Перайсці да зместу

Эрдзівіл

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эрдзівіл
Нараджэнне XII стагоддзе
Смерць не раней за 1219
Жонка Эрдзівілава[d]
Дзеці мерк. Транята

Эрдзівіл (Ерьдивилъ, польск.: Erdywił, літ.: *Erdvilas, *Girdvilas; XII ст. — пасля 1219) — князь жамойцкі.

Адзін з 21 князёў літоўскіх, якія ў 1219 годзе заключылі дагавор з князямі Данілам і Васількам Раманавічамі і іх маці. Эрдзівіл і Вікінт названы ў дагаворы жамойцкімі князямі. Усходняя частка Жамойці, дзе ўладарыў Эрдзівіл, падтрымлівала літоўскага князя Міндоўга, тым часам заходняя частка, дзе ўладарыў Вікінт, была варожай Міндоўгу. Дагавор 1219 года — адзіная згадка пра Эрдзівіла ў крыніцах. Некаторыя гісторыкі лічаць, што пляменнік Міндоўга Транята, быў сынам Эрдзівіла, аднак, большасць лічыць Траняту сынам Вікінта.

У XVI ст. імя гістарычнага Эрдзівіла ўзята аўтарамі легендарнай часткі беларуска-літоўскага летапісання для свайго персанажа — наваградскага князя Эрдзівіла Мантвілавіча.

У Галіцка-Валынскім летапісе названы як Ерьдивилъ. У «Хроніцы Быхаўца» ёсць некалькі варыянтаў напісання імя Jerdywił, Еrdywił, Еrdіwił[1], першы варыянт сведчыць, што пачатковым гукам (перад тым як стаць фрыкатыўным H-) быў G-.

Імя Гердзівіл ад балцка-літоўскага двухасноўнага Gird-vil’as[2]. Першая аснова Gird- а літоўскага girdėti «чуць» і звязаная з паняццем далекачутнай ваярскай славы. Другая аснова Vil- мае семантыку прагнасці, жадання. Імя Гірдвіл (Гердзівіл) значыць «Прагны да славы». Такое значэнне зусім зразумелае для таго ваярскага раннелітоўскага асяроддзя, у якім бытавалі такія імёны.

  1. Списокъ Быховца // Полное собранiе русскихъ лѣтописей. — С.-Петербургъ, 1907. — Т. 17. — С. 478.
  2. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. C. 94.