Юліян Бакшанскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Юліян Бакшанскі
Дата нараджэння 1824
Месца нараджэння
Дата смерці 4 красавіка 1863(1863-04-04)
Месца смерці
Месца пахавання
Род войскаў паўстанцы
Бітвы/войны Паўстанне 1863-1864

Юліян Бакшанскі (1824, маёнтак Тупальшчына Свянцянскага пав., цяпер Смаргонскі раён — 4 красавіка 1863, в. Свечкі, цяпер Маладзечанскі раён) — удзельнік вызваленчага руху і паўстання 1863—1864 гадоў у Беларусі і Літве. Пахаваны ў в. Плябань Маладзечанскага раёна[1],[2].

Вучыўся ў Віленскай гімназіі. У 1842 годзе за захоўванне забароненых кніг сасланы ў Разанскую губерню. Вярнуўшыся з ссылкі, у 1847 годзе зрабіў спробу падняць паўстанне смаргонскіх сялян. У сваім звароце да іх заклікаў аб'яднацца з гарадской беднатой і салдатамі і выступіць супраць памешчыкаў, чыноўнікаў і афіцэраў. Гэты план не здзейсніўся, Ю. Бакшанскі быў арыштаваны і асуджаны да 12 гадоў катаргі. У 1863 годзе арганізаваў і ўзначаліў атрад паўстанцаў і ў сутычцы з урадавымі войскамі на Віленшчыне загінуў[2].

Паўстанне[правіць | правіць зыходнік]

Артур Гротгер. «Бітва паўстанцаў»

У 1863 вярнуўся на радзіму. Далучыўся да паўстання, як і Кастусь Каліноўскі, належаў да шэрагу найбольш паслядоўных рэвалюцыянераў, якіх адрозна ад лібералаў («белых») звалі «чырвонымі». Гэты кірунак вызваленчага руху прадугледжваў дэмакратычную рэспубліку, перадачу зямлі сялянам, самавызначэнне народаў былой Рэчы Паспалітай. «Белыя» ж бачылі галоўнай мэтай паўстання толькі аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года.

Міхал Эльвіра Андрыёлі. «Вылазка паўстанцаў»

У хуткім часе Юльян Бакшанскі арганізаваў і ўзначаліў атрад паўстанцаў, які дзейнічаў на тэрыторыі Маладзечаншчыны і Вялейшчыны. Галоўнай мэтай было стварыць баяздольную, магутную арганізацыю, прыцягнуць да барацьбы шмат сялян, на якіх разлічваў Бакшанскі. Жыхары Маладзечна і Маладзечаншчыны падтрымалі Бакшанскага і бралі актыўны ўдзел у паўстанні, аднак сілы былі не роўныя. Расійскія ўлады на чале з Мураўёвым жорста выпростваліся з паўстанцамі і прыкладна ў маі 1863 года паўстанне было амаль задушана на ўсёй тэрыторыі Беларусі, толькі на Гарадзеншчыне працягвалася барацьба. Бакшанскі працягваў змагацца, але 4 мая 1863 года атрад трапіў у засаду да рускіх, у выніку чаго ў бітве каля вёсак Свечкі і Плябань (цяпер Маладзечанскі раён) падчас раптоўнага ар'ергарднага бою з царскімі казакамі загінуў амаль увесь атрад, у тым ліку кіраўнік атраду Юльян Бакшанскі, а таксама Рафал Малішэўскі, Людвік Ямант, Леапольд Банькоўскі і 15-гадовы Ігнацій Сулістроўскі. На месцы гераічнай смерці паўстанцаў, у наш час каля вёскі Плябань устаноўлены крыж і помнік[3].

Пасля паўстання на Маладзечаншчыне разгарнулася актыўная палітыка русіфікацыі края. Дарэчы, менавіта на Маладзечаншчыне, у 1944 годзе, у 105-гадовым веку, памёр апошні ўдзельнік гэтага паўстання, Ігнат Абрамовіч, які пахаваны ў мястэчку Краснае пад Маладзечнам[4].

Зноскі

  1. Адбыўся Дзень памяці паўстанцаў у Плябані // «Рэгіянальная газета»
  2. 2,0 2,1 Бокшанский Юлиан // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 69. — 737 с.
  3. ПАМЯЦЬ ГЕРОЯЎ ПАЎСТАННЯ 1863 ГОДА ЎШАНУЮЦЬ У МАЛАДЗЕЧАНСКІМ РАЁНЕ.
  4. Арлоў У., Герасімовіч З. КРАІНА БЕЛАРУСЬ. ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ. ІЛЮСТРАВАНАЯ ГІСТОРЫЯ. — Martin, Slovakia, 2012.— 320 с, іл.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Смирнов А. Ф. Революционные связи народов России и Польши. 30-60 годы XIX века. — М., 1962