Перайсці да зместу

Іосіф Іосіфавіч Стаброўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Язэп Стаброўскі)
Стаброўскі Іосіф Іосіфавіч
Дата нараджэння 21 кастрычніка (2 лістапада) 1870 ці 21 кастрычніка 1870(1870-10-21)
Месца нараджэння
Дата смерці 15 студзеня 1968(1968-01-15) (97 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
  • Орлавічы[d]
Грамадзянства
Род дзейнасці навуковец
Навуковая сфера гісторыя, археалогія
Альма-матар
Член у
Узнагароды
ордэн Святога Уладзіміра 3 ступені ордэн Святога Уладзіміра 4-й ступені з бантам ордэн Святога Станіслава 2 ступені ордэн Святой Ганны 3 ступені ордэн Святога Станіслава 3 ступені ордэн Святой Ганны 4 ступені крыж Заслугі

Іосіф (Язэп) Іосіфавіч Стаброўскі (21 кастрычніка (2 лістапада) 1870, Слонім, маёнтак Орлавічы[1] — 15 студзеня 1968, Слонім) — вучоны археолаг і краязнавец. Член-карэспандэнт Віленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага таварыства і Яраслаўскага археалагічнага таварыства. Удзельнік Першай сусветнай вайны, палкоўнік. Стрыечны брат Казіміра Стаброўскага.

Жыццё і дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям’і прафесійнага ваеннага Іосіфа Вікенцьевіча Стаброўскага і Людвікі Адольфаўны Стаброўскай (у дзявоцтве Масальскай). 10 лістапада 1870 года быў ахрышчаны ксяндзом Вікенціем Грыневічам у слонімскім рымска-каталіцкім парафіяльным касцёле і атрымаў імя Іосіф, а 10 студзеня 1875 года пастановай Гродзенскага дваранскага дэпутацкага сходу «сопричисленъ к ряду Стабровскихъ»[2].

У адпаведнасці з традыцыямі сям’і выбраў ваенную кар’еру. Паступіў у Полацкі кадэцкі корпус, па заканчэнні якога ў 1889 годзе працягваў навучанне ў 3-м ваенным Аляксандраўскім артылерыйскім вучылішчы. Па заканчэнні курса па 1-му разраду, пераведзены паручнікам у 81-ы Апшэронскі полк, дзе атрымаў пасаду памочніка загадчыка палявой каманды. Па распараджэнні шэфа палка, вялікага князя Георгія Міхайлавіча, зрабіў шэраг фотаздымкаў месцаў, дзе полк вёў баі з Шамілем, брацкіх магіл і помнікаў, а таксама палкавых рэгалій для гісторыі Апшэронскага палка.

24 снежня 1893 года па асабістым жаданні Стаброўскі быў прыкамандзіраваны да 21-й артылерыйскай брыгады «для испытанія по службе и перевода впоследствіи в Артилерию»[3]. Падчас вялікіх манеўраў 1893 г. на тэрыторыі Дагестана і Чачні (звыш 1000 км) па даручэнні Штаба Каўказскай ваеннай акругі правёў праверку і дапаўненне пяцівёрстнай карты Паўночнага Каўказа.

15 кастрычніка 1895 года Стаброўскага пераводзяць у 38-ы лятучы артылерыйскі парк, які ён узначальваў у адсутнасць ці ў сувязі з пераводам кіраўніцтва на іншыя пасады на працягу 1896—1897 гг. 17 сакавіка 1896 года ён быў узнагароджаны сярэбраным медалём у памяць царствавання імператара Аляксандра III. 1 ліпеня 1898 года атрымлівае званне штабс-капітана, а 15 мая 1899 г. быў узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава трэцяй ступені. 6 верасня 1899 года, па рашэнню кіраўніцтва, Стаброўскага пераводзяць у 38-ю артылерыйскую брыгаду. На працягу службы ў брыгадзе ён займаў розныя пасады: загадчык брыгаднай гаспадаркі, чатыры гады загадваў пякарняй, член распарадчага камітэта афіцэрскага сходу, старшыня брыгаднага суда, член Суда таварыства афіцэраў, член камісіі па загадванні афіцэрскім пазыковым капіталам, часова камандаваў 3-й і 5-й батарэямі 38-й артылерыйскай брыгады. І. І. Стаброўскі арганізаваў і кіраваў на працягу дзесяці гадоў у Міхайлаўскім штабе метэаралагічнай станцыяй 2-га разраду, назіранні якой адсылаліся ў Пецярбургскую метэаралагічную абсерваторыю.

Падчас вайсковай службы Стаброўскі пачаў цікавіцца гісторыяй і археалогіяй. У 1899 годзе ў часопісе «Исторический Вестник» пабачыла свет першая яго археалагічная работа — «К вопросу об ископаемых стеклянных шарах»[4], пра сем рымскіх манет, раней невядомым спецыялістам па рымскім манетам.

З канца XIX стагоддзя займаўся гісторыяй і археалогіяй Беларусі, праводзіў раскопкі, збіраў калекцыі кніг і археалагічных знаходак.

Удзельнік Першай сусветнай вайны. У раёне фальварка Здуны-Ржоньска 16-17 кастрычніка 1914 года пры пераправе 1-га парку праз раку Бзуру І. І. Стаброўскі, дзейнічаючы рашуча пад агнём немцаў, прадухіліў паніку і аднавіў парадак. У баі супраць немцаў 22 снежня 1914 г. ён выконваў адмысловыя даручэнні начальніка 55-й пяхотнай дывізіі, за што быў узнагароджаны ордэнам Святой Ганны 2-й ступені з мячамі. 18 мая 1915 г. ў баі з немцамі на рацэ Раўцы пад Баржынёвым Стаброўскі быў атручаны ўдушлівымі газамі. У лістападзе 1915 г. ён прымаў удзел у баях каля в. Скробаў, недалёка ад Баранавіч, у 1916 г. — у баявых дзеяннях каля возера Нарач. 23 сакавіка 1916 года быў узнагароджаны ордэнам Святога Роўнаапостальнага Князя Уладзіміра 4-й ступені, да якога 8 лістапада 1916 года дадалі мячы і бант. 20 снежня 1916 года ён быў узнагароджаны ордэнам Святога Раўнаапостальнага князя Уладзіміра 3 ступені.

16 кастрычніка 1917 года вольны слухач Стаброўскі скончыў Маскоўскі археалагічны інстытут. На працягу васьмі гадоў (1912—1920) ён таксама з’яўляўся членам Яраслаўскага прыродазнаўча-гістарычнага таварыства.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Стаброўскі пэўны час знаходзіўся ў арміі. 20 красавіка 1918 г. ён быў звольнены са службы паводле дэкрэту Народнага Камісарыята па ваенных справах ад 16 снежня 1917 г. і вярнуўся ў Слонім. Пасля заняцця часткі Заходняй Беларусі польскімі войскамі падчас савецка-польскай вайны Стаброўскі з сакавіка 1920 года дапамагаў польскім уладам і выконваў абавязкі старшыні ацэначнай камісіі ваенных страт па Слонімскім павеце. Але 26 мая 1920 г. пачалося контрнаступленне Чырвонай Арміі, якая на пачатку лета заняла Заходнюю Беларусь. 12 ліпеня 1920 года, калі бальшавікі ўступілі ў Слонім, Стаброўскі быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію. З 20 верасня 1920 г. яго прыкамандзіравалі да ўпраўлення інспектара Заволжскай ваеннай акругі, дзе з 21 кастрычніка ён заняў пасаду малодшага справаводцы аддзялення навучання артылерыі Упраформу штаба акругі, а з 31 снежня — пасаду старэйшага справаводцы Заволжскага ўпраўлення ваенна-навучальных устаноў.

У гэты ж час Стаброўскі быў слухачом Вышэйшых археалагічных курсаў Таварыства археалогіі, гісторыі і этнаграфіі пры Самарскім дзяржаўным універсітэце, якія паспяхова скончыў. 11 красавіка 1921 г. І. Стаброўскі адлічаны ў рэзерв адміністрацыйна-гаспадарчага складу штаба акругі, а пасля заключэння 18 красавіка 1921 года Рыжскага мірнага дагавора ён вяртаецца на Слонімшчыну, на гэты раз ужо назаўсёды пакінуўшы вайсковую службу ў званні палкоўніка.

Вярнуўшыся на Радзіму, Стаброўскі займаецца садаводствам і пчалярствам у сваім маёнтку «Орлавічы», пачынае плённую працу на ніве вывучэння роднага края, актыўна займаецца зборам розных артэфактаў і матэрыялаў гістарычнага характару. Захапленне вывучэннем старажытнасцей з цягам часу перарасло ў жаданне стварыць з сабранага музей. Але гэтаму папярэднічаў шлях даўжынёю ў восем гадоў, першым крокам якога было стварэнне этнаграфічна-археалагічнага таварыства (СЭАТ) ў 1924 годзе.

На тэрыторыі Слонімскага павета І. І. Стаброўскі праводзіў археалагічныя раскопкі, даследаваў гісторыю роднага края, пісаў навуковыя артыкулы і збіраў рэчы гістарычнага характару, якія паклалі пачатак археалагічнай, нумізматычнай і мінералагічнай калекцыям адкрытага ў 1929 годзе па яго ініцыятыве рэгіянальнага музея.

У 1934 годзе Стаброўскі быў накіраваны на з’езд секцый Рэгіянальных музеяў у Варшаву, арганізаванага Саюзам музеяў Польшчы. Акрамя працы на карысць музея ён займаўся апякунскай дзейнасцю ў Чамярской воласці. Назіраючы за цяжкім станам сялян, што жылі ў ваколіцах Орлавіч, ён вырашыў перадаць частку зямлі, якою валодаў сялянам, для чаго аформіў «дарственную запись 65-ти гектаров мешорованного сенокоса (половина всего хутора) в пользу нуждающихся крестьян во время коммасации грунтов»[5]. За гэты ўчынак 18.08.1937 г. Стаброўскі быў узнагароджаны «Залатым крыжам заслугі». У 1939 г., калі Заходняя Беларусь была далучана да БССР, Стаброўскі бясплатна перадаў свой музей гораду разам з усёй калекцыяй у 5 тысяч экспанатаў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны музей у Слоніме працаваў, а Стаброўскі з’яўляўся яго дырэктарам, здолеўшы захаваць экспанаты ад вывазу за мяжу. У 1948 годзе ён быў звольнены «от работы в музее как неотвечающего по своему идеологическому мировоззрению требованиям советского музея — как научного и культурно-просветительского учреждения»[6].

У свае апошнія гады Стаброўскі шмат чытае і піша, сістэматызуе свае веды, стварае шэраг твораў, якія раскрываюць яго ўяўленні па астраноміі, прыродазнаўстве, гісторыі і археалогіі.

На Слонімшчыне да апошніх сваіх дзён жыў І. І. Стаброўскі ў беднасці і забыты мясцовымі ўладамі. Памёр ён 15.01.1968 г. Пахаваны, як і жадаў, на зямлі былога радавога маёнтка Стаброўскіх Орлавічы[1]. На сённяшні дзень Слонімскі краязнаўчы музей носіць імя заснавальніка, а вялікая колькасць сабраных ім рэчаў былі перададзены ў іншыя музеі[1]. У 2002 г. у дні святкавання 750-гадовага юбілею горада на будынку музея была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная Іосіфу Іосіфавічу Стаброўскаму, якую выканаў з граніту і падараваў гораду і музею скульптар Леанід Богдан.

Зноскі

  1. а б в У Орлавічы да Язэпа Стаброўскага(недаступная спасылка).
  2. Герасімчык В. У. Жыццё і дзейнасць І. І. Стаброўскага // Рэха мінуўшчыны. — Гродна, 2010. — С. 190.
  3. Герасімчык В. У. Жыццё і дзейнасць… С. 192.
  4. http://geron-1987.blogspot.com/2014/01/1899.html
  5. Герасімчык В. У. Жыццё і дзейнасць… С. 199.
  6. Герасімчык В. У. Жыццё і дзейнасць… С. 205.