ГАЗ-53
ГАЗ-52 / ГАЗ-53 | ||||||
---|---|---|---|---|---|---|
Вытворца | ГАЗ | |||||
Месца вытворчасці |
Горкі Ніжні Ноўгарад |
|||||
Гады выпуску | 1961–1993 | |||||
Колавая формула | 4х2 | |||||
Храналогія | ||||||
| ||||||
Вікісховішчы | на
ГАЗ-52 і ГАЗ-53 — сямейства савецкіх грузавых аўтамабіляў. Трэцяе пакаленне грузавых аўтамабіляў вытворчасці ГАЗ.
У мадэльны шэраг грузавых аўтамабіляў ГАЗ трэцяга пакалення ўваходзілі аўтамабілі ГАЗ-52 грузападымальнасцю 2,5 т, ГАЗ-53 грузападымальнасцю 3,0 (пазней 3,5, 4,0 і 4,5 т), і ГАЗ-66 грузападымальнасцю 2 т. Фармальна ў сямейства таксама ўваходзілі ГАЗ-56 і ГАЗ-62, але серыйна яны не выпускаліся.
Самы масавы грузавік на тэрыторыі былога СССР: з 1965 па 1993 год вырабілі 3 336 286 аўтамабіляў ГАЗ-53А і ГАЗ-53-12[1], ГАЗ-52 — больш за 2 млн адзінак.
Апісанне сямейства
Пад канец 50-х — сярэдзіне 60-х гадоў быў распрацаваны тыпаж, які прадугледжваў выпуск трох сямействаў грузавых аўтамабіляў, уніфікаваных паміж сабой. Базавым лічыўся новы грузавік ГАЗ-52 грузападымальнасцю 2,5 т, пераемнік мадэлі ГАЗ-51А. Распрацаваная для ГАЗ-52 кабіна павінна была выкарыстоўвацца на ўсіх грузавых аўтамабілях ГАЗ з капотнай кампаноўкай.
Акрамя ГАЗ-52 грузападымальнасцю 2,5 т, у мадэльны шэраг грузавых аўтамабіляў ГАЗ трэцяга пакалення ўваходзілі ГАЗ-53 грузападымальнасцю 3,0 т (пазней 4,0 і 4,5 т); ГАЗ-56, грузападымальнасць якога складала 1,0—1,5 т, гэты аўтамабіль павінен быў замяніць «палутарку» — ГАЗ-ММ, але серыйна не выпускаўся. Быў прадугледжаны выпуск паўнапрывадных аўтамабіляў з кампаноўкай «кабіна над рухавіком» — ГАЗ-62 грузападымальнасцю 1,2 т і ГАЗ-66 грузападымальнасцю 2 т.
-
ГАЗ-52
-
ГАЗ-53
Акрамя гэтага, у сярэдзіне 60-х гадоў была зроблена спроба павялічыць грузападымальнасць аўтамабіляў за кошт стварэння трохвосевых мадыфікацый. З выкарыстаннем агрэгатнай базы ГАЗ-53А ствараўся ГАЗ-33, а на базе ГАЗ-66 — ГАЗ-34. Аднак яны так і засталіся доследнымі. Усяго вырабілі адзін макетны і два доследныя асобнікі ГАЗ-33[2] і адзін макетны і пяць доследных асобнікаў ГАЗ-34[3]. У сямействе акрамя грузавікоў капотнай кампаноўкі былі запланаваныя і бескапотныя машыны з кабінай ад ГАЗ-66 — бартавы ГАЗ-53К і седлавы цягач ГАЗ-53П.
ГАЗ-52
На замену ГАЗ-51А павінен быў прыйсці ГАЗ-52 групадымальнасцю 2,5 т. На аўтамабілі меркавалася ўсталёўваць верхнеклапанны рухавік ГАЗ-51Ф с фаркамерна-факельным запальваннем. Таксама меркавалася ўсталёўваць узмоцненае счапленне з павялічаным дыяметрам фрыкцыённых накладак, новую чатырохступеньчатую каробку перадач, дыферэнцыял падвышанага трэння. Доследныя ўзоры былі выраблены ў 1958—1959 гады. Масавая вытворчасць ГАЗ-52 павінна была пачацца ў 1961 годзе, але дапрацоўка фаркамерна-факельнага рухавіка зацягвала засваенне аўтамабіля, і ў рэшце рэшт вытворчасць ГАЗ-52 у яго першапачатковым выглядзе так і не пачалася.
У выніку на ГАЗ-52 усталёўваўся рухавік ад ГАЗ-51 фарсіраваны да 75 к.с. Фактычна, ГАЗ-52 прадстаўляў сабой ГАЗ-51А з новай кабінай, некалькі больш магутным рухавіком і мадэрнізаваным шасі. У перыяд паміж 1960—1964 была выпушчана невялікая ўстановачная партыя. У далейшым, пры зняцці з канвеера ГАЗ-51A, ад гэтага аўтамабіля пайшоў ГАЗ-52-04.
- ГАЗ-52А — шасі для ўстаноўкі спецыялізаваных фургонаў. Колавая база 3700 мм. Меркавана, доследна-прамысловымі партыямі ГАЗ-52А сталі выпускацца з сярэдзіны 1964 года, а серыйна — з сярэдзіны 1965 года і да 1966 года, пакуль у вытворчасць не было запушчана мадэрнізаванае шасі ГАЗ-52-01.
- ГАЗ-52Г — доследны бартавы аўтамабіль грузападымальнасцю 4000 кг і колавай базай 3700 мм. Прызначаўся для перавозкі грузаў выключна па дарогах з цвёрдым пакрыццём — у адваротным выпадку аўтамабілю не хапала магутнасці рухавіка і запасу трываласці шасі. Аўтамабіль быў абсталяваны шынамі падвышанай грузападымальнасці і ўзмоцненымі рысорамі. У сілу абмежаванняў па ўмовах эксплуатацыі, ГАЗ-52Г не патрапіў на канвеер, але ў далейшым выпускаўся аналагічны па канструкцыі грузавік (але паменшанай да 2500 кг грузападымальнасці).
- На базе ГАЗ-52 таксама планаваўся да выпуску седлавы цягач ГАЗ-52П (у далейшым, пасля мадэрнізацыі, устаў на канвеер як ГАЗ-52-06).
- ГАЗ-52Я — доследны бартавы аўтамабіль з грузападымальным заднім бортам на базе мадэлі ГАЗ-52Г, але ўкамплектаваны кузавам паменшанай даўжыні. Серыйны выпуск аўтамабіля меркавалася пачаць у 1962 годзе, аднак пасля было вырашана не пачынаць яго вытворчасць і канструкцыю перадалі на Горкаўскі завод гандлёвага машынабудавання. Сам задні борт невялікай партыяй быў выпушчаны на Горкаўскім аўтамбільным заводзе і пастаўлены на ГЗГМ, дзе быў выкарыстаны пры стварэнні фургона ГЗТМ-893.
ГАЗ-52-01
- ГАЗ-52-01 (1966—1989, —1993) — прадстаўляў сабой развіццё мадэлі ГАЗ-52A[4]. Шасі для ўстаноўкі кузаваў-фургонаў і адмысловага абсталявання.
- ГАЗ-52-03 (1966—1973) — бартавы аўтамабіль з павялічанай колавай базай, якая складала 3700мм[5]. Знешне амаль нічым не адрозніваўся ад ГАЗ-53А, але агрэгатная база ў яго заставалася старой, уніфікаванай з ГАЗ-51А. Гэтыя машыны прызначаліся ў асноўным для перавозкі аб’ёмных, але лёгкіх грузаў, а таксама для мантажу розных надбудоў — фургонаў, лабараторый, рамонтных майстэрняў і г.д[6]. Для беспамылковай ідэнтыфікацыі, дарэчы, завод спачатку наносіў на бакавыя барты ГАЗ-52-03 фарбай пазначэнне «2,5 т». Пасля аўтамабіль быў цалкам выцеснены мадэлямі ГАЗ-53А і ГАЗ-52-04.
- ГАЗ-52-08 (1977—1989) — мадыфікацыя доўгабазавага шасі 52-01 на звадкаваным газе[7]. На аўтамабіль усталёўваўся рухавік з павялічанай з 6,2 да 7,0 ступенню сціску. Запас паліва — 136 л. Максімальная хуткасць — да 70 км/г.
- ГАЗ-52-28 (1984—1988) — мадыфікацыя ГАЗ-52-01 для працы на сціснутым прыродным газе[7].
ГАЗ-52-04
- ГАЗ-52-04 — шасі і бартавы аўтамабіль грузападымальнасцю 2500 кг, з колавай базай 3300 мм. Пачаў выпускацца з 1975 года, заняўшы месца ГАЗ-51А[8]. Аўтамабіль ствараўся праз шырокую ўніфікацыю ГАЗ-51А і ГАЗ-53А. Аўтамабіль атрымаў новую кабіну, рулявое кіраванне і тормазы ад 53-га. Астатнія вузлы трансмісіі і хадавой часткі, рухавік, а таксама рама і бартавая платформа засталіся ад ГАЗ-51А. Пасля таксама атрымаў і гіпоідны задні мост ад ГАЗ-53. Быў зняты з канвеера ў 1989 годзе.
- ГАЗ-52-05 (красавік 1975—1989) — грузавое таксі на базе грузавіка 52-04[9]. Аўтамабіль камплектаваўся грузавой платформай з павялічанай вышынёй бартоў і тэнтам.
- ГАЗ-52-02 (1966—1989) — шасі для самазвалаў[10]. Дадаткова камплектаваліся каробкай адбору магутнасці і гідрапомпай. Памер колавай базы — 3300 мм.
- ГАЗ-52-06 — седлавы цягач, прыйшоў на змену ГАЗ-51П. Першая прамысловая партыя была выпушчаная ў 1977 годзе, а з чэрвеня 1978 года — пачаты серыйны выпуск[11]. Нягледзячы на гэта, можна сказаць, што аўтамабіль выпускаўся дробнасерыйна[12]. ГАЗ-52-06 быў разлічаны на буксіроўку тых жа прычэпаў, што і яго папярэднік ГАЗ-51П. Поўная маса паўпрычэпа, які буксіруецца цягачом, складала 6000 кг.
- ГАЗ-52-07 (лістапад 1976—1984) — мадыфікацыя 52-04 на звадкаваным газе, рухавік магутнасцю 73 к.с., максімальная хуткасць да 70 км/г[13]. ГАЗ-52-09 (1977—1989) — мадыфікацыя грузавога таксі 52-05 на звадкаваным газе[14]. Аўтамабілі камплектаваліся рухавіком ГАЗ-52-07 з падвышанай да 7,0 ступенню сціску. Газавы балон умяшчальнасцю 136 л мацаваўся на левым ланжэроне рамы. Падрыхтаваная маса павялічылася на 165 кг, а грузападымальнасць засталася роўнай 2500 кг.
- ГАЗ-52-27 (1984—1988) — грузавік на сціснутым прыродным газе[15]; Асноўнае паліва — сціснуты прыродны газ (СПГ), дублюючае — бензін А-76. Маса вырасла да 2855 кг, а грузападымальнасць знізілася да 2400 кг. Аўтамабіль меў такі ж рухавік, як і на ГАЗ-52-07, але на метане развіваў толькі 65 к.с. Чатыры газавыя балоны размяшчаліся на раме адразу ззаду кабіны і забяспечвалі запас ходу да 250 кіламетраў.
- ГАЗ-52-54 — экспартная мадыфікацыя ГАЗ-52-04 для краін з трапічным кліматам[16]. ГАЗ-52-74 — экспартная мадыфікацыя ГАЗ-52-04 для краін з умераным кліматам. Экспартныя мадыфікацыі шасі ГАЗ-52-02 — ГАЗ-52-52 (для краін з трапічным кліматам) і ГАЗ-52-72 (для краін з умераным кліматам).
ГАЗ-53
Серыйны выпуск ГАЗ-53 планавалася асвоіць у 1962 годзе, аднак яго вытворчасць стрымлівала адсутнасць гатовага рухавіка — новы рухавік патрабаваў дадатковых вытворчых магутнасцяў, але іх хапала толькі для дробнасерыйнай вытворчасці рухавікоў для ГАЗ-13.
ГАЗ-53Ф
Першым аўтамабілем у 53-ім мадэльным шэрагу стаў ГАЗ-53Ф, які выпускаўся ў перыяд 1961—1967.
Першы ГАЗ-53Ф быў сабраны 23 верасня 1961 года, а 14 кастрычніка таго ж года галоўны канвеер пакінула доследна-прамысловая партыя з 25 аўтамабіляў.
У сувязі з адставаннем маторнай вытворчасці V-падобнага 8-цыліндравага рухавіка, машына камплектавалася рухавіком ГАЗ-51, фарсіраваным да 82 к.с. Таксама не быў асвоены гіпоідны задні мост, таму прыйшлося ставіць звычайны ад ГАЗ-51A, але з галоўнай парай ад ГАЗ-63. Гэта дало магчымасць у нейкай ступені захаваць дынаміку аўтамабіля з павялічанай да 3500 кг грузападымальнасцю. У сувязі з узрослай грузападымальнасцю былі ўжытыя шыны памерам 8,25-20 і дыскі колаў з трыма адтулінамі. Па сутнасці, ГАЗ-53Ф — гэта шасі ГАЗ-51A з падоўжанай да 3700 мм колавай базай і з кабінай грузавіка ГАЗ-52.
Да сакавіка 1962 года ГАЗ-53Ф збіраўся перыядычна — невялікімі партыямі — і толькі потым выпуск машын набыў арганізаваны характар адначасова з павелічэннем выпуску.
Выпуск ГАЗ-53Ф працягваўся да 1967 года, і ішоў паралельна з выпускам ГАЗ-53 і ГАЗ-53А, бо новых V-падобных рухавікоў не хапала. Варта адзначыць, што ГАЗ-53Ф не меў поспеху ў эксплуатацыйных арганізацый і выпускаўся толькі з-за адсутнасці дастатковай колькасці матораў ЗМЗ-53. У студзені 1967 года, калі выпуск ЗМЗ-53 быў асвоены ў запланаваных аб’ёмах, выпуск ГАЗ-53Ф быў спынены. Было выраблена 108.365 аўтамабіляў ГАЗ-53Ф[17].
На базе мадэлі ГАЗ-53Ф быў таксама распрацаваны седлавы цягач ГАЗ-53К, аднак у серыю ён не пайшоў.
ГАЗ-53А
Буйнасерыйную зборку рухавікоў V8 наладзілі толькі ў канцы кастрычніка 1963 года, але да канца года вырабілі толькі невялікую доследна-прамысловую партыю. Больш-менш устойлівы выпуск ГАЗ-53 пачаўся толькі ў чэрвені 1964 года. Гэтыя машыны мелі абмежаваную грузападымальнасць 3 т, паколькі на заводзе на той момант яшчэ не змаглі распачаць вытворчасць новых гіпоідных задніх мастоў. Па сутнасці ГАЗ-53 з’яўляўся мадэрнізаваным ГАЗ-53Ф, аснашчаным васьміцыліндравым рухавіком[18]. Было выраблена 3426 аўтамабіляў ГАЗ-53.
З чэрвеня 1965 года пачаў выпускацца ГАЗ-53А, які ўяўляў сабой мадэрнізаваны ГАЗ-53. Адрозненне ад папярэдняй мадэлі заключаліся ва ўзмоцненай пярэдняй восі, новай карданнай перадачы і рулявым механізме. Грузападымальнасць была павялічана да чатырох тон.
- ГАЗ-53-01 — мадыфікацыя ГАЗ-53A, якая ўяўляе сабой шасі для ўстаноўкі фургонаў і іншага адмысловага абсталявання[19].
- ГАЗ-53-02 — мадыфікацыя ГАЗ-53A, якая ўяўляе сабой шасі для ўстаноўкі самазвальных кузаваў Саранскага аўтамабільнага завода[20]. У параўнанні з базавым аўтамабілем была на 290 мм паменшана задняя навісь рамы (колавая база пакінутая ранейшая). Таксама ўсталёўвалася каробка адбору магутнасці для прывада гідрапомпы.
- ГАЗ-53-05 — мадыфікацыя ГАЗ-53A, прызначаная для працы з 3-тонным прычэпам[21].
- ГАЗ-53-07 (лістапад 1976—1984) — бартавая газабалонная мадыфікацыя ГАЗ-53A, прызначаная для працы на звадкаваным газе[22]. У якасці рэзервовага паліва для кароткачасовай працы выкарыстоўваўся бензін А-76. На аўтамабіль усталёўваўся рухавік мадэлі ЗМЗ-53-18 (базавы ЗМЗ-53-11, канверсаваны для працы на СНД) са ступенню сціску 8,5 і магутнасцю 88,3 кВт (120 к.с.) пры 3200 аб/хв; круцільны момант 284 Н-м (29 кгс-м) пры 2200—2500 аб/хв. Газавая сістэма харчавання ідэнтычная той, што была ў аўтамабіля ГАЗ-52-07 за выключэннем таго, што быў ужыты газавы балон карысным аб’ёмам 170 л (поўны — 190 л), газавы змяшальнік — СД-250. Аб’ём бензабака рэзервовай сістэмы 60 л.
- ГАЗ-53-40 — шасі для мантажу аўтобусных кузаваў Курганскага аўтобуснага завода[23]. Шасі пастаўлялася з поўным пярэднім апярэннем, але без кабіны — толькі з рамкай лэбавага шкла. Шасі камплектаваліся больш мяккімі рысорамі, паліўным бакам ад ГАЗ-66 і тэлескапічнымі амартызатарамі, змененай тармазной сістэмай і электраабсталяваннем[24].
- ГАЗ-53-50 — экспартная мадыфікацыя ГАЗ-53А для краін з трапічным кліматам[23].
- ГАЗ-53-70 — экспартная мадыфікацыя ГАЗ-53А для краін з умераным кліматам[23].
ГАЗ-53-12
Цягам першай паловы-сярэдзіны 1980-х гадоў была праведзена мадэрнізацыя аўтамабіля, пасля якой базавы аўтамабіль атрымаў індэкс ГАЗ-53-12. Ключавымі пунктамі ў пытанні паляпшэння эксплуатацыйных паказчыкаў у параўнанні з ГАЗ-53А акрамя павышэння рэсурсу сталі зніжэнне расходу паліва і павелічэнне карыснай нагрузкі. Велічыню грузападымальнасці паднялі да 4,5 т, пад капотам грузавіка з’явіўся мадэрнізаваны 120-моцны рухавік.
Засваенне абноўленага аўтамабіля праходзіла ў два этапы. Першы этап мадэрнізацыі пачалі ў 1982 годзе. На гэтым этапе былі ўведзеныя змены, скіраваныя на падвышэнне агульнай надзейнасці вузлоў і эфектыўнасці тармазной сістэмы. Для гэтага была ўзмоцнена аснова грузавой платформы, ланжэроны і папярочкі рамы, узмоцнены картэр задняга моста, укаранёна новая задняя падвеска са змененым наборам рысор, павышана эфектыўнасць гідравакуумнага ўзмацняльніка тормазаў, а таксама з канструкцыі скрынкі перадач былі выключаныя сінхранізатары (яны традыцыйна былі слабым месцам). На гэтым жа этапе было перагледжана абліцоўванне радыятара, якое спрасцілася і стала больш тэхналагічным.
На другім этапе засваення ўкараняліся змены, якія датычыліся пытанняў бяспекі: на машынах паступова з’яўляліся новая святлатэхніка, аварыйная светлавая сігналізацыя і тармазная сістэма з раздзельным па восях прывадам, двума гідравакуумнымі ўзмацняльнікамі і сігналізатарам аб разгерметызацыі аднаго з контураў. Рэалізацыя другога этапа была завершана ў 1986 годзе.
Аналагічным чынам былі мадэрнізаваныя і ўсе мадыфікацыі, у тым ліку шасі для надбудоў.
- ГАЗ-53-11 прадстаўляе сабой шасі мадэлі ГАЗ-53-12, прызначанае для мантажу спецыяльных кузаваў[25].
- ГАЗ-53-14 — самазвальнае шасі, прызначанае для паставак на Саранскі і Фрунзенскі заводы[26]. Канструктыўна ГАЗ-53-14 былі аналагічныя шасі ГАЗ-53-02.
- ГАЗ-53-19 — бартавая газабалонная мадыфікацыя ГАЗ-53-12, прызначаная для працы на звадкаваным газе[27]. Выпускалася ў перыяд 1983—1993. У якасці рэзервовага паліва для кароткачасовай працы выкарыстоўваўся бензін А-76.
- ГАЗ-53-27 — бартавая газабалонная мадыфікацыя ГАЗ-53-12, прызначаная для працы на сціснутым прыродным газе[7]. Выпускалася ў перыяд 1984—1990 г[28].
- ГАЗ-53-12-1040 — абноўленае шасі на базе ГАЗ-53-12 для Курганскага аўтобуснага завода для аўтобусаў КАвЗ-685M[29].
Выпуск ГАЗ-53-12 працягваўся да студзеня 1993 года. Агулам было выраблена 3 336 286 аўтамабіляў ГАЗ-53А і ГАЗ-53-12[1].
Канструкцыя
Аўтамабілі сямейства ГАЗ-52/53 уяўляюць сабой двухвосевыя грузавыя аўтамабілі капотнай кампаноўкі. Галоўны канструктар — А. Д. Прасвірнын. Вядучыя канструктары — А. І. Шыхаў, В. Д. Запойнаў. Вядучы канструктар рухавіка V8 — П. Э. Сыркін.
Кабіна
Аўтамабілі сямейства мелі ўніфікаваную кабіну. Кабіна — металічная, двухмесная.
Першыя версіі аўтамабіляў вызначаліся верхнім размяшчэннем фар у абліцоўванні кабіны. З 1975 года падфарнікі сталі размяшчацца над фарамі, змянілася абліцоўванне радыятара (гэтак званая «усмешка»). З канца 1984 з’яўляецца чарговая, апошняя, версія абліцоўвання — адтуліны рашоткі выцягнуліся, паваротнікі зрушыліся кожны бліжэй да свайго краю. Таксама стаў усталёўвацца некалькі зменены пярэдні буфер без верхняй падножкі-накладкі.
У 1973 годзе аўтамабілі сталі абсталёўваць бакавымі паўторнікамі паказальнікаў павароту, якія размяшчаліся на крылах кабіны, у 1978 годзе на даху кабіны з’яўляюцца штампаваныя рэбры жорсткасці.
Аўтамабілі фарбаваліся ў блакітны, светла-жоўты пясочны і хакі колеры. У 1960-ых — пачатку 1970 гадоў таксама выкарыстоўваліся колеры «кава з малаком» і «марская хваля». Варта адзначыць, што ў адрозненні ад ГАЗ-53, абліцоўванне радыятара якога афарбоўвалася ў светла-шэры колер, аўтамабілі ГАЗ-52 заўсёды мелі рашотку радыятара аднаго колеру з кабінай[30].
Рухавік
На аўтамабілі ГАЗ-52 усталёўваўся мадэрнізаваны рухавік ад ГАЗ-51А — радны шасціцыліндравы і з ніжнім размяшчэннем клапанаў. Рухавік быў удасканалены з мэтай павелічэння рэсурса, а таксама, дзякуючы прымяненню іншай галоўкі блока цыліндраў і павелічэнню ступені сціску з 6,2 да 6,7, павялічылася і яго магутнасць да 75 к.с.
ГАЗ-53 меў 8-цыліндравы карбюратарны бензінавы рухавік ЗМЗ-53, з V-падобным размяшчэннем цыліндраў і верхнім размяшчэннем клапанаў. Працоўны аб’ём — 4,25 л, ступень сціску 6,7 і развіваў магутнасць 115 к.с. пры 3200 аб/хв. Рухавік меў галоўку і блок цыліндраў з алюмініевага сплава. Да канструктыўных асаблівасцяў рухавіка варта аднесці сістэму змазкі з фільтрам цэнтрабежнай ачысткі масла (цэнтрыфугай), адкрытую сістэму вентыляцыі картэра, гільзы цыліндраў мокрага тыпу. У 1983 годзе канструкцыя рухавіка была змененая. Новы рухавік ЗМЗ-53-11 адрозніваўся сістэмай змазкі з аднасекцыйным алейным насосам і поўнапатокавым алейным фільтрам, новым карбюратарам К-135, новымі галоўкамі цыліндраў з павялічанай ступенню сціску, ужываннем закрытай сістэмы вентыляцыі картэра. Ужытыя новаўвядзенні дазволілі павялічыць магутнасць рухавіка да 120 к.с. і знізіць на 5-7 % расход паліва.
Шасі
Аўтамабіль меў жорсткую раму з сямю папярочнымі бэлькамі[31].
У пярэдняй частцы рамы на дзвюх падоўжных паўэліптычных рысорах замацоўвалася кованая сталёвая пярэдняя вось. У пярэднюю падвеску акрамя рысор ўключаліся таксама тэлескапічныя гідраўлічныя амартызатары.
Ззаду рама абапіралася на бэльку вядучага моста праз пару падоўжных паўэліптычных рысор, злучаных з рамай праз гумовыя падушкі. Акрамя гэтага, задняя падвеска мела дадатковыя рысоры-падрысорнікі, якія разам з асноўнымі рысорамі мацаваліся з дапамогай драбінак да пляцовак паўвосевых рукавоў.
У задняй частцы рамы ўсталёўвалася буксірная прылада з пругкім гумавым элементам. Запасное кола ўмацоўвалася на адкідным кранштэйне з левага боку рамы.
Галоўным адрозненнем самазвальных шасі з’яўлялася рама, скарочаная ў задняй навісі і пазбаўленая раскосаў у шостай папярочкі. Замест цягава-счэпнага прыбору, якім камплектаваліся звычайныя грузавікі, на вертыкальных сценках ланжэронаў самазвальных шасі мантаваліся буксірныя крукі — такія самыя, як на пярэднім бамперы.
ГАЗ-53 адрозніваўся ад ГАЗ-52 узмоцненай задняй падвескай (паўэліптычныя рысоры з закладаннем канцоў у гумавыя падушкі), гіпоідным заднім мостам, памерам колаў (шыны ГАЗ-52 — 7,50-20, ГАЗ-53 — 8,25-20). Руль, тармазы і карданныя шарніры былі ўніфікаваныя, але ў тармазной сістэме быў ужыты гідравакуумны ўзмацняльнік тармазоў[32].
Тэхнічныя характарыстыкі
- Тэхнічныя характарыстыкі ГАЗ-52
Мадэль | ГАЗ-52-03 | ГАЗ-52-04, ГАЗ-52-05 |
---|---|---|
Выпуск | 1966—1973 | 1975—1989 |
Рухавік | 6-цыліндравы, карбюратарны, 4-тактны | |
Аб’ём | 3485 см³ | |
Дыяметр цыліндра × ход | 82 × 110 мм | |
Магутнасць | 75 к.с. пры 2900 аб/хв | |
Каробка перадач | Механічная, чатырохступеньчатая | |
Памеры Д × Ш × В | 6395 × 2280 × 2190 мм | 5708 × 2200 × 2150 мм |
Колавая база | 3700 мм | 3300 мм |
Дарожны прасвет | 245 мм | |
Кузаў | Бартавая платформа (3740 × 2170 × 543 мм) | Бартавая платформа (3060 × 2070 × 610 мм) |
Падрыхтаваная маса | 2815 кг | 2520 кг |
Грузападымальнасць | 2500 кг | |
Памер шын | 7,50-20" | |
Ёмістасць паліўнага бака | 90 л | |
Максімальная хуткасць | 70 км/г |
- Тэхнічныя характарыстыкі ГАЗ-53
Мадэль | ГАЗ-53Ф[33] | ГАЗ-53А | ГАЗ-53-12 |
---|---|---|---|
Выпуск | 1961—01.1967 | 1965—1983 | 1983—1993 |
Рухавік | ГАЗ-51 (фарсіраваны), 6-цыліндравы, карбюратарны, 4-тактны | ЗМЗ-53, 8-цыліндравы, V-падобны, карбюратарны, 4-тактны, | ЗМЗ-53-11, 8-цыліндравы, V-падобны, карбюратарны, 4-тактны, |
Аб’ём | 3485 см³ | 4254 см³ | |
Дыяметр цыліндра × ход | 82 × 110 мм | 92 × 80 мм | |
Магутнасць | 82 к.с. пры 3200 пры аб/хв | 115 к.с. пры 3200 пры аб/хв | 120 к.с. пры 3200 пры аб/хв |
Каробка перадач | Механічная, чатырохступеньчатая, з сінхранізатарамі на трэцяй-чацвёртай перадачах. | ||
Памеры Д × Ш × В | 6375 × 2380 × 2220 мм | 6395 × 2280 × 2190 мм | |
Колавая база | 3700 мм | ||
Дарожны прасвет | ? | 245 мм | |
Кузаў | Бартавая платформа (3750 × 2180 × 674 мм) | Бартавая платформа (3740 × 2170 × 680 мм) | Бартавая платформа |
Падрыхтаваная маса | ? | 3250 кг | 3200 кг |
Поўная маса | 6600 кг | 7400 | ? |
Грузападымальнасць | 3000-3500 кг | 4000 кг | 4500 кг |
Памер шын | 8,25-20" | ||
Ёмістасць паліўнага бака | ? | 90 л | |
Максімальная хуткасць | 75 км/г | 80 км/г | |
Выдатак паліва | ? | ? | 30,0 л/100км |
Эксплуатацыя
Аўтамабілі ГАЗ-52/53 выпускаліся амаль 30 гадоў і ў свой час былі самымі масавымі грузавікамі ў СССР. Грузавікі гэтага сямейства выкарыстоўваліся практычна ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі Савецкага Саюза: сельская гаспадарка, сфера будаўніцтва, грузавыя перавозкі (перавозкі пошты, мэблі, хлебабулачных вырабаў, харчовых і прамысловых тавараў) і інш.
У 1970-х—пачатку 1980-х гадоў аўтапаркі савецкіх калгасаў на 80 % складаліся з ГАЗ-53[1].
На базе сямейства мантавалася значная колькасць адмысловых надбудоў. На шасі ГАЗ-52-01 і ГАЗ-53-01/ГАЗ-53-11 выпускаліся палівазапраўшчыкі і паліватранспартавальнікі, цыстэрны для перавозкі вады і малака, аўтафургоны, самазвалы, аўтамабільныя краны, пажарныя і шмат іншых, як шырока, так і вузка спецыялізаваных аўтамабіляў. Выпускаліся аўтобусы, якія выкарыстоўвалі шасі ГАЗ-52/53.
Ва ўзброеных сілах СССР аўтамабілі ГАЗ-52 і ГАЗ-53 выкарыстоўваліся ў асноўным на агульных транспартных перавозках у якасці дапаможных сродкаў дастаўкі асабістага саставу і грузаў у інтэнданцкіх, харчовых і паліўных тылавых службах, а таксама ў камунальнай гаспадарцы буйных ваенных падраздзяленняў, аэрадромаў, партоў і ваенных гарадкоў. У сістэме выканання пакаранняў ужываліся спецыяльныя аўтамабілі з закрытымі кузавамі для перавозкі арыштаваных і зняволеных (аўтазакі)[34].
Адпускная цана ГАЗ-53-12 складала 3458 рублёў 50 капеек, пры гэтым прыбытак завода складаў 510 рублёў 57 капеек з улікам надбаўкі за Дзяржаўны Знак якасці СССР. ГАЗ-52-04 прыносіў заводу толькі 30 рублёў 81 капейку прыбытку пры кошце ў 2035 руб. 50 кап[35].
Экспарт
У 1967—1991 гады аўтамабілі ГАЗ-53А і 53-12 збіраліся з савецкіх зборачных камплектаў на балгарскім прадпрыемстве «Мадара» у горадзе Шумен. Характэрна, што з пачатку 70-х аўтамабілі балгарскай зборкі абсталёўвалі 80-моцным дызелем вытворчасці варненскага маторабудаўнічага завода «Васіл Колар», якія выпускаліся па ліцэнзіі англійскай фірмы Perkins. У 80-х сярэднегадавы выпуск ГАЗ-53 прадпрыемствам «Мадара» дасягнуў 3000 адзінак.
Асобныя партыі аўтамабіляў збіралі з машынакамплектаў на Кубе.
ГАЗ-53А і яго мадыфікацыі шырока пастаўляўся на экспарт. Першыя партыі на знешні рынак былі адпраўленыя адразу пасля пачатку выпуску — у 1965 годзе, а неўзабаве былі распрацаваны спецыяльныя экспартныя мадыфікацыі ГАЗ-53-50 і ГАЗ-53-70. Аўтамабілі пастаўляліся амаль у 50 краін свету. Пераважна пастаўкі ажыццяўляліся ў ГДР, Венгрыю, Чэхаславакію, Польшчу, Югаславію, Фінляндыю, Кубу, В’етнам, КНДР, Лаос і Манголію. Пастаўлена на экспарт 61 100 машын[36].
У філатэліі
-
ГАЗ-53А на паштовай марцы СССР, 1986 год
-
На паштовай марцы Азербайджана, 2013 год
Крыніцы
- ↑ а б в Целибеев С. Массовый труженик : [об автомобиле ГАЗ-53] // Автозаводец. — 2020. — 2 июля (№ 27). — С. 6. — (Машины времени) (руск.)
- ↑ "«М20. Победа»". №94. «DeAgostini». 2014: 10. ISSN 2305-4026.
{{cite journal}}
:|volume=
мае залішні тэкст (даведка); Шаблон цытавання journal патрабуе|journal=
(даведка) (руск.) - ↑ "«М20. Победа»". №92. «DeAgostini». 2014: 11. ISSN 2305-4026.
{{cite journal}}
:|volume=
мае залішні тэкст (даведка); Шаблон цытавання journal патрабуе|journal=
(даведка) (руск.) - ↑ http://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5201.html (руск.)
- ↑ http://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5203.html (руск.)
- ↑ "«М20. Победа»". №100. «DeAgostini». 2015: 5. ISSN 2305-4026.
{{cite journal}}
:|volume=
мае залішні тэкст (даведка); Шаблон цытавання journal патрабуе|journal=
(даведка) (руск.) - ↑ а б в ГАЗ вместо бензина(руск.) // За рулём : часопіс. — 1985. — № 3. — С. 15.
- ↑ Долгожитель ГАЗ—51 и его преемник ГАЗ—52-04(руск.) // За рулём : часопіс. — 1975. — № 8. — С. 9.
- ↑ http://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5205.html (руск.)
- ↑ http://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5202.html (руск.)
- ↑ Новости. События. Факты. ГАЗ-5206(руск.) // За рулём : часопіс. — 1978. — № 8. — С. 12.
- ↑ http://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5206.html (руск.)
- ↑ http://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5207.html (руск.)
- ↑ http://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5209.html (руск.)
- ↑ http://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5227.html (руск.)
- ↑ НИИАТ 1985, с. 58.
- ↑ "«М20. Победа»". №90. «DeAgostini». 2014: 11. ISSN 2305-4026.
{{cite journal}}
:|volume=
мае залішні тэкст (даведка); Шаблон цытавання journal патрабуе|journal=
(даведка) (руск.) - ↑ "«М20. Победа»". №99. «DeAgostini». 2015: 5-6. ISSN 2305-4026.
{{cite journal}}
:|volume=
мае залішні тэкст (даведка); Шаблон цытавання journal патрабуе|journal=
(даведка) (руск.) - ↑ http://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5301.html
- ↑ http://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5302.html
- ↑ http://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5305.html
- ↑ http://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5307.html
- ↑ а б в НИИАТ 1985, с. 60.
- ↑ http://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5340.html
- ↑ http://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5311.html
- ↑ http://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5314.html
- ↑ http://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5319.html
- ↑ http://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5327.html
- ↑ http://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz53121040.html
- ↑ http://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz52-53.html
- ↑ http://modelist-konstruktor.com/avtosalon/gruzovoj_avtomobil_gaz_53a
- ↑ "«М20. Победа»". №96. «DeAgostini». 2015: 5. ISSN 2305-4026.
{{cite journal}}
:|volume=
мае залішні тэкст (даведка); Шаблон цытавання journal патрабуе|journal=
(даведка) (руск.) - ↑ Грузовой автомобиль ГАЗ-53Ф(руск.) // За рулём : часопіс. — 1962. — № 7. — С. 15.
- ↑ Кочнев Е.Д. Автомобили советской армии 1946-1991. — «Яуза, Эксмо», 2011. — 640 с. — ISBN 978-5-699-46736-5. (руск.)
- ↑ Сколько зарабатывали автозаводы в СССР во времена Перестройки (руск.). машина // zen.yandex.ru (16 чэрвеня 2020). Праверана 26 ліпеня 2020.
- ↑ Советский грузовой экспорт – куда и сколько? (руск.). mpark.pro (3 снежня 2019). Праверана 11 студзеня 2020.
Літаратура
- ГАЗ-52 и другие(руск.) // Грузовик Пресс : часопіс. — 2006. — № 01.
- ГАЗОН: ИСТОРИЯ В КАРТИНКАХ(руск.) // Коммерческий транспорт : часопіс. — 2015. — № 1 (117). — С. 12, 13, 16.
- Наследники «пятьдесят первого» семейства(руск.) // Коммерческий транспорт : часопіс. — 2015. — № 1 (117). — С. 74–79.
- ГАЗ, САЗ и технический прогресс(руск.) // Коммерческий транспорт : часопіс. — 2015. — № 5 (121). — С. 106–111.
- Краткий автомобильный справочник НИИАТ (руск.). — 10-е изд. — М.: Транспорт, 1985. — 220 с.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме ГАЗ-53
- Падабенствы і адрозненні сямействаў ГАЗ-52/53 (руск.)
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |