Ядро Зямлі
Ядро Зямлі — цэнтральная геасфера Зямлі.
Існаванне ядра Зямлі ўстаноўлена нямецкім сейсмолагам Э. Віхертам у 1897. Глыбіня залягання (2900 км) вызначана ў 1910 амерыканскім геафізікам Б. Гутэнбергам. Паводле запісаў пругкіх ваганняў, выкліканых глыбокімі землетрасеннямі, верхняя мяжа ядра зафіксавана на глыбіні 2870-2920 км. На ёй папярочныя сейсмічныя хвалі затухаюць, а падоўжныя рэзка памяншаюцца (у 1,7 раза).
Ядро Зямлі падзяляецца на ўнутранае эфектыўна цвёрдае ядро радыусам 1200-1250 км і вонкавае эфектыўна вадкае ядро таўшчынёй каля 1900 км, падзеленыя прамежкавым ядром або пераходнай зонай таўшчынёй 300-400 км. Шчыльнасць рэчыва ў цэнтры Зямлі каля 13-14 г/см , на ніжняй мяжы вонкавага ядра 11,4-12,3 г/см³, а на мяжы «ядро — мантыя» — 9,5-10,1 г/см³. Маса ядра Зямлі роўная (1,85-1,91)•1027 г і складае 31-32% ад масы Зямлі. Сярэдняя дынамічная вязкасць рэчыва ядра каля 0,4 П. Такі параметр сведчыць аб перагрэве ядра і нізкай тэмпературы плаўлення рэчыва.
Тэарэтычныя і эксперыментальныя даследаванні (ударнае сцісканне металаў і іх аксідаў) уласцівасцяў хімічных сувязяў жалеза пры высокіх цісках, а таксама звесткі шчыльнасці рэчыва, хуткасці праходжання сейсмічных хваль праз ядро, пашырэнні хімічных элементаў у Сонечнай сістэме дазваляюць сцвярджаць, што ў хімічным складзе рэчыва ядра Зямлі каля 90% жалеза і 10% лёгкіх дадаткаў (сера, кісларод). Вонкавае ядро складзена з аксіду жалеза (Fe2O), унутранае — з жалеза-нікелевага сплаву Fe0,9•Ni0,1, прамежкавы слой — сульфідны.
Фігура паверхні ядра нераўнамерна адхіляецца ад фігуры эліпсоіда вярчэння ад -4 км да +6 км. Выяўленыя няроўнасці на паверхні ядра ўяўляюць сабой карані ўзыходных і сыходных канвектыўных струменяў у ніжняй мантыі Зямлі. У тэарэтычнай геафізіцы існуе меркаванне, што канвекцыя рэчыва ў вонкавым ядры ўзбуджае асноўнае магнітае поле Зямлі, а перасоўванні ўнутранага ядра адносна вонкавага складаюць векавыя варыяцыі геамагнітнага поля.
Адносна паходжання ядра Зямлі мяркуюць, што яно ўтварылася шляхам гравітацыйнай дыферэнцыяцыі першаснай Зямлі ў перыяд яе росту ці пазней (В. Гольдшміт, 1922) альбо жалезнае ядро ўзнікла яшчэ ў протапланетным воблаку (нямецкі навуковец А. Эйкен, 1944).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Каратаеў Г. Ядро Зямлі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).