Перайсці да зместу

Зямная кара

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Зямная кара — верхняя абалонка «цвёрдай» Зямлі, якая складае верхнюю частку літасферы.

Абмежавана зверху атмасферай і гідрасферай, знізу — мантыяй Зямлі. Яе магутнасць на раўнінах 35-40 км, у гарах 70-80 км, пад акіянам — 5-15 км. Зямная кара падраздзяляецца на ўстойлівыя (платформы) і рухомыя (геасінкліналі) ўчасткі.[1]

Зямная кара ўтворана галоўным чынам магматычнымі горнымі пародамі. Маюцца таксама асадкавыя і метамарфічныя горныя пароды. Адрозніваюць мацерыковую і акіянічную зямную кару, а таксама пераходныя яе тыпы: субмацерыковую і субакіянічную.

Верхняя частка зямной кары, якая разглядаецца як шматкампанентная дынамічная сістэма, называецца геалагічным асяроддзем. Геалагічнае асяроддзе знаходзіцца пад уздзеяннем інжынернай дзейнасці чалавека і, у сваю чаргу, у пэўнай ступені вызначае гэту дзейнасць.

Верхняя частка кары дасягальная для вывучэння ў агаленнях і свідравінамі да глыбіні 10-15 км. Больш глыбокія зоны даследуюцца геафізічнымі метадамі. Мацерыковая кара складаецца з асадкавага (скорасць пашырэння падоўжных сейсмічных хваль Vр да 4,5 км/с), «гранітнага» (Vр 5,1—6,4 км/с) і «базальтавага» (Vр 6,1—7,4 км/с) слаёў. «Гранітны» і «базальтавы» слаі ўмоўныя і гістарычна звязаныя з вылучэннем паверхні Конрада (Vр 6,2 км/с), якая раздзяляе іх.

Звышглыбіннае свідраванне сведчыць, што гэтая мяжа мае ўмоўны характар, таму «гранітны» і «базальтавы» слаі аб’ядноўваюць паняццем кансалідаванай кары. «Гранітны» слой па складзе парод больш адпавядае гранітна-гнейсаваму (сярэдняя шчыльнасць 2,6-2,7 т/м³), «базальтавы» — гранулітава-базітаваму (2,7-3 т/м³). Акіянічная кара адрозніваецца ад мацерыковай адсутнасцю «гранітнага» слоя, меншай магутнасцю і больш маладым узростам (юра, мел, кайназой). Суцэльнасць зямной кары перарываецца шматлікімі разломамі. Некаторыя з іх дасягаюць мантыі і ўтвараюць корава-мантыйныя блокі. Зямная кара знаходзіцца ў стане ізастатычнай раўнавагі. Зонай яе выраўноўвання з’яўляецца астэнасфера. Зямную кару аддзяляе ад мантыі Зямлі паверхня Махаровічыча.

Зноскі

  1. Андрыеўская, Галай, 1994. С.103.