Перайсці да зместу

Вікінт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вікінт
Уяўны партрэт Вікінта з «Апісання Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні (1578).
Уяўны партрэт Вікінта з «Апісання Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні (1578).
адзін з князёў у Жамойці
да 1219 — пасля 1252

Нараджэнне XII стагоддзе
Смерць пасля 1252
Помнік князю Вікінту на вуліцы жамойцкіх Твераў

Вікінт (літ.: *Vykintas; XII ст. — пасля 1252) — адзін з князёў у Жамойці (1-я палова XIII ст.). Дзядзька (па маці) Таўцівіла, яго саюзнік у барацьбе з вялікім князем Міндоўгам.

Імя Вікінт — з шэрагу старабалцкіх (старалітоўскіх) двухасноўных імёнаў. Такія імёны дайшлі з індаеўрапейскай эпохі і ўласцівыя іменнікам народаў індаеўрапейскага паходжання[1].

Першая аснова Vy- звязаная з ад індаеўрапейскім *ṷei- : ṷī- «пераследаваць, гнаць; імкнуцца», ад якога літоўскае vyti, vajoti «гнаць», vainoti «лаяць» (ранейшае значэнне — «ваяваць, змагаць»)[2].

Другая аснова Kint- роднасная асновам Kant-, Kent-, усе яны звязаныя з літоўскім kantrus «цярплівы, трывалы», kentėti «цярпець, трываць», žiem-kintys «зімаўстойлівы» (гняздо kant- : kent- : kint-), ад індаеўрапейскага *kenth- «цярпець»[3].

Імя Вікінт значыла «Ваяўнічы і трывалы», і гэта адпавядала каштоўнасцям княска-ваярскага раннелітоўскага асяроддзя[4].

Упершыню згаданы ў дагаворы 1219 года (у датаванні Іпацьеўскага спісу — 1215) як адзін з князёў Жамойці сярод літоўскіх князёў, якія заключылі мір з галіцка-валынскі князямі Данілам і Васількам[5].

Ёсць гіпотэза, што Вікінт мог камандаваць жамойцкімі войскамі ў бітве пры Саўле ў 1236 годзе[6], калі Ордэн мечаносцаў пацярпеў цяжкае паражэнне і неўзабаве вымушана далучыўся да Тэўтонскага.

У 1248 годзе Міндоўг паслаў сваіх пляменнікаў (па бацьку) Таўцівіла і Едзівіда, а таксама Вікінта вайной на Смаленск. Спачатку паход быў удалы, але ў 1249 годзе ў бітве каля Зубцова літоўскія войскі пацярпелі паражэнне. Даведаўшыся пра гэта, Міндоўг вырашыў захапіць уладанні пляменнікаў, Таўцівіл і Едзівід вымушаны бегчы да свайго швагра галіцкага князя Данілы. У пазнейшай барацьбе за ўладанні іх таксама падтрымліваў Вікінт.

У 1250 годзе сапернікі Міндоўга здолелі стварыць моцную кааліцыю, куды ўвайшлі войскі лівонскага ланда Тэўтонскага ордэна, галіцка-валынскіх князёў і Вікінта[7], яны здзейснілі два паходы, адзін на Нальшчаны, другі на «горад» Варуту, у якім абараняўся сам Міндоўг[8].

Неўзабаве Міндоўг здолеў разладзіць кааліцыю скіраваную супраць яго. Ён вывеў з вайны Ордэн, прыняў хрышчэнне і аддаў землі паўночных балтыйскіх плямёнаў (куршаў, земгалаў і іншых) дзяржаве крыжакоў[9]. У 1252 годзе Міндоўг перайшоў у наступленне і аблажыў горад Вікінта Тверы[lt] (цяпер літ.: Tverai; у галіцка-валынскім летапісе — Тверымет), але няўдала. Неўзабаве Міндоўг заключыў мір і з галіцкім князем Данілам, сын таго — Шварн Данілавіч, узяў шлюб з дачкой Міндоўга.

Пасля 1252 года Вікінт памёр. Таўцівіл быў вымушаны зноў бегчы да Данілы, кааліцыя распалася, а Міндоўг прыняў тытул караля Літвы.

  1. T. Milewski. Indoeuropejskie imiona osobowe. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1969. С. 11-13.
  2. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 1123—1124.
  3. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 641.
  4. С. Валянтас. Двусоставные антропонимы — реликты поэзии балтов // Балто-славянские исследования. XVI. Сборник научных трудов. М., 2004. С. 203—205.
  5. Галіцка-Валынскі летапіс па Іпацьеўскаму спісу
  6. Lietuvos valdovai (XIII—XVIII a.): enciklopedinis žinynas.
  7. Насевiч В. Л. Пакаленне першае: Міндоўг (1230-ыя — 1250-ыя гады) // Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн., 1993.
  8. Ипатьевская летопись // Полное собрание русских летописей. — Т. 2. — СПб., 1908. — С. 808
  9. Sužiedėlis S. Tautvilas // Encyclopedia Lituanica.