Клетачнае ядро
Ядро (лац.: nucleus) — абавязковая частка клеткі ў многіх аднаклетачных і ўсіх шматклетачных арганізмаў. Па наяўнасці або адсутнасці ў клетках аформленага ядра ўсе арганізмы падзяляюць адпаведна на эўкарыётаў і пракарыётаў. Ядро — важнейшая структура клетак эўкарыётаў, што змяшчае генетычную інфармацыю (малекулы ДНК), кіруе сінтэзам бялкоў, фізіялагічнымі і марфалагічнымі працэсамі ў клетцы.
Большасць клетак маюць ядро. Зрэдку сустракаюцца двух’ядзерныя (інфузорыя-туфелька) і мнагаядзерныя клеткі (некаторыя пратысты, клеткі грыбоў, папярочнапаласатыя мышачныя валокны). Некаторыя клеткі ў спелым стане не маюць ядра, напрыклад эрытрацыты млекакормячых, клеткі сітападобных трубак кветкавых раслін. Такія клеткі не здольныя да размнажэння.
Будова
[правіць | правіць зыходнік]Памеры клетачнага ядра 1 мкм — 1 мм. Звычайна ядро мае шарападобную форму, але можа быць лінзападобным, верацёнападобным і нават мнагалопасцевым (у клетках зярністых лейкацытаў). У жывёльнай клетцы ядро звычайна размешчана ў цэнтры, а ў расліннай, як правіла, знаходзіцца на перыферыі клеткі (цэнтральную частку часта займае вакуоля).
Агульны план будовы ядра аднолькавы для ўсіх клетак эўкарыётаў. Яно складаецца з ядзернай абалонкі, ядзернага соку, храмаці́на і я́дзерка (аднаго або некалькіх), карыяпла́змы (ці нуклеаплазмы) і ядзернай абалонкі.
Ад цытаплазмы змесціва ядра аддзелена ядзернай абалонкай, якая складаецца з дзвюх мембран. Звонку мембрана мяжуе з цытаплазмай клеткі, у некаторых месцах яна пераходзіць у каналы эндаплазматычнай сеткі. Да вонкавай мембраны ядра прымацоўваюцца рыбасомы. Унутраная мембрана, якая кантактуе з ядзерным сокам, гладкая. Ядзерная абалонка пранізана мноствам пор, праз якія з ядра ў цытаплазму выходзяць субадзінкі рыбасом, малекулы іРНК і тРНК, а ў ядро з цытаплазмы пранікаюць розныя бялкі (у тым ліку ферменты), нуклеатыды, АТФ, неарганічныя іоны і г. д.
Ядзерны сок мае гелепадобную кансістэнцыю, у яго састаў уваходзяць розныя арганічныя і неарганічныя рэчывы. У ядзерным соку размяшчаюцца храмацін і ядзеркі.
Храмацін пад мікраскопам мае выгляд тонкіх цяжаў, дробных гранул або глыбак. Аснову храмаціну складаюць малекулы ДНК, злучаныя са спецыфічнымі бялкамі. У састаў храмаціну ўваходзяць таксама малекулы РНК, сінтэз якіх ажыццяўляецца на ДНК.
Ядзеркі — шчыльныя, акруглыя, не абмежаваныя мембранай участкі ядра. Тут адбываецца сінтэз рыбасомных РНК і аб’яднанне іх з малекуламі бялкоў, што прыводзіць да ўтварэння субадзінак рыбасом. Такім чынам, ядзерка ўяўляе сабой месца сінтэзу рРНК і зборкі асобных субадзінак рыбасом. У пачатку дзялення клеткі ядзеркі разбураюцца, а ў канцы дзялення фарміруюцца зноў у пэўных участках храмасом.
Функцыі
[правіць | правіць зыходнік]Важнейшымі функцыямі ядра з’яўляюцца наступныя:
- Захаванне спадчыннай інфармацыі і перадача яе даччыным клеткам у працэсе дзялення (спадчынная інфармацыя закадзіравана ў малекулах ДНК).
- Кіраванне працэсамі жыццядзейнасці клеткі.
Функцыі ядра ажыццяўляюцца ў цесным узаемадзеянні з цытаплазмай.
У клетачным ядры адбываецца рэплікацыя (ці рэдупліка́цыя) — падваенне малекул ДНК, а таксама транскрыпцыя — сінтэз малекул РНК на малекуле ДНК. Сінтэзаваныя ў ядры малекулы РНК мадыфікуюцца, пасля чаго выходзяць у цытаплазму. Утварэнне абедзвюх субадзінак рыбасом адбываецца ў адмысловых утварэннях клетачнага ядра — ядзерках. Такім чынам, ядро клеткі з’яўляецца не толькі ўмяшчальняй генетычнай інфармацыі, але і месцам, дзе гэты матэрыял функцыянуе і рэпрадуктуецца.
Дзяленне
[правіць | правіць зыходнік]Асноўны спосаб дзялення клетачнага ядра — мітоз, бывае дзяленне простай перашнуроўкай.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]Для паляпшэння артыкула пажадана |
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).
- Біялогія: вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / В. М. Ціхаміраў [і інш.]; пад рэд. В. М. Ціхамірава; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 199 с.: іл. ISBN 978-985-03-1340-9