Лізасома

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Схема будовы тыповай клеткі жывёлы. Адзначаныя арганоіды (арганелы) 1) Ядзерка 2) Ядро 3) Рыбасома 4) Везікула 5) Шурпатая эндаплазматычная сетка 6) Апарат Гольджы 7) Клетачная сценка 8) Гладкая эндаплазматычная сетка 9) Мітахондрыя 10) Вакуоля 11) Цытаплазма 12) Лізасома 13) Цэнтрасома

Лізасомы (ад грэч. λύσις — раствараю і sōma) — структуры цытаплазмы клетак жывельных і раслінных арганізмаў, якія здольны расшчапляць бялкі, вугляводы, ліпіды, нуклеінавыя кіслоты, поліцукрыды; маюць у сабе больш за 50 гідралітычных ферментаў. Адкрыты К. Дэ Дзювам.

Гэта невялікія мембранныя пузыркі ў клетцы, якія адшнуроўваюцца ад цыстэрнаў комплексу Гольджы і ўтрымліваюць набор стрававальных ферментаў. Клеткавыя арганоіды памерам 0,2 — 0,4 мкм, адзін з відаў везікул. Гэтыя аднамембранныя арганоіды — частка вакуома (эндамембраннай сістэмы клеткі). Розныя віды лізасом могуць разглядацца як асобныя клеткавыя кампартменты.

Лізасомы — шарападобныя цельцы, якія ўтрымліваюць гідралітычныя ферменты і абмежаваны мембранай. Адрозніваюць першасныя, неактыўныя, або гідралазныя, пухірыкі, другасныя (актыўныя) лізасомы і астачавыя цельцы. Другасныя лізасомы атрымліваюцца пры аб'яднанні з фагасомай, пінацытознымі вакуолямі або з змененымі арганеламі самой клеткі (цэлі). Яны забяспечваюць завяршэнне ўнутрыцэлевага пераварвання. Калі расшчапленне ідзе не да канца, у фагалізасоме застаюцца неператраўленыя прадукты і яна ператвараецца ў астачавае цельца (тэлалізасому), якое мае пластковую будову, змяшчае пігменты.

У цэлях такіх органаў, як печань, ныркі і іншыя, акрамя лізасом выяўлены пераксісомы. Гэта цельцы, пабудаваныя накшталт лізасом, аднак яны маюць большыя памеры (0,3—1,5 мкм) і ўтрымліваюць ферменты акіслення амінакісляў і разбурэння перакісу вадароду, таксічнага для цэлі. Другасныя лізасомы, якія ўтвараюцца ў клетках пратыстаў, звычайна называюць стрававальнымі вакуолямі.

Парушэнне функцыі лізасом вядзе да лізасомных хвароб намнажэння.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]