Перайсці да зместу

1984 (раман)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з 1984, раман)
1984
Nineteen Eighty-Four
Выданне
Жанр раман-антыўтопія
Аўтар Джордж Оруэл
Мова арыгінала англійская
Дата напісання 1949
Дата першай публікацыі 1949
Асобнае выданне 8 чэрвеня 1949
Выдавецтва Secker and Warburg
Папярэдні Жывёльны двор, аповесць
Персанажы Winston Smith[d][1], Julia[d][1], Big Brother[d][1], O'Brien[d][1] і Emmanuel Goldstein[d][1]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

1984 (англ.: “Nineteen Eighty-Four”) — класічны раман у жанры антыўтопіі англійскага пісьменніка Джорджа Оруэла.

Раман напісаны ў 1947—1948 гадах і ўпершыню выйшаў асобным выданнем 8 чэрвеня 1949 года ў брытанскім выдавецтве Secker and Warburg. У 1956 і 1984 гадах зняты аднайменныя фільмы.

Дзеі рамана адбываюцца ў 1984 годзе ў Лондане, які належыць Ваенна-паветранай Зоне № 1 (былой Вялікабрытаніі), што ў сваю чаргу ёсць правінцыяй таталітарнай дзяржавы Акіянія, якая займае трэцюю частку зямнога шара і ўключае Паўночную і Паўднёвую Амерыку, Вялікабрытанію, Паўднёвую Афрыку, Аўстралію і ўласна Акіянію. Акіянія знаходзіцца ў стане вайны з дзвюма іншымі таталітарнымі дзяржавамі — Еўразіяй і Усходазіяй. Еўразія ўключала ў свой склад усю мацерыковую Еўропу і Турцыю, а Усходазія — аб’яднанне Кітая, Індыі і Японіі.

Назва рамана, яго тэрміналогія сёння ўжываюцца для пазначэння грамадскага ўкладу, які нагадвае апісаны ў «1984» таталітарны рэжым. Раман неаднаразова быў ахвярай цэнзуры ў сацыялістычных краінах і ў Заходняй Еўропе. З 2022 года забаронены ў Беларусі.[2]

Арыгінальная назва рамана, над якім Оруэл працаваў на працягу 1940-х гадоў, гучала як «Апошні чалавек у Еўропе» (англ.: «The Last Man in Europe»). Вядома, што выдавецтва настойвала на змене назвы для падвышэння цікавасці патэнцыйных чытачоў. Прычыны, па якіх аўтар спыніўся на назве «1984», невядомы.

Найболей распаўсюджаным з’яўляецца меркаванне, што год дзеяння рамана атрымаўся простай перастаноўкай апошніх дзвюх лічбаў 1948 — года напісання рамана. Аднак «1984» таксама можа быць алюзіяй на стагадовы юбілей Фабіянскага грамадства — першай значнай сацыялістычнай арганізацыі ў Англіі, заснаванай у 1884 годзе. Акрамя таго, назва рамана можа быць спасылкай на шэраг твораў, дзеянне якіх разгортваецца ў тым жа годзе.

Палітычная геаграфія

[правіць | правіць зыходнік]

Дзеянне рамана адбываецца ў 1984 года ў Лондане, які належыць Ваенна-паветранай Зоне № 1 (Узлётнай паласы 1) (англ.: Airstrip One; былой Вялікабрытаніі), якая, у сваю чаргу, з’яўляецца правінцыяй таталітарнай дзяржавы Акіянія. Акіянія знаходзіцца ў стане перманентнай вайны з дзвюма іншымі таталітарнымі звышдзяржавамі — Еўразіяй і Усходазіяй. Такім чынам, Зямля ў свеце Оруэла падзелена паміж трыма магутнейшымі аб’яднаннямі, якія трансфармаваліся ў цэнтралізаваныя таталітарныя імперыі:

  • Акіянія (англ.: Oceania), дзяржаўнай ідэалогіяй які з’яўляецца «англійскі сацыялізм».
  • Еўразія (англ.: Eurasia) уяўляе сабою Савецкі Саюз, які ўключыў у свой склад усю мацерыковую Еўропу з Турцыяй.
  • Усходазія (англ.: Eastasia) з’яўляецца аб’яднаннем некалькіх азіяцкіх краін (Кітая, паўночнай Індыі, Карэі і Японіі).

Паўночная Афрыка, Сярэдні Усход, Паўднёвая Індыя і Паўднёва-Усходняя Азія з’яўляюцца «нічыйнай зямлёй» (спрэчнымі тэрыторыямі), за якую вядзецца барацьба паміж трыма звышдзяржавамі. Гэтыя рэгіёны з’яўляюцца ідэальным плацдармам для сутычак узброеных сіл Акіяніі, Еўразіі і Усходазіі, а таксама крыніцай рабоў для іх запатрабаванняў.

Акіянія — дзяржава з жорсткім таталітарным ладам. Жыхары пазбаўлены грамадзянскіх правоў і індывідуальнасці. У партыйным грамадстве апроч культу асобы Вялікага Брата і беспярэчнага падначалення ўладам, усё абавязаны прытрымлівацца пурытанскіх поглядаў і ўсім маладым людзям рэкамендуюць уваходзіць у так званы Моладзевы Антыпалавы Саюз, дзе ім выклікаецца агіда да палавых сувязяў і каханні. Каханне з’яўляецца злачынствам, а шлюбы складаюцца выключна ў рэпрадуктыўных мэтах.

Піраміда ўлады Акіяніі. Зверху — Вялікі Брат, у сярэдзіне — Партыя, пролы — унізе.

У Акіяніі дзейнічае цвёрдая сацыяльная іерархія. Уладным органам з’яўляецца Партыя (каля 2 % насельніцтва), якая падзяляецца на Вонкавую і Унутраную. Вышэйшай грамадскай кастай з’яўляецца Унутраная Партыя, у якую ўваходзяць вышэйшыя чыны міністэрстваў і астатняе вышэйшае кіраўніцтва Акіяніі. У руках Унутранай Партыі знаходзіцца ўся ўлада і багацці Акіяніі. Сярэдняй кастай з’яўляецца Вонкавая Партыя, у якую ўваходзілі незлічоныя наменклатурныя працаўнікі Партыі. Члены Вонкавай Партыі жывуць у галечы і ўвесь час знаходзяцца пад назіраннем Паліцыі Думак.

Члены Партыі абавязаны аддаваць сваіх дзяцей у скаўты, ваенна-палітычную моладзевую арганізацыю, дзе дзецям навязваецца любоў да Партыі і Вялікага Брата. Таксама з дзяцей трэніруюць будучых салдатаў, інфарматараў і працаўнікоў Паліцыі Думак, вучаць сачыць за бацькамі.

Ніжэйшай кастай з’яўляецца беспартыйны пралетарыят (на новамове — пролы), які як і Вонкавая партыя жыве ў нястачы.

Пролы складаюць каля 85 % усяго насельніцтва Акіяніі і з’яўляюцца асноўнай крыніцай прыбыткаў.

Вялікі Брат (англ.: Big Brother — намінальны кіраўнік Акіяніі, па легендзе, рэвалюцыянер, які прывёў да вызвалення працаўнікоў і ўсталяванню «англійскага сацыялізму».

"

І на кожным паверсе з плаката, прычэпленага да сцяны насупраць ліфта, у яго пільна ўзіраўся той самы вялізны твар. Ён нібы пасвіў позіркам кожнага, хто ішоў па сходах. Пад партрэтам стаяў надпіс: «ВЯЛІКІ БРАТ ГЛЯДЗІЦЬ НА ЦЯБЕ».

"

Ці існуе Вялікі Брат як асоба ці ён з’яўляецца толькі выявай, створанай прапагандай, невядома. Галоўны герой, Уінстан, пытае свайго ката: «Існуе ён у тым сэнсе, у якім існую я?», і атрымлівае адказ: «Вы не існуяце». Зрэшты, гэта ці наўрад мае значэнне, Вялікі Брат існуе і несмяротны як увасабленне партыі.

Пасля выпуску рамана «Вялікі Брат» стала намінальным імем для дзяржавы ці іншай падобнай арганізацыі, якая імкнецца ўсталяваць сачэнне ці кантроль над народам.

У гутарковай англійскай мове «вялікі брат» (big brother) можа таксама азначаць «старэйшы брат», і ў кнізе, відавочна, маецца на ўвазе і гэты сэнс.

У 1998 годзе была заснавана «Прэмія Вялікага Брата» за самае вялікае парушэнне волі грамадзян дзяржавай ці кампаніяй.

Тэлегляд — прылада, якое сумяшчае ў сабе тэлевізар з адзіным каналам і відэакамеру, якую нельга выключыць. У кожным памяшканні, дзе бывалі члены партыі, знаходзіўся асобны тэлекран, праз які кругласутачна перадаваліся перадачы і праводзілася сачэнне за людзьмі. Тэлекраны практычна цалкам адсутнічалі ў дамах пролаў (беспартыйных), а ў дамах членаў Унутранай Партыі, хоць і меліся ў абавязковым парадку, але, магчыма, былі забяспечаны выключальнікам, якім можна было карыстацца на перыяд не больш за паўгадзіну ў дзень.

Беларускія пераклады

[правіць | правіць зыходнік]

На беларускую раман пераклаў С. Шупа (1992).

У 2009 годзе газета The Times назвала раман «1984» найлепшай кнігай, апублікаванай за апошнія 60 гадоў.[3]

Беларускі літаратар Альгерд Бахарэвіч так сказаў пра раман Джорджа Оруэла:

"

У яго атрымалася напісаць унівэрсальную кнігу, зь якой давядзецца жыць усім таталітарным рэжымам — пасьля 1949 году кожны, нават непісьменны дыктатар бачыць на сьцяне гэтыя лічбы і ня можа прыбраць іх адтуль, яны не сьціраюцца: ні крывёй, ні гіпнозам, ні палкай[4].

"
  1. а б в г д Orwell G. Nineteen Eighty-Four — 1949.
  2. https://novychas.online/hramadstva/u-belarusi-zabaroneny-prodaz-ramana-oruela-1984
  3. http://news.bigmir.net/entertainment/170657/
  4. Бахарэвіч А. Каляндар Бахарэвіча. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2014. С. 216