Перайсці да зместу

Яша Бурш

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Яша Бурш
Фатаграфія
Дата нараджэння 12 верасня 1929(1929-09-12)
Месца нараджэння
Дата смерці 29 студзеня 2007(2007-01-29) (77 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак, паэт, дзеяч выяўленчага мастацтва
Вучоба
Член у

Яша Бурш, сапраўднае імя Янка Анісяровіч або Ян Анісэровіч (польск.: Jasza Bursz, Jan Aniserowicz; 12 верасня 1929(1929-09-12), Баранавічы, Навагрудскае ваяводства29 студзеня 2007(2007-01-29), Варшава; Псеўданімы: Ян Станіслаў; Крыптанімы: Я. С.) — мастак, беларускі паэт-мадэрніст у Польшчы.

Пасля Другой сусветнай вайны, у 1950 годзе з бацькамі пераехаў на сталае жыхарства ў Варшаву. Скончыў Варшаўскую акадэмію мастацтваў (1957), удасканальваў свае веды і ўменні на стажыроўках у Ленінградзе і Рыме (стыпендыят ураду Італіі), працаваў у варшаўскіх школах настаўнікам жывапісу. Адзін з першых суарганізатараў беларускага літаратурна-мастацкага руху ў Польшчы і сябра Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа».

Дэбютаваў артыкулам пад крыптанімам Я. С. у «Ніве» (9.2.1957), дзе даводзіў неабходнасць аб’яднання беларускіх творцаў у Польшчы. Таксама ў «Ніве» (9.8.1958) пад псеўданімам Ян Станіслаў ён дэбютаваў як паэт 2 адназвароткавымі катрэнамі: «Прыляж ля мяне, вецярок» і «Сонейка свеціць, смяецца і грэе», але гэтыя вершы нетыповыя для творчасці Яшы Бурша, яны належаць да сілаба-тонікі, сістэмы вершаскладання, якою паэт не карыстаўся. Магчыма, дэбютныя творы Бурша былі рэдагаваны Георгіем Валкавыцкім, галоўным рэдактарам «Нівы».

Усе наступныя вершы Яшы Бурша, у літаратурных альманахах: «Рунь» (1959, 4 вершы), «Мой родны кут» (1963, 5 вершаў[1]), «Белавежа» № 1 (1965, 42 вершы), «Белавежа» № 2 (1971, 28 вершаў), «Літаратурная Беласточчына» (1973, 3 вершы), «Беларускіх календарах» (1961 — 1 верш, 1962 — 1 верш, 1963 — 3 вершы, 1964 — 3 вершы, 1974 — 1 верш), якія Яша Бурш пазней публікаваў і ў «Ніве» (да сярэдзіны 1971), друкаваліся ў першапачатковай аўтарскай форме дысметрычнага, свабоднага верша. Частка напісаных паэтам верлібраў была сабрана Георгіем Валкавыцкім у зборнік «Прамень думкі» і выдадзена як дадатак да «Нівы» (1964). 4 вершы Бурша апублікаваны ў зборніку «Краса і сіла» (Мінск, 2003).

Таксама выступаў на аўтарскіх вечарах «белавежцаў», але, паводле Віктара Шведа, свабодныя вершы Яшы Бурша не ўспрымаліся слухачамі як вершы, яны іх не разумелі[2]. З пачатку 1970-х гадоў Яша Бурш знікае з публічнага літаратурнага жыцця.

Паэта не цікавілі праблемы чалавека як сацыяльнай істоты і ўзаемаадносіны асобы з грамадствам. Так у зборніку «Прамень думкі» бачнае дэманстратыўнае адмаўленне сферы соцыуму. Яша Бурш быў паэтам, які літаратурнай творчасцю ў форме і змесце, ужо ў канцы 1950-х маніфеставаў права на рост і станаўленне аўтаноміі чалавечага «Я», права на абжыванне — смакуючы — свайго існавання, сваёй біялагічна-псіхічнай экзістэнцыі.[3]

Стаў вядомым мастаком у Польшчы, лаўрэатам многіх польскіх ды міжнародных прэмій, меў больш за 50 ўласных і больш за 100 калектыўных выставак жывапісу (польскіх і міжнародных). Яго карціны захоўваюцца ў фондах многіх музеяў, у тым ліку ў Нацыянальным музеі ў Варшаве і музеі Эрмітаж у Санкт-Пецярбургу.

Памёр 29 студзеня 2007 года ў Варшаве, пахаваны на варшаўскіх Паўночных могілках (поле S-II-18, шэраг 6, магіла 16).

  1. Заўвага Я. Чыквіна: Усе змешчаныя ў гэтым альманаху для дзяцей вершы Яшы Бурша падагнаны, праўдападобна, рэдактарамі выдання пад сілаба-тоніку. Вершы, аднак, там-сям захавалі сваю першасную разняволенасць.
  2. Швед В. Беларускі парнас… С. 75.
  3. Чыквін Я. Пад двума ветразямі…
  • Букет Белавежжа / Рэд. Г. Валкавыцкі. — Białystok: «Prymat», 2001. ISBN 83-85918-28-0
  • Чыквін Я. Пад двума ветразямі // Далёкія і блізкія. Беларускія пісьменнікі замежжа / Чыквін Я. — Беласток, 1997.
  • Швед В. Беларускі парнас у Народнай Польшчы // Беларускі каляндар. Беласток, 1978.