ЭПС назапашваюцца іоны кальцыю — важныя рэгулятары функцый клетак і арганізма ў цэлым. Гладкая ЭПС клетак печані ажыццяўляе працэсы расшчаплення і абясшкоджвання таксічных рэчываў.
Рэчывы, якія ўтвараюцца на мембранах ЭПС, назапашваюцца ўнутры поласцей сеткі і пераўтвараюцца. Напрыклад, бялкі набываюць уласцівую ім другасную, трэцічную або чацвярцічную структуру. Затым рэчывы, якія ўтварыліся, заключаюцца ў мембранныя пузыркі і транспартуюцца ў комплекс Гольджы.
Шурпатая ЭПС лепш развіта ў тых клетках, якія сінтэзуюць вялікую колькасць бялкоў (напрыклад, у клетках слінных залоз і падстраўнікавай залозы, што ажыццяўляюць сінтэз стрававальных ферментаў; у клетках падстраўнікавай залозы і гіпофізу, якія выпрацоўваюць гармоны бялковай прыроды).
Гладкая ЭПС добра развіта ў клетках, якія сінтэзуюць, напрыклад, поліцукрыды і ліпіды (клеткі наднырачнікаў і палавых залоз, якія выпрацоўваюць стэроідныя гармоны; клеткі печані, што ажыццяўляюць сінтэз глікагену і інш.).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Біялогія: падруч. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / пад рэд. М. Д. Лісава; пер. з рус. мовы В. К. Раманцэвіч. — 3-е выд. — Мн.: Нар. асвета, 2014. — 270 с.: іл. ISBN 978-985-03-2169-5