Лістападныя дрэвы вышынёй да 50 м з падоўжана-яйцападобнай кронай. Крона з узростам высокападнятая, шырокаакруглая, з сагнутымі маладымі галінамі. Кара шэрая, цёмна-шэрая або карычневая, з трэшчынамі, у маладых дрэў — зеленаватая, попельна-шэрая. Пупышкі чорныя або карычневыя, часта з дробнымі крапінкамі, верхавінкавыя — яйцападобныя, сціснутыя з бакоў, бакавыя — акруглыя. Лісце няпарнаперыстае (з З—17 лісцікаў), на доўгіх чаранках, супраціўнае. Лісцікі па краі пілаватыя, зубчастыя, рэдка суцэльнакрайнія. Кветкі дробныя, непрыкметныя, адна- або двухполыя ў шчыльных пучках або мяцёлках, з’яўляюцца раней за лісце. Плод — аднагнёздавая крылатая сямянка. Плады вісяць на дрэве амаль усю зіму, паядаюцца птушкамі. Размнажаюцца насеннем (усходжасць захоўваецца 2-3 гады), садовыя формы — прышчэпкамі або акуліроўкай.
Ясень пашыраны ў Паўночным паўшар’і, з’яўляецца важнай лесаўтваральнай пародай цёплаўмераных абласцей. Светлалюбная, адносна дыма- і газаўстойлівая расліна. Растуць хутка на багатых увільготненых глебах, развіваюць моцную валасніковістую каранёвую сістэму, добра пераносяць перасадку. Пладаносяць амаль кожны год з 15-20-гадовага ўзросту. Жывуць да 350 гадоў.
Ясянёвыя лясы, ясеннікі — фармацыя карэнных шыракалістых лясоў, у дрэвастоі якіх пераважае ясень. Пашыраны ў Еўропе (ясень звычайны), Азіі (ясень маньчжурскі) і Паўночнай Амерыцы (ясень ланцэтны і інш). Маюць важнае водаахоўнае значэнне. Даюць высакаякасную драўніну.
Тэхнічныя, дэкаратыўныя расліны. Драўніна з прыгожым малюнкам, гнуткая, пругкая, трывалая, выкарыстоўваецца ў авія-, судна- і вагонабудаванні, мэблевай прамысловасці. Кара і насенне ідуць на сурагат хініну, ужываюцца як лекавыя сродкі, з кары таксама вырабляюць дубільныя рэчывы і фарбу. З ясеня маннавага (Fraxinus ornus) атрымліваюць манну — салодкі сок, што застывае на паветры, слабільны сродак. На ясені кітайскім (Fraxinus chinensis) разводзяць ілжэшчытоўку, якая дае белы воск, што ідзе на выраб свечак, выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфумерыі, тэкстыльнай прамысловасці.