Эраст Сукоўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эраст Сукоўскі
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак
Жанр акварэль, пейзаж і жанравы жывапіс

Эраст Суко́ўскі[1] — беларускі і рускі мастак 2-й паловы XIX — пачатку XX стагоддзя[1].

Амаль ніякіх біяграфічныхзвестак аб Эрасту Сукоўскаму не знойдзена[2]. Верагодна вучыўся ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў[1]. Вучыўся ў Першым кадэцкім корпусе, але яго не скончыў[3]. Працаваў памочнікам падатковага інспектара ў Бабруйскім павеце, рэгіянальнага падатковага інспектара ў Навагрудскім павеце Мінскай губерні[3]. Працаваў акцызным наглядчыкам[2]. У 1890-х гадах прыехаў у Мінск.

Працаваў пераважна ў тэхніцы акварэлі. Пісаў пейзажы і жанравыя кампазіцыі. Трымаўся пазіцый крытычнага рэалізму (творы «Сям’я цесляроў», «Асуджаны», «Апраўданая», «З запрашэннем», «Жабракі» і інш.)[1]. Аўтар пейзажаў «Дарога ў палескіх балотах ў завіруху», «Зімовая дарогу па рацэ на Палессі», «Раніцай на пароме», «Сядзіба ў пінскіх балотах», «Па дарозе на возера Свіцязь», «Мора ў Остэндзе» Сярод жанравых кампазіцый: «Паляўнічая тройка», «Местачковы аркестр» (1911), «Паездка цугам» і інш.

У 1891 годзе ў залах Дваранскага сходу ў Мінску адбылася выстаўка, на якой сярод іншых былі паказаны карціны Эраста Сукоўскага[2].

Творы мастака не захаваліся[2]. Па іншых звестках у славянскім і балтыйскім аддзеле Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі захоўваюцца карціны, вызначаныя як працы Эраста Сукоўскага, «Накатная гаць па балоце ў даліне ракі Бобрык Пінскага павета», «Млынавая запруда на рацэ Рудзенка Рэчыцкага павета і балота, утворанае пад яе ўплывам», «Від неасушанага балота», «Пераправа праз вадкае балота з цвёрдым дном паміж вёскамі Загаллем і Ямінскам Бабруйскага павета», «Жыхар Паўднёвай (Зарэчнай) часткі Пінскага павета, апантаны каўтуном»[3].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]