Яўген Усюкевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Яўген Усюкевіч
Нараджэнне 13 студзеня 1923(1923-01-13) (101 год)
Веравызнанне праваслаўе
Ваенная служба
Званне лейтэнант
Узнагароды
Медаль да стагоддзя БНР

Яўген Усюкевіч (13 студзеня 1923) — беларускі вайсковец, дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, жаўнер Наваградскага коннага эскадрону падчас Другой сусветнай вайны. Брат Алеся Усюкевіча.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 13 студзеня 1923 года ў в. Хадасы Любчанскай гміны Навагрудскага ваяводства, Польшча. У сялянскай сям’і было тры браты, акрамя самога Яўгена вядома таксама пра ягонага малодшага брата Алеся Усюкевіча. Пры польскай уладзе вучыўся ў школе ў Любчы. Скончыць сёмы клас не здолеў: каб вучыцца далей мусіў быў вызнаць сабе каталікам, але ён быў праваслаўным і адмаўляўся.

Пасля прыходу саветаў і акупацыі Польшчы ў 1939 г. працягнуў адукацыю ў савецкай школе, дзе праз нейкі час ягоным настаўнікам быў Барыс Рагуля. Па ўспамінах Яўгена Усюкевіча, Барыс Рагуля быў адзіным настаўнікам, які не проста выкладаў на беларускай мове, але размаўляў па-беларуску і па-за заняткамі, чым, пэўна, і выклікаў цікаўнасць у мясцовых органах, якія пазней яго арыштавалі разам з некаторымі іншымі настаўнікамі. Праз некалькі месяцаў пасля пачатку нямецкай акупацыі ў 1941 г. скончыў у Навагрудку 6-тыднёвыя настаўніцкія курсы, але працаваць настаўнікам не пайшоў.

У 1944 г. далучыўся да Наваградскага коннага эскадрону (паліцэйскі батальён № 68), які Барыс Рагуля сфармаваў па загадзе нямецкага камісара Наваградскага павету Вільгельма Траўба ў лютым — сакавіку 1944 г. Па ўспамінах Яўгена Усюкевіча, ён не вагаўся наконт уступлення ў швадрон: «Немцы для мяне былі такія ж самыя ворагі, як і Саветы. Але я хацеў, каб не гарэлі нашы вёскі. Як і ў любым войску, у нашым корпусе ўсё было па раскладзе: пад’ём, малітва. ... У нас была ўсталёўка: не чапаць партызанскія сем’і». Спачатку быў камандзірам аддзялення, а потым — заступнікам камандзіра звязу. Падчас службы Яўгена да яго сям’і аднойчы прыйшлі партызаны і іх камандзір загадаў падпаліць хату Усюкевічаў, партызаны адмовіліся выконваць загад і нават параілі бацьку усюкевіча тэрмінова ехаць у Любчу (там была моцная нямецкая ахова), але забралі збожжа і забілі кабана. Сям’я Усюкевічаў выехала, а на наступны дзень партызаны спалілі іхную хату і ўсе хлявы.

Калі немцы пачалі адступленне, Наваградскі эскадрон быў пасланы ў Докшыцы на аперацыю супраць партызанаў. Яўген Усюкевіч успамінае: «Пакуль ехалі, мы праязджалі не вёскі, а пустыры. Усё было спалена… І мы ведалі, хто вінаваты ў гэтым — немцы і партызаны». Потым эскадрон атрымаў загад рухацца на Вільню, але па дарозе Барыс Рагуля вырашыў найперш ехаць на Ліду, каб прывезці дадому хлопцаў, якія бы не хацелі з’язджаць з тэрыторыі Беларусі — гэта была апошняя мажлівасць даехаць дадому, бо акурат у гэты момант немцамі знішчалася чыгунка. Па прыездзе ў Навагрудак Барыс Рагуля сказаў: «Хлопцы, адсюль я вас узяў, сюды і прывёў. Немцы прайгралі — так ім і трэба. Сам я тут не застануся, бо ведаю характар Саветаў — будуць судзіць. Хто хоча — можа сыходзіць са мной, а хто хоча — можа заставацца». Большасць хлопцаў марыла пра мірнае жыццё, таму засталіся нягледзячы на непазбежныя рэпрэсіі, але Яўген Усюкевіч не застаўся і паехаў разам з лейтэнантам Друцькам на конях у Прусію, а Рагуля з некалькімі хлопцамі паехалі на машыне іншым шляхам. Свайму брату, які працаваў настаўнікам, Яўген Усюкевіч забараніў ехаць на Захад разам з немцамі, бо той не служыў у немцаў і тэарэтычна яму не пагражалі рэпрэсіі.

Ва Усходняй Прусіі Яўген Усюкевіч быў залічаны да арганізаванай там 30 грэнадзёрская дывізія войскаў пры СС (1-я беларуская). Дывізію разам з іншымі перакінулі на Захад ваяваць супраць французскіх і амерыканскіх войскаў, але шмат хто пераходзіў на амерыканскі бок цэлымі ўзводамі. На Вялікдзень 1945 года Беларуская дывізія была ўжо на амерыканскай тэрыторыі. Яўген Усюкевіч ўспамінае: «Дывізія была растрапаная. Я толькі і думаў: «Як перайсці на Захад?» Я быў фельдфебелем, Друцька — лейтэнантам. Мы неяк стаялі на ўзгорку, а ўнізе былі амерыканцы. Я кажу: «Хлопцы, не страляйце!» А мы былі ў хаце. Я пабег і сказаў сваім хлопцам, каб тыя стаіліся: завешалі вокны белай тканінай і не стралялі. Мы ж не збіраліся ваяваць супраць амерыканцаў. Да мяне прыбег ганец і сказаў, каб я на павозцы паехаў за Друцькам, бо яго раніла. Я пераязджаю з Друцькам мост. Ён замінаваны. Чалавекі чатыры глядзяць у бінокль, але не страляюць. Мы праехалі мост, і яго падарвалі немцы... І так я застаўся на нямецкай тэрыторыі. А маіх хлопцаў падабралі амерыканцы... А паколькі мы былі з Заходняй Беларусі, то Андэрс адразу апрануў іх у сваю форму. Па выніку, хтосьці застаўся з Лондане, а хтосьці зараз у Канадзе». У гэты час тым, хто раней жыў на польскай тэрыторыі, давалі магчымасць далучыцца да польскай арміі Андэрса калі яны сябе вызнаюць палякамі, але Яўген Усюкевіч адмовіўся, бо лічыў сябе беларусам, таму разам з іншымі беларускімі шэрагоўцамі быў выданы савецкай уладзе.

23 жніўня 1945 г. быў затрыманы, 24 жніўня арыштаваны, а 25 жніўня асуджаны: без канфіскацыі маёмасці 8 гадоў папраўчай калоніі. Вырак мог быць горшым, бо лейтэнантаў адпраўлялі ў лагеры на 25 гадоў, але Яўген Усюкевіч не сказаў, што ён атрымаў чын лейтэнанта. Пакаранне адбываў у лагеры пад Рыбінскам, спачатку быў на зямельных працах, а пасля стаў цесляром. У лагеры амаль не памёр ад недаядання. У 1947 г. ягоны брат Алесь Усюкевіч быў асуджаны за ўтварэнне незалежніцкай арганізацыі Саюз вызвалення Беларусі і адбываў пакаранне ў Казахстане, дзе пасля вызвалення жыў да канца жыцця. Сястру Тамару таксама выслалі на Урал, бо яна мела нядобранадзейных братоў. Стрыечны брат, які быў асуджаны на 25 гадоў, памёр.

Пасля вызвалення з лагеру вярнуўся ў Беларусь, прабаваў уладкавацца на працу ў Мінску, але праз судзімасць атрымалася працаваць толькі цесляром у Любчы. Жаніўся на Яўгеніі, якая скончыла тыя самыя настаўніцкія курсы падчас нямецкай акупацыі, а ў 1944 г. удзельнічала ў Другім Усебеларускім кангрэсе, праз што атрымала 25 гадоў лагераў, але адбыла толькі восем, пасля чаго з вялікімі перашкодамі з боку ўладаў дакончыла навучанне ў медычным універсітэце. З Любчы сям’я Усюкевічаў пераехала ў Наваградак, а калі з Яўгена знялі судзімасць, ён скончыў 8 клас і паступіў у мінскі тэхнікум без іспытаў, дзе навучаўся чатыры гады і пасля заканчэння атрымаў прапанову застацца выкладаць. Кватэры Усюкевічам выдаць не маглі, таму Яўген Усюкевіч вярнуўся ў Наваградак з дыпломам тэхніка-будаўніка. Спачатку працаваў інжынерам па тэхнічным наглядзе, а пасля начальнікам будаўніцтваў. У 70 гадоў выйшаў на пенсію.

Мае дачку. Сын і жонка памерлі. Жыве ў Навагрудку, апошнім часам даў некалькі інтэрв’ю журналістам.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.[1]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]