Перайсці да зместу

Яшуны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Яшунай)
Мястэчка
Яшуны
літ.: Jašiūnai
Герб
Герб
Сядзіба Балінскіх
Сядзіба Балінскіх
Краіна
Павет
Раён
Сянюнія
Каардынаты
Насельніцтва
  • 642 чал. (2011)
Часавы пояс
Яшуны на карце Літвы
Яшуны (Літва)
Яшуны

Яшуны[1], таксама Яшунай[2] (літ.: Jašiūnai) — мястэчка ў Літве, на рацэ Мерачанка. Цэнтр сянюніі Салечніцкага раёна Віленскага павета. Месціцца за 17 км на паўночны захад ад Салечнікаў, за 18 км ад Вільні.

Вялікае Княства Літоўскае

[правіць | правіць зыходнік]

Першы пісьмовы ўспамін пра Яшуны як вялікакняжацкае ўладанне датуецца 1402 годам. Мясціна была на ўскраіне Рудніцкай пушчы. Пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 годоў Яшуны ўвайшлі ў склад Віленскага павета Віленскага ваяводства[3]. У пачатку XVI стагоддзя тут збудавалі першы касцёл (існаваў да першай паловы XVII стагоддзя).

На мяжы XVI і XVII стагоддзяў Яшуны перайшлі ў валоданне Радзівілаў. У часы Рэфармацыі тут пачаў дзейнічаць кальвінскі збор. У XVIII стагоддзі збор разабралі, а на яго месцы збудавалі драўляную каталіцкую капліцу (існавала да пачатку XIX стагоддзя).

Пад уладай Расійскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]
Міхал Балінскі

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795 года Яшуны апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Віленскім павеце. У 1811 годзе маёнтак набыў Ігнацій Балінскі, па смерці якога ў 1819 годзе Яшуны перайшлі да яго сына Міхала. У 1824—1828 гадах тут збудавалі новы палац, утварылі парк. Цягам 1820—1830-х гадоў сядзіба Балінскіх была значным культурным асяродкам на Віленшчыне. У маёнтку спыняліся Тамаш Зан, Юльюш Славацкі, Антоній Эдвард Адынец, Юзаф Мяноўскі, Андрэй Бенедыкт Клангевіч і інш. Па смерці Міхала Балінскага (1864) Яшуны перайшлі да яго сына Канстанціна. У XIX стагоддзі ў маёнтку працавала цагельня, з 1886 года — папяровая вытворчасць.

За часамі Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Яшуны занялі войскі Германскай імперыі.

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У пачатку студзеня 1919 года тэрыторыя занята Чырвонай Арміяй, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. З другой паловы сакавіка пад кантролем Польшчы. Таксама на тэрыторыю прэтэндавала Літва. 8 кастрычніка 1920 года пад Яшунамі, пры пераправе цераз Мерачанку, адбылася дзвюхгадзінная бойка паміж польскай Літоўска-беларускай дывізіяй Люцыяна Жалігоўскага. У выніку Яшуны апынуліся ў складзе польскай марыянеткавай Сярэдняй Літвы.

З 1922 года — у складзе Польшчы, у Віленскім павеце Віленскага ваяводства. У беларускай гістарыяграфіі землі вядомыя як Заходняя Беларусь. У 1929 годзе завяршылася будова Касцёла Святога Яна Хрысціцеля.

У другой палове верасня 1939 года Яшуны заняты Чырвонай Арміяй, 10 кастрычніка 1939 года паводле дагавора з СССР тэрыторыя Віленскай вобласці перададзена Літве. З 1940 года ў Літоўскай ССР. У Другую сусветную вайну з чэрвеня 1941 года да ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі. У 1941 годзе нацысты знішчылі ў мястэчку 575 чалавек, галоўным чынам яўрэяў.

Цягам 1950—1995 гадоў Яшуны былі цэнтрам сельсавета. З 1990 года ў складзе адноўленай незалежнай Літвы. У 2001 годзе адбылося афіцыйнае зацвярджэнне герба.

  • XIX стагоддзе: 1882 год — 344 чал.; 1885 год — 142 чал.[4]
  • XX стагоддзе: 1959 год — 537 чал.; 1970 год — 367 чал.; 1977 год — 540 чал.; ; 1979 год — 725 чал.; 1985 год — 642 чал.; 1986 год — 543 чал.; 1989 год — 506 чал.
  • XXI стагоддзе: 2001 год — 879 чал.

Інфраструктура

[правіць | правіць зыходнік]

Каля мястэчка дзейнічае аднайменная чыгуначная станцыя.

Касцёл Святога Яна Хрысціцеля
  • Касцёл Святога Яна Хрысціцеля (1929)
  • Могілкі Балінскіх (1830)
  • Сядзібна-паркавы комплекс Балінскіх (1824)

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]

У Яшунах пахаваны беларускі паэт, сатырык, журналіст і мастак Іван (Янка) Маразовіч (1895—1937).

  1. Назва паводле карты да артыкула Заходняя Беларусь // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — С. 21. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
  2. Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 187-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Літоўскай Рэспублікі на беларускую мову»
  3. Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: Белкартаграфія. — Т. 1 / [рэд. Л.У. Шклярэвіч]. — 244, [3] с., іл. с. — ISBN 978-985-508-060-3. С. 244.
  4. Яшуны // Географическо-статистический словарь Российской империи. T. 5: Таарджалъ — Яя. — СПб, 1885. — С. 1000.