Перайсці да зместу

Алесь Усюкевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Алесь Усюкевіч
Нараджэнне люты 1925
Смерць 10 студзеня 2004(2004-01-10) (78 гадоў)
Ваенная служба
Званне сяржант

Алесь Усюкевіч (люты 192510 студзеня 2004) — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, удзельнік падпольнага Саюза вызвалення Беларусі ў Навагрудку.[1] Мянушка «Аршын». Брат Яўгена Усюкевіча

Нарадзіўся ў 1925 годзе ў в. Хадасы Любчанскай гміны Навагрудскага ваяводства, Польшча. У сям'і было тры браты, акрамя самога Алеся вядома таксама пра ягонага старэйшага брата Яўгена Усюкевіча. Пры польскай уладзе Алесь вучыўся ў школе ў Любчы. У 1939 г. паступіў у Лідскую тэхнічную школу, але пачалася Другая сусветная вайна, таму паехаць на вучобу не атрымалася. Пасля савецкай акупацыі Алесь працягваў вучобу ў любчанскай школе, а калі прыйшлі ўжо нямецкія акупанты — скончыў настаўніцкія курсы ў Наваградку. Падчас нямецкай акупацыі Беларусі разам з братам Яўгенам далучыўся да беларускага нацыянальнага руху. Працаваў настаўнікам пачатковых класаў у в. Ляхавічы ў былым Любчанскім раёне.

Летам 1944 г. хацеў разам з немцамі эвакуявацца на Захад, але яму забараніў брат Яўген. У выніку Алесь быў мабілізаваны ў Чырвоную армію і ў яе складзе ваяваў супраць Германіі. Быў нагароджаны медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Кёнігсбергу» ды інш. Падчас вайны быў лёгка кантужаны. Дэмабілізаваўся ў ранзе сяржанта. Вярнуўся ў Навагрудак у 1945 г., у гэты час ягоны брат Яўген ужо знаходзіўся ў савецкім канцлагеры як лейтэнант 1-й беларускай дывізіі СС: яго разам з іншымі беларусамі амерыканцы выдалі саветам. Пасля вяртання Алесь вучыўся ў вячэрняй школе рабочай моладзі.

У канцы 1946 г. Алесь Усюкевіч далучыўся да антысавецкай беларускай падпольнай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі» (СВБ), быў сакратаром арганізацыі (мянушка «Аршын»). Галоўнай цэллю арганізацыі было аддзяліць Беларусь ад СССР і ўтварыць незалежную дзяржаву. Арганізацыя базавалася на сістэме «троек», але належнай сістэмы канспірацыі не было. Пад канец мая 1947 года савецкія спецслужбы арыштавалі ў Баранавіцкім раёне 18 сяброў арганізацыі, якіх выдаў правакатар Алесь Бажко. У хуткім часе таксама было арыштаванае і кіраўніцтва арганізацыі, сам Алесь быў арыштаваны 30 траўня. Падчас допытаў яго прывялі асабіста да міністра дзяржбяспекі Цанавы, дзе Алесь схапіўшы табурэтку хацеў напасці на Цанаву, але быў схоплены ахоўнікамі і моцна збіты. 30 жніўня 1947 г. ваенны суд прысудзіў дзеячаў арганізацыі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў лагераў.[2] Алесь Усюкевіч атрымаў 10 гадоў савецкіх лагераў.

Зняволенне Алесь Усюкевіч адбываў у Казахскай ССР, дзе застаўся жыць па вызваленні і ажаніўся. Памёр 10 студзеня 2004 г. у Паўладары ў Казахстане. Не рэабілітаваны.

Зноскі

  1. http://www.slounik.org/154928.html Біяграфія Алеся Усюкевіча
  2. http://www.slounik.org/154980.html
  • Сяргей Ёрш, Саюз Вызваленьня Беларусі 1946—1947 гг., Слонім - Мінск 2005
  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3